БЕЛ Ł РУС

У мінскім «Еўраопце» заўважылі электронныя цэннікі

1.08.2026 / 18:32

Nashaniva.com

На навацыю ў адным са сталічных «Еўраоптаў» звярнула ўвагу адна з карыстальніц у Threads, піша Blizko.by. 

«Электронныя цэннікі замест папяровых, кошты будуць мяняцца аўтаматычна. Выглядаюць нязвыкла, такія чорныя экранчыкі», — падзялілася навіной і фота беларуска.

У каментарах дзяўчына ўдакладніла, што пакуль пабачыла такія цэннікі толькі ў «Еўраопце» побач з ЦУМам. Як хутка гэты вопыт распаўсюдзіцца на іншыя крамы сеткі і ці выйдзе за межы сталіцы, пакуль незразумела. Аднак, як адзначылі ў абмеркаваннях, у некаторых краінах Европы і Расіі такія цэннікі заўважалі ўжо даўно.

Беларусы неадназначна адрэагавалі на навіну пра новаўвядзенне. Частка людзей лічыць, што электронныя цэннікі дапамогуць зберагчы паперу і спрасціць працу ў крамах.

Аднак іншыя паставіліся да ідэі скептычна. Некаторыя засумняваліся ў яе экалагічнасці, адзначаючы, што такія прылады ўсё роўна патрабуюць батарэек або іншых крыніц сілкавання.

Некаторыя карыстальнікі выказалі меркаванне, што электронныя цэннікі могуць прыцягнуць увагу зладзеяў, як гэта ўжо здаралася ў Расіі. Іншыя звярнулі ўвагу на тое, што надпісы на такіх таблічках могуць быць занадта дробнымі, што створыць нязручнасці для людзей са слабым зрокам.

Таксама прагучаў і жарт пра магчымую праблему з хуткай зменай цэн: пакупнік можа ўзяць тавар адным коштам, а пакуль дойдзе да касы, ён ужо можа стаць іншым.

Чытайце таксама:

Якія прадуктовыя сеткі з'явіліся і зніклі ў Беларусі ў апошнія гады? Такіх нямала

Следам за «халяльнымі» агуркамі ў продажы з'явіліся такія ж баклажаны

Беларусы абурыліся, што ў «Еўраопце» прадаюць «халяльныя» агуркі

«Еўрагандаль» перафарматоўвае свае крамы «Хіт!» Што будзе замест іх?

Каментары да артыкула