БЕЛ Ł РУС

У Брэсце плануюць стварыць новы парк

12.09.2026 / 15:55

Nashaniva.com

У Брэсце плануюць стварыць новы парк у мікрараёне Дуброўка — у лясным масіве паміж Беларускай вуліцай, завулкам Сасновым і VIII фортам, паведамляе БелТА.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: БелТА

Сёлета тут правядуць падрыхтоўчыя работы: камунальныя службы выдаляць інвазійныя расліны і сухастойныя дрэвы, прыбяруць смецце. Паралельна спецыялісты распрацоўваюць перадпраектную дакументацыю.

Месца ўжо цяпер папулярнае сярод мясцовых жыхароў: па лесе пратаптаныя сцежкі. У будучыні тут хочуць стварыць вялікі парк з дзіцячымі гульнявымі і спартыўнымі зонамі, месцамі для прагулак, пешаходнымі сувязямі і асвятленнем.

Побач знаходзіцца VIII форт, а непадалёк плануецца новая жылая забудова. Таму, па словах старшыні Брэсцкага гарвыканкама Сяргея Лабадзінскага, пасля ўпарадкавання гэта павінна стаць прыемным месцам для адпачынку.

Рэалізаваць праект плануюць у найбліжэйшыя гады. Работы праводзяцца ў межах агульнага ўпарадкавання Брэста, якое працягваецца з 5 верасня да 6 лістапада.

Чытайце таксама:

У Мінску збіраюцца ўзвесці некалькі мастоў

У Мінску пасля маштабнай рэнавацыі адкрыўся Палац шлюбаў на Камуністычнай ФОТЫ

У Мінску пачалі будаваць Казахстанскі квартал для чаргавікоў

Да вёскі пад Гроднам прыбілася знясіленае казуляня. У заапарку паказалі, што з ім цяпер ВІДЭА

Каментары да артыкула