БЕЛ Ł РУС

Вядучы СТБ Раман Пратасевіч пабраўся шлюбам трэцім разам

13.09.2026 / 08:00

Арына Жураўская

Нарэшце нявеста змянілася.

Раман Пратасевіч і Настасся Лабазанава. Скрыншот відэа. Якасць палепшана з дапамогай ШІ

Гэтым разам абранніцай 31‑гадовага Рамана Пратасевіча стала Настасся Лабазанава. Дзяўчына працуе ў сферы медыцыны, але пры гэтым цікавіцца таро і рознай містыкай.

Пазнаёміліся маладыя людзі летась у бары — іх звёў агульны знаёмы. Настасся распавядала, што была ў шоку ад таго, што сядзіць побач з самім Пратасевічам.

Настасся Лабазанава

Пасля пара працягнула размаўляць у сяброўскім чаце. А першую асабістую гутарку ініцыявала дзяўчына — прапанавала абмеркаваць «Бітву экстрасэнсаў».

Сама сябе Настасся называла ведзьмай і распавядала, што будучага жаніха прывабіла чырвонымі трусамі — маўляў, яны неабходны, каб у жыцці было каханне.

Летась на Новы год яна папрасіла ў Рамана такі падарунак: «І праз два месяцы ён зрабіў мне прапанову рукі і сэрца. Вось так».

Раней пара распавядала, што збіраецца паклікаць на вяселле каля 20 самых блізкіх чалавек. Агучвалі і бюджэт — не менш за 6 тысяч даляраў.

Раман Пратасевіч і Настасся Лабазанава

Хацелі паспець распісацца да канца лета, але ў выніку дайшлі да ЗАГСу восенню — на Дзень горада Мінска, 12 верасня.

Нявеста перад вяселлем паспела яшчэ з'ездзіць адпачыць у Германію. Раман сабе адпачынак у Еўропе дазволіць не можа са зразумелых прычын.

Раман Пратасевіч і Настасся Лабазанава

Весці свята даверылі былому прапаршчыку 14‑га палку ўрадавай сувязі КДБ, а цяпер праўладнаму блогеру Антону Шабуневічу.

Паколькі вяселле адбылося ў Дзень горада, Раман і Настасся пайшлі бясплатна глядзець салют на Нямігу.

Раман Пратасевіч і Настасся Лабазанава. Скрыншот відэа. Якасць палепшана з дапамогай ШІ

Можа, яшчэ і канцэрт Акмаля паслухалі перад гэтым, які выступаў ля Палацу спорту.

Для Рамана гэта ўжо трэці шлюб. Першыя два разы ён быў жанаты з Маргарытай Грыцкевіч. Тая таксама мела медыцынскую адукацыю і нейкі час працавала ў аптэцы правізарам, а яшчэ як і Настасся цікавілася таро. 

Лабазанава скардзілася ў інстаграме, што былая жонка і яшчэ адна былая дзяўчына Пратасевіча пагражалі ёй, калі Настасся чарговым разам сядзела ў бары з Раманам. Экс-каханыя быццам бы сцвярджалі, што сэрцаед кінуў цяжарную ад яго дзяўчыну. Але Настасся ўпэўнена, што гэта хлусня. 

Сам Раман тую гісторыю ніяк не каментаваў.

Чытайце таксама:

Пратасевіч зноў жэніцца — цяпер з таролагам Настассяй, якая працавала ў элітным медцэнтры «Мерсі»

Былыя жонка і дзяўчына Пратасевіча аб’ядналіся і прыйшлі да яго новай нявесты, каб адпомсціць. І пагражаюць судом

Пратасевіч падзяліўся, колькі грошай яму трэба на вяселле

«Я сяджу з Пратасевічам. Піпец!» Нявеста Рамана Пратасевіча расказала гісторыю іх знаёмства

«Дзяўчаты, гэта рэальна працуе!» Нявеста Пратасевіча расказала, як прываражыла будучага мужа чырвонымі трусамі

Каментары да артыкула