Грамадства1919

«Соевыя экстрэмісты павінны адпрацаваць міску клубніц». Скардзіўся на ўмовы працы ў КДБ, а цяпер уцюхвае трэнінгі сілавікам — хто такі Антон Шабуневіч

Карыстальнікі сацсетак апошнім часам маглі заўважыць кантэнт ад акаўнта zdes.by. Гэта нібыта новае медыя, але вылучаецца яно не эксклюзіўным зместам, а толькі бруднымі каментарамі і абразамі ў бок чытачоў. Стваральнік праекта — маладзечанец Антон Шабуневіч. Ён пазіцыянуе сябе майстрам на ўсе рукі — і вядучы, і актор, і выкладчык, і блогер, і бізнэсмен, і эксперт у галіне адносін, і вясельны фатограф, і трэнер па харызме.

Але пра ўсё па парадку.

Антон Шабуневіч. Тут і далей — фота з сацыяльных сетак

Скардзіўся на заробкі ў КДБ, але ёсць нюанс

Антону Шабуневічу 40 гадоў, ён нарадзіўся і вырас у Маладзечне ў сям’і мастакоў. Згодна з інфармацыяй Belpol, акрамя сярэдняй школы, ён нічога не заканчваў (калі не ўлічваць розныя кароткатэрміновыя курсы).

Мужчына служыў у войску ў якасці вайсковага сувязіста. З той старонкай біяграфіі звязаная вясёлая гісторыя.

У 2012 годзе Шабуневіч на сваёй старонцы ва «УКантакце» напісаў жаласлівы пост пра нягоды працы ў шэрагах КДБ — маўляў, плацяць мала, няма ні кватэры, ні машыны, сацсеткамі нармальна карыстацца нельга, у Еўрасаюз свабодна не пакатаешся.

25‑гадовы малады чалавек расказаў, што праз букет такіх прычын ён сыходзіць са службы і плануе паступіць на факультэт журналістыкі БДУ з надзеяй, што «звальненне з КДБ ніяк не адаб’ецца на ягоным жыцці».

Пост Шабуневіча нарабіў шуму ў беларускай інфапрасторы. Праўда, неўзабаве «СБ. Беларусь сёння» адрапартавала, што насамрэч маладзечанец ніколі не значыўся ў аператыўнай працы КДБ, а быў прапаршчыкам у 14‑м палку ўрадавай сувязі КДБ, займаючы пасаду начальніка радыёстанцыі. А яшчэ раней быў тэхнікам па рамонце ахоўных сігналізацый.

Сам Шабуневіч пасля калонкі на «СБ» забраў свае словы пра датычнасць да КДБ назад: маўляў, ён сапраўды проста служыў чатыры гады ў войску. І мундзір не хацеў здымаць, бо вайсковая служба была яго школьнай марай, але яе хутка выцесніў журфак.

З журфакам, праўда, таксама не склалася. І месцы працы мяняліся як пальчаткі: то сэрвісны цэнтр па рамонце побытавай тэхнікі, то сельскі дом культуры, то адміністраванне сайта ў Мінскім абласным драмтэатры.

А чым яшчэ займаўся?

У 2020‑м Шабуневіч вырашыў, што мае талент аратара і адкрыў тэматычны клуб у родным горадзе на вядомай стрыт-вуліцы. Праўда, выглядае, што справа абмежавалася парай сустрэч. Потым паспрабаваў сябе ў здымцы відэа і фота — love story, вяселляў і дзён народзінаў, але нешта і тут пайшло не так.

Пасля гэтага Шабуневіч згадаў свае навыкі адміністравання сайта, атрыманыя ў абласным тэатры, і вырашыў дзяліцца імі з іншымі. У 2021‑м ён ужо зарэгістраваў «вэб-студыю Антона Шабуневіча ZDES.BY».

Урэшце яго сайт і сацсеткі пераарыентаваліся на навіны Беларусі і, як Шабуневіч сам фармулюе, «прапаганду нашай краіны».

Пры тым, што ў 2022‑м інтэрнэт-маркетолаг выхваляўся, што нарэшце трапіў у фінансавы струмень ды мае больш за 300 кліентаў. Паралельна ён упісваўся ва ўсе магчымыя марафоны і курсы, не страчваючы магчымасці засвяціцца медыйна — ці то выступ у тэатральнай студыі, візіт на дзяржтэлебачанне для здымак дыскусіі пра месца жанчын ці аповед пра ўласны досвед пахудзення «Анлайнеру».

Шабуневіч паспеў ажаніцца і займець дваіх дзяцей. Праўда, шлюб доўга не пратрымаўся, і пара развялася.

На сайце «Усекастынгі.ру» Шабуневіч апісаў свой жыццёвы досвед у якасці канкурэнтнай перавагі: «Ёсць гісторыі праз суд за дзяцей (права на камунікацыю) ці гісторыя, як дзяўчына (20 гадоў) пайшла ад мяне да мужа (36 гадоў) сваёй сястры (30 гадоў)».

З такім багажом ведаў пра стасункі Шабуневіч запусціў Мужчынскі клуб, дзе вёў хуткія спатканні, сваю ж самотнасць тлумачыў тым, што ён сканцэнтраваны на самаразвіцці, і для яго цяпер гэта прыярытэт.

Калаж для артыкула на «Анлайнеры» пра пахудзенне мужчыны.
Шабуневіч у шоу «Кропкі над «і»» на СТБ

«Я спатрэбіўся нашай краіне»

Шабуневіч тлумачыць сваю рэзкую пераарыентацыю з «фінансавых патокаў» у маркетынгу ў бок прапаганды і блогерства тым, што ён «спатрэбіўся краіне».

«Я спатрэбіўся нашай краіне, нашай сістэме адукацыі, каб рабіць круты і яркі піяр на ўзроўні. Ёсць запыт на патрыятызм — у тым ліку, на тое, каб паказваць моцныя бакі нашай краіны», — расказваў ён у адной з перадач на дзяржтэлебачанні.

Праўда, больш падобна, што ён проста скарыстаўся актуальнай сітуацыяй, калі частка блогераў была выкашана ці «нармалізаваная» за палітычную «нявернасць». 

За мінулы год Шабуневіч паспеў атрымаць падзякі ад Дзяржаўнага памежнага камітэта, начальніка ГУУС Мінгарвыканкама, ад 38‑й гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады.

А нядаўна пахваліўся чарговым дыпломам — зноў ад сяброў-сілавікоў: блогер заняў першае месца на рэспубліканскім конкурсе на найлепшае асвятленне дзейнасці МУС у намінацыі «На варце online».

Блогер падпрацоўвае і вядучым. Прычым сам сябе ён пазіцыянуе найперш як «дзяржаўны вядучы». Самыя частыя яго кліенты — чыноўнікі, сілавікі, а таксама іх дзеці. Дарэчы, свае паслугі ён ацэньвае на 1200 рублёў за шэсць гадзін працы.

З такой жа ўпэўненасцю ён ладзіў вечары па стаянні на цвіках і працы з метафарычнымі картамі, праводзіў псіхалагічныя рэтрыты, запусціў чарговы аратарскі клуб, хадзіў па навучальных установах з антынаркатычным трэнінгам, вучыў стылю і паводзінам для шчаслівых стасункаў. Не паспеў Шабуневіч скончыць курсы па акцёрскім майстэрстве, як ужо запусціў свой курс. Дадаткова ён называе сябе найлепшым вядучым Беларусі і прапаноўвае паслугі па пошуку харызмы — так, на гэтую тэму ў яго таксама ёсць трэнінг.

«Соевыя экстрэмісты павінны адпрацаваць міску клубніц і ложак у польскім інтэрнаце»

Свой праект «Беларусь Тут» (zdes.by) Шабуневіч прасоўвае ва ўсіх папулярных у беларусаў сацсетках, а таксама сяк-так абнаўляе аднайменны сайт.

«Той самы праект, дзякуючы якому рэпутацыя нашай краіны расце, як на рэспубліканскім, так і на міжнародных узроўнях», — не скупіцца Шабуневіч на кампліменты самому сабе. 

Праўда, вялікая частка кантэнту на яго пляцоўках — гэта скрадзены кантэнт з іншых паблікаў і аўтарскіх акаўнтаў.

Тых, хто не падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, у каментарах ён называе «соевымі змагарамі».

Так галоўны рэдактар праекта камунікуе з аўдыторыяй і абыходзіцца з нялюбымі каментарамі.

Знаёмыя блогера, да якіх звярнулася «Наша Ніва», у адзін голас адзначаюць, што «Беларусь Тут» — гэта пустышка, як і многія іншыя праекты Шабуневіча.

«Усе відэа праекта, якія стварае Антон, набіраюць мінімум лайкаў, страляе толькі крадзены ў іншых блогераў ці пляцовак кантэнт. Ён строіць з сябе паспяховы поспех, але я не думаю, што мы нават пачулі б пра яго, калі б у Беларусі працавалі рэпрэсаваныя сапраўды класныя вядучыя, блогеры і медыя», — каментуе суразмоўца.

Нават гэтая «пазіцыя», якая цягне на распальванне варожасці — гэта цалкам скрадзены допіс

Каментары19

  • Карыта з крынжам
    02.06.2026
    Глядзі, народ, Ябацька-Тэйт!

    На наступным тыдні: Ябацька- Хасан Пайкер
  • Ахахах
    02.06.2026
    Чарговы балван ваздухан. Хай ідзе ў прапагандоны, там такія рэдкія кадры вастрабаваныя.
  • Нецікава
    02.06.2026
    Порткі праз яйкі сціснулі мозг чалавеку, пашкадуйце балезнага

Цяпер чытаюць

Кватэры ў новабудоўлі ў цэнтры Гродна распрадалі за лічаныя хвіліны, але толькі зірніце, што там набудавалі

Кватэры ў новабудоўлі ў цэнтры Гродна распрадалі за лічаныя хвіліны, але толькі зірніце, што там набудавалі

Усе навіны →
Усе навіны

У Расіі пачалі рыхтаваць насельніцтва да прызнання немагчымасці перамогі над Украінай23

Крык хлопчыка ў Копішчы аб’яднаў двор6

У Беларусі хочуць дазволіць замежным грамадзянам служыць у войску па кантракце39

Пад Мінскам прадаюць дом з уласнай прыстанню. Ёсць і вінны склеп. Пра цану можна паспрачацца2

Пра што ішла размова на сустрэчы Ціханоўскай і Стармера10

У цэнтры Мінска заўважылі шалёны рой мух7

Былы добраахвотнік «Кусь» пагаліўся ў падтрымку «Лахвіча»9

У сацсетках пішуць, што ў Слуцку ўпаў расійскі «Шахед». Улады маўчаць12

Таццяна Кім распавяла, якім бізнэсам занялася б сёння, калі б ёй было 18 гадоў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кватэры ў новабудоўлі ў цэнтры Гродна распрадалі за лічаныя хвіліны, але толькі зірніце, што там набудавалі

Кватэры ў новабудоўлі ў цэнтры Гродна распрадалі за лічаныя хвіліны, але толькі зірніце, што там набудавалі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць