На тэрыторыі Беларусі выявілі чатыры рэтранслятары для расійскіх дронаў
На працягу мінулага і гэтага тыдня на тэрыторыі Беларусі ў раёнах населеных пунктаў Хойнікі, Дзербінка і Махнавічы Мазырскага раёна і Буда-Сафіеўка Лельчыцкага раёна былі выяўленыя чатыры рэтранслятары, якія забяспечвалі сувязь і кіраванне рэактыўнымі беспілотнымі лятальнымі апаратамі, паведамляе ўкраінскі маніторынгавы канал «єРадар».
На карце пазначанае прыблізнае размяшчэнне ўсіх чатырох выяўленых рэтранслятараў
Разгорнутая сетка рэтранслятараў значна павялічыла далёкасць палёту беспілотнікаў і дазволіла ім дасягаць тэрыторыі каля польскай мяжы.
Паводле наяўнай інфармацыі, менавіта дзякуючы гэтым рэтранслятарам аператары маглі кіраваць беспілотнікамі ў рэжыме рэальнага часу. Як сцвярджаецца, гэта дазволіла нанесці ўдары па цягніку і заправачных станцыях паблізу польскай мяжы.
Звяртаецца ўвага і на адлегласць ад аднаго з выяўленых рэтранслятараў: ад апошняга зафіксаванага ў раёне Буды-Сафіеўкі да цэнтра Валынскай вобласці Луцка — крыху больш за 250 кіламетраў.
Пытанне беларускіх рэтранслятараў ужо ўздымалася ўкраінскімі ўладамі раней. 21 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што яго публічнае патрабаванне да Мінска дэмантаваць абсталяванне, якое расійскія вайскоўцы выкарыстоўваюць для атак па Украіне, стала апошнім этапам. Да гэтага, паводле яго слоў, Кіеў неаднаразова праз разведвальныя каналы перадаваў Аляксандру Лукашэнку інфармацыю аб неабходнасці спыніць тэхнічную падтрымку гэтай сістэмы.
24 чэрвеня Зяленскі паведаміў, што рэтранслятары ў Беларусі, якія выкарыстоўваліся для карэктавання ўдараў расійскага войска па Украіне, больш не працуюць.
Аднак 30 чэрвеня былы галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Аляксандр Сырскі заявіў, што гэтыя рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі не былі дэмантаваныя. Апошнім часам жа прадстаўнікі розных украінскіх службаў заяўляюць, што гэтыя рэтранслятары актывізаваліся і ў тым ліку дапамагаюць расійскім дронам атакаваць заходнія вобласці Украіны.
Чытайце таксама:
Ва Украіне звязалі расійскія атакі на свае заходнія вобласці з рэтранслятарамі на тэрыторыі Беларусі
На поўдні Беларусі зноў запрацавалі рэтранслятары для навядзення расійскіх дронаў
Дарадца Мінабароны Украіны: Рэтранслятары ў Беларусі ўсё адно выкарыстоўваюцца для атак на Украіну