Беларусы прыдумалі, як штучна разводзіць рачных ракаў
Беларускія навукоўцы распрацавалі тэхналогію прамысловага развядзення рачных ракаў у закрытых басейнах. Спецыялісты Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі стварылі інкубацыйную ўстаноўку, якая, паводле распрацоўшчыкаў, дазваляе павысіць захаванасць лічынак да 90%. Гэта можа стварыць умовы для вырошчвання ракаў у вялікіх аб'ёмах на спецыялізаваных фермах, піша выданне Fishingby.
Фота ілюстрацыйнае
Развядзенне ракаў лічыцца складанай задачай, бо гэтыя жывёлы адчувальныя да тэмпературы і якасці вады. Асноўная ўвага навукоўцаў была нададзеная найбольш уразліваму этапу — пераходу ад ікры да маладога рака.
У прыродзе выношванне ікры можа доўжыцца каля васьмі месяцаў. Даследчыкі плануюць праводзіць інкубацыю пры тэмпературы каля 18 градусаў і скараціць гэты тэрмін прыкладна да трох месяцаў. Калі разліковыя паказчыкі пацвердзяцца, тэхналогія дазволіць хутчэй атрымліваць маладняк і перайсці да прамысловых аб'ёмаў вытворчасці.
Распрацоўка працягвалася каля 20 гадоў, у ёй удзельнічалі некалькі пакаленняў навукоўцаў і студэнтаў акадэміі. Цяпер тэхналогія праходзіць патэнтаванне, якое плануюць завяршыць вясной.
Першапачаткова даследчыкі засяродзіліся на развядзенні вузкапалага рака, колькасць якога ў беларускіх вадаёмах за апошнія гады прыкметна скарацілася. Пасля яны хочуць заняцца і шырокапалым ракам, занесеным у Чырвоную кнігу Беларусі. Прамысловае развядзенне жывёл можа спрыяць не толькі развіццю аквакультуры, але і аднаўленню прыродных папуляцый.
Яшчэ адзін перспектыўны кірунак — сумеснае вырошчванне ракаў і рыбы ў рыбаводных сажалках. Гэта дазволіць выкарыстоўваць ужо наяўную інфраструктуру гаспадарак і адначасова атрымліваць дадатковую прадукцыю.
Наступная задача навукоўцаў — перайсці ад лабараторных эксперыментаў да практычнага ўкаранення распрацоўкі. Паводле іх ацэнак, ракі, вырашчаныя ў Беларусі, пры стварэнні прамысловых фермаў змогуць канкурыраваць па цане з імпартнай прадукцыяй.
Чытайце таксама:
Японскія крэветкі захапілі дэльту Дуная і пачалі выцясняць ракаў
Італія мабілізуе армію васьміногаў на барацьбу з блакітнымі крабамі