БЕЛ Ł РУС

«Yes, soon!» Былая палітзняволеная расказала пра словы, з якімі лягчэй выжываць у калоніі

18.09.2026 / 17:41

Nashaniva.com

Гэтую гісторыю блогеру Ігару Лосіку ўчора расказала дзяўчына, якую вызвалілі 16 верасня.

Джон Коўл. Фота: Yauhen Yerchak / Anadolu via Getty Images

Пасля першага буйнога вызвалення палітвязняў год таму дзяўчаты ў жаночай калоніі ў Гомелі пачалі жыць надзеяй. У снежні вызвалілі Марыю Калеснікаву і іншых дзяўчат. У сакавіку — яшчэ адну партыю.

Усе на лагеры жылі гэтай матэматыкай: Коўл прыязджае прыблізна раз на тры месяцы. Значыць, хутка і мы. Слова «Коўл» стала ў калоніі амаль магічным. Любая навіна, ліст, чутка — абы там было прозвішча Коўл.

Аднойчы камусьці ў лісце напісалі, што Джон Коўл у маі прыляціць у Беларусь і збярэ 1000 чалавек на пратэстанцкі фестываль. Дзяўчаты пачалі думаць: «Тысяча чалавек? Гэта ж, напэўна, зашыфраванае паведамленне. Коўл збіраецца вызваліць тысячу палітвязняў!»

А потым па тэлевізары ўбачылі, што ў Мінску сапраўды сабраліся тысячы вернікаў, Франклін Грэм і жонка Коўла. Аказалася, усё было літаральна, ніякага шыфру. Сумна, але надзея нікуды не дзелася.

Навіны ў лагер траплялі рознымі шляхамі — праз лісты, размовы, спатканні.

І вось аднойчы хтосьці з волі прынёс такую чутку: Джона Коўла запыталіся ў твітары, калі ён прыедзе ў Мінск. Адказ: Soon!

І тут пачалося найцікавейшае. Што такое soon? Праз тры дні? Праз тыдзень? Праз месяц? Ці гэта такое амерыканскае «хутка», якое можа азначаць увогуле што заўгодна?

А потым Коўлу задалі яшчэ адно пытанне: «Ці хутка выйдуць яшчэ палітычныя зняволеныя?» І ён адказаў: Yes!

Усё. Гэтага было дастаткова. У жаночай калоніі нарадзіўся свой флэшмоб.

— Калі пойдзем у бібліятэку?

— Soon!

— Пап’еш са мной кавы? — Yes!

— У цябе будзе працяглае спатканне? Калі?

— Yes, soon!

Смяяліся. Жартавалі. Таму што часам у калоніі жарт — гэта проста спосаб не вар'яцець ад чакання. Дзяўчаты вырашылі пасля вызвалення нават зрабіць свой мерч з Джонам Коўлам і словамі yes, soon!

На сёння на Антошкіна ў Гомелі знаходзяцца каля ста жанчын, прызнаных палітычнымі зняволенымі. І яны працягваюць чакаць. Ловяць літаральна кожную чутку, якая да іх даходзіць праз сцены і калючы дрот. Кожнае «хутка». Хутчэй бы гэтае «хутка» надышло.

Чытайце таксама:

«Назаву хоць зайцамі». Джон Коўл патлумачыў, што трэба зрабіць, каб вызваліць новых палітвязняў

«Я зразумеў за гэтыя шэсць гадоў, што вельмі шчаслівы чалавек». Андрэй Аляксандраў расказаў пра вызваленне і першую сустрэчу з жонкай

Літоўская стаматалогія за гадзіну адгукнулася дапамагчы беларусам. Невядомыя гісторыі першага дня вызваленых палітвязняў

Коўл спадзяецца, што Лукашэнка вызваліць у наступным месяцы яшчэ сотні зняволеных

Вячорка: Не тая лічба, якая анансавалася, але думаю, што гэта яшчэ не канец

Хто з палітвязняў выйшаў на свабоду 16 верасня ПОЎНЫ СПІС

Каментары да артыкула