БЕЛ Ł РУС

«Трамп закрыў YouTube у Амерыцы? Не». Міністр інфармацыі выказаўся пра магчымасць блакавання YouTube у Беларусі

19.09.2026 / 20:44

Nashaniva.com

Міністр інфармацыі Беларусі Дзмітрый Жук у эфіры праграмы «Клуб рэдактараў» на тэлеканале «Беларусь 1» выказаўся пра магчымасць блакавання YouTube у Беларусі ў адказ на новыя выдаленні каналаў беларускіх прапагандыстаў.

Дзмітрый Жук. Фота: БелТА

Па словах Жука, у гэтай сітуацыі важна ўлічваць некалькі момантаў. Ён заявіў, што Беларусь, на яго думку, спрабуюць справакаваць на пэўныя дзеянні, і было б «вялікай памылкай» рабіць тое, на што яе падштурхоўваюць.

«Першы аспект, які нам трэба разумець, — нас правакуюць на пэўныя крокі. І будзе найбольшай памылкай паддацца на правакацыю і зрабіць тыя крокі, на якія нас правакуюць», — гаворыць Дзмітрый Жук.

Міністр назваў YouTube «недружалюбнай платформай» і заявіў, што дзеянні платформы з прававога і іншых пунктаў гледжання ён лічыць «чыстым пірацтвам».

Пры гэтым Жук адзначыў, што беларускія дзяржаўныя СМІ нібыта навучыліся працаваць у такіх умовах і захоўваюць сваю аўдыторыю. Паводле яго, рашэнні адносна інфармацыйнай сферы трэба прымаць зыходзячы з інтарэсаў дзяржавы і патрэб грамадства, а не пад ціскам знешніх абставін.

Гаворачы пра блакаванні і выдаленні кантэнту, Жук прывёў у прыклад прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Ён нагадаў, што YouTube выдаліў яго канал, пасля чаго ў судовым працэсе з платформы былі спагнаныя значныя сродкі.

«Трамп закрыў YouTube у Амерыцы? Не», — сказаў міністр.

Раней у падобным стылі Дзмітрый Жук выказваўся пра магчымасць блакавання ў Беларусі Youtube у красавіку, неўзабаве пасля свайго прызначэння.

Чытайце таксама:

Міністр Жук у сваім выступе на калегіі Мінінфарма пераходзіў з рускай мовы на беларускую

Сын беларускамоўнага пісьменніка, калісьці быў прэс-сакратаром Лукашэнкі. Пяць фактаў пра новага міністра інфармацыі

Новы міністр інфармацыі адказаў, ці будуць у Беларусі блакаваць YouTube

Каментары да артыкула