БЕЛ Ł РУС

Былы палітвязень Андрэй Аляксандраў атрымаў міжнародную прэмію

29.09.2026 / 21:50

Nashaniva.com

Медыяменеджар і былы палітвязень Андрэй Аляксандраў атрымаў прэмію Free Media Awards 2026. Узнагароду яму ўручылі на цырымоніі ў Музеі Мунка ў Осла, паведамляе выданне «Позірк».

Андрэй Аляксандраў (злева) у Осла з палітычным аналітыкам Аляксандрам Класкоўскім, які атрымаў гэтую самую прэмію ў 2014 годзе. Фота з фэйсбук-старонкі Аляксандра Класкоўскага

Падчас свайго выступу Аляксандраў нагадаў, што незалежная журналістыка фактычна выцясняецца з Беларусі. Беларускія журналісты сутыкаюцца з рэпрэсіямі: частка з іх апынаецца за кратамі, іншыя вымушаныя працаваць у выгнанні.

Андрэй Аляксандраў адзначыў, што незалежныя медыя працягваюць працу, бо свабоднае слова мае жыццёва важнае значэнне для грамадства. Паводле яго, задача журналістаў — збіраць і правяраць факты, адрозніваць іх ад прапаганды і дапамагаць людзям атрымліваць аб'ектыўную інфармацыю.

Атрымліваючы ўзнагароду, ён прысвяціў яе сваім калегам, якія працягваюць журналісцкую працу ў выгнанні або знаходзяцца ў зняволенні. Аляксандраў таксама нагадаў, што ў Беларусі па-ранейшаму застаюцца за кратамі 15 прадстаўнікоў медыясферы.

Пра тое, што Аляксандраў абвешчаны лаўрэатам прэміі Free Media Awards 2026 года, стала вядома 4 верасня, калі сам ён быў яшчэ за кратамі. Арганізатары прэміі — Фонды Fritt Ord і Zeit Stiftung Bucerius — падкрэслілі, што сваёй папярэдняй працай у БелаПАН і Беларускай асацыяцыі журналістаў той «дапамог умацаваць прафесійныя стандарты журналістыкі, падтрымаць незалежныя СМІ і пабудаваць міжнародныя сеткі журналістаў і праваабаронцаў».

Разам з Аляксандравым узнагародай уганараваны кіраўнік аддзела журналісцкіх расследаванняў выдання «Украінская праўда» Міхаіл Ткач (у персанальнай якасці), рэдакцыі грузінскага выдання iFact, армянскага тэлеканала Factor TV і расійскага незалежнага выдання «Верстка».

Беларускія журналісты рэгулярна становяцца лаўрэатамі прэміі. У 2021 годзе ўсе ўзнагароды Free Media Awards былі прысуджаны толькі прадстаўнікам Беларусі ў знак салідарнасці з разгромленымі незалежнымі СМІ. Тады лаўрэатамі сталі партал tut.by, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Кацярына Барысевіч, Наталля Лубнеўская, Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева.

Чытайце таксама:

Андрэй Аляксандраў: За кратамі я ведаў, што беларуская журналістыка працуе, і таму спакойна збіваў паддоны

«Я зразумеў за гэтыя шэсць гадоў, што вельмі шчаслівы чалавек». Андрэй Аляксандраў расказаў пра вызваленне і першую сустрэчу з жонкай

У Вільні сустрэлі вызваленых палітвязняў ВІДЭА

Каментары да артыкула