Палітзняволены журналіст Андрэй Аляксандраў стаў лаўрэатам Free Media Awards
Журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў, які знаходзіцца ў турме ў Беларусі, быў абраны прэтэндэнтам на прэмію Free Media Awards за сваю мужнасць і адданасць свабодзе прэсы і свабодзе выказвання меркаванняў ва ўмовах усё больш рэпрэсіўнага рэжыму, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.

4 верасня 2026 года фонды Fritt Ord і ZEIT STIFTUNG BUCERIUS абвесцілі лаўрэатаў прэміі Free Media Awards. У спіс увайшоў беларускі палітычны вязень Андрэй Аляксандраў.
«Дзякуючы сваёй працы ў незалежным беларускім інфармацыйным агенцтве БелаПАН і Беларускай асацыяцыі журналістаў, ён дапамог умацаваць прафесійныя стандарты журналістыкі, падтрымаць незалежныя СМІ і пабудаваць міжнародныя сеткі журналістаў і праваабаронцаў», — зазначыў аргкамітэт прэміі.
Разам з беларусам узнагароду атрымаюць кіраўнік аддзела журналісцкіх расследаванняў «Украінскай праўды» Міхайла Ткач, грузінскае выданне iFact, ерэванскі тэлеканал Factor TV і незалежнае расійскае анлайн-выданне «Вёрстка».
Цырымонія ўручэння прэміі Free Media Awards адбудзецца ў Музеі Мунка ў Осла 29 верасня 2026 года.
Хто такі Андрэй Аляксандраў
Ён нарадзіўся ў 1978 годзе ў расійскім Ніжнім Тагіле ў сям’і вайскоўца, але з дзяцінства жыў у Паставах на Віцебшчыне. Пасля школы скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, але ўрэшце засяродзіўся на журналістыцы. Кар’еру пачынаў у наваполацкай газеце «Хімік», дарос да намесніка дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Цягам 2009—2012 гадоў быў у кіраўніцтве Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Атрымаў і міжнародны досвед: мае ступень магістра медыяменеджменту Вэстмінстэрскага ўніверсітэта ў Лондане, працаваў у праваабарончых арганізацыях Index on Censorship і Article 19. Нягледзячы на добрыя перспектывы за мяжой, вярнуўся ў Беларусь, цягам 2015—2018 гадоў быў у дырэктараце БелаПАН, затым перайшоў на дамову як медыякансультант.
Андрэй Аляксандраў быў арыштаваны за сваю працу ў 2021 годзе. 6 кастрычніка 2022 года суддзя Мінскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка у закрытым рэжыме прызначыў медыяменеджару 14 гадоў пазбаўлення волі і штраф памерам больш за 10 тысяч долараў у эквіваленце. Журналіст прызнаны палітычным вязнем.
Што такое Free Media Awards
Прэмія Free Media Awards — гэта нямецка-нарвежская ўзнагарода для журналістаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Яе заснавалі фонды Fritt Ord і ZEIT-Stiftung Ebelin und Gerd Bucerius. У многіх краінах Усходняй Еўропы СМІ зазнаюць вялікі ціск. З дапамогай гэтай прэміі фонды хочуць заахвоціць журналістаў і сродкі масавай інфармацыі працягваць сваю працу і ўмацаваць іх волю не паддавацца запалохванню цэнзурай і супрацьстаяць самацэнзуры. Ад трох да шасці ўзнагарод штогод уручаюць журналістам і рэдакцыям, якія ўзмацняюць незалежную журналістыку і дапамагаюць грамадству атрымліваць дакладную інфармацыю нават ва ўмовах ціску і цэнзуры.
У розныя гады прэмію атрымлівалі беларускія выданні: «Брестский курьер», «Белорусская деловая газета», «Народная воля», «Белорусы и рынок», Intex-press, «Витебский курьер», «Салідарнасць», «Наша Ніва», CDMag, «Газета Слонімская», «Ежедневник», «Новы час», «Борисовские новости», «Беларускі партызан», Reform, інфармагенцтва БелаПАН, партал TUT. by, Беларускі расcледавальніцкі цэнтр, Беларуская асацыяцыя журналістаў. А таксама лаўрэатамі станавіліся айчынныя журналісты Святлана Калінкіна, Марына Коктыш, Валер Карбалевіч, Аляксандр Класкоўскі, Кацярына Барысевіч, Кацярына Андрэева, Дар’я Чульцова, Наталля Лубнеўская, Ларыса Шчыракова.
Цяпер чытаюць
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары