БЕЛ Ł РУС

У Мінсувязі патлумачылі, пры якіх умовах «Белтэлекам» можа выйсці на рынак мабільнай сувязі

24.11.2026 / 21:54

Nashaniva.com

Дзяржаўны аператар «Белтэлекам» можа выйсці на рынак мабільнай сувязі ў 2027 годзе, калі вырашыць галоўнае пытанне — як пазіцыянаваць свае паслугі. Пра гэта заявіў першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Павел Ткач пасля выступлення на канферэнцыі A1 Tech Day — 2026, піша Office Life.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Белтэлекам»

Паводле слоў чыноўніка, пэўная тэхнічная гатоўнасць да запуску ў «Белтэлекама» ўжо ёсць. Аднак рынак мабільнай сувязі ў Беларусі вельмі насычаны: частка карыстальнікаў даўно мае па дзве SIM-карты. Таму кампаніі недастаткова проста пачаць працаваць у гэтым сегменце — неабходна вызначыцца, чым яна будзе адрознівацца ад іншых аператараў.

У Міністэрстве сувязі падтрымліваюць планы «Белтэлекама» дыверсіфікаваць бізнэс, бо рынак мабільнай сувязі значна больш дынамічны і маштабны за сегмент стацыянарнай тэлефаніі. Ткач выказаў спадзяванне, што калі кіраўніцтва кампаніі паабяцала запусціць паслугу ў наступным годзе, то выканае свае абяцанні. Пры гэтым у ведамстве не вызначалі для прадпрыемства строгіх тэрмінаў: у яго ёсць уласны бізнэс-план.

Пра намеры «Белтэлекама» выйсці на рынак мабільнай сувязі ў 2027 годзе гаварылі і 11 лістапада на сустрэчы старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергеенкі з кіраўніцтвам і супрацоўнікамі Мінскай гарадской тэлефоннай сеткі — філіяла кампаніі. Сергеенка выказаў упэўненасць, што ў наступным годзе кампанія стане нацыянальным аператарам мабільнай сувязі. Дырэктар філіяла Эдуард Белакурскі пацвердзіў гэтыя планы і заявіў, што на прадпрыемстве чакаюць рэалізацыі праекта.

Ліцэнзію на аказанне паслуг мабільнай сувязі «Белтэлекам» атрымаў ад Міністэрства сувязі яшчэ ў студзені 2022 года. Аднак камерцыйны запуск неаднаразова пераносілі. Спачатку яго планавалі на 2023 год, затым — на канец 2024-га, пазней гаворка ішла пра першую палову 2026 года.

За гэты час кампанія разглядала розныя варыянты выхаду на рынак: ад набыцця аднаго з дзейных аператараў да стварэння віртуальнага аператара на базе сеткі beCloud.

У чэрвені 2025 года «Белтэлекам» закупляў уласнае ядро сеткі з падтрымкай 4G і 5G. Гэтая сістэма адказвае за працу SIM-картаў, улік абанентаў і злучэнне званкоў. Радыёсетку для працы павінна была забяспечыць кампанія beCloud.

Запуск планавалася правесці ў два этапы: спачатку прапанаваць кліентам мабільны інтэрнэт, а затым галасавую сувязь. Асноўны акцэнт меркавалася зрабіць на пакетных прапановах, якія аб'ядноўвалі б мабільныя паслугі з хатнім інтэрнэтам.

Паводле звестак Міністэрства сувязі, на канец трэцяга квартала 2026 года агульная колькасць абанентаў трох беларускіх мабільных аператараў — МТС, А1 і life:) — складала 12,126 мільёна.

Чытайце таксама:

«Белтэлекам» збіраецца выйсці на рынак мабільнай сувязі ў наступным годзе

«За што я плачу грошы?» Беларус паскардзіўся на хуткасць інтэрнэту ад «Белтэлекама», і ён такі не адзін

«Месячны плацеж пацягне на 340 рублёў». Што будзе ў Беларусі з мабільным інтэрнэтам?

«Белтэлекам» плануе выйсці на рынак сотавай сувязі ў 2026 годзе

Каментары да артыкула