«Месячны плацеж пацягне на 340 рублёў». Што будзе ў Беларусі з мабільным інтэрнэтам?
У рэдакцыю выдання «Анлайнер» паступіла мноства паведамленняў ад беларусаў, якія абмяркоўваюць будучае новаўвядзенне. Гаворка ідзе пра «пачатковы аб'ём паслуг перадачы даных без абмежавання хуткасці», які фігуруе ў пастанове Міністэрства сувязі і інфарматызацыі ад 22 снежня 2025 года №38. Ён складае 30 ГБ у месяц без абмежавання хуткасці, якая затым зніжаецца да 1 Мбіт/с.

Увядзенне «пачатковага аб'ёму» не значыць, што безлімітныя тарыфы з перадачай даных «па паветры» сыдуць у мінулае, але пэўныя змены ўсё ж такі будуць. З тэхнічнага пункту гледжання безліміты не знікнуць: спампоўваць можна будзе колькі заўгодна, але ў пэўных выпадках на нізкай хуткасці — 1 Мбіт/с. І застаецца магчымасць купіць дадатковы трафік на хуткасці без абмежаванняў, аднак гэта і дадатковыя выдаткі.
Мяркуючы па ўсім, такі нюанс не асабліва палохае карыстальнікаў, якім мабільны інтэрнэт патрэбны ў якасці дадатковага да праваднога. На карысць гэтага сведчыць статыстыка МТС: як расказалі «Анлайнеру» ў кампаніі, у сярэднім карыстальнікі мабільнага інтэрнэту аператара выкарыстоўваюць каля 20 ГБ трафіку ў месяц.

«Аднак спажыванне кожнага канкрэтнага абанента вельмі персаналізаванае і залежыць ад прагляду відэакантэнту, актыўнасці ў стрымінгавых сэрвісах, сацыяльных сетках і іншых праграмах. Таксама ўплываюць карыстальніцкія звычкі: напрыклад, раздаваць трафік у рэжыме мадэма або своечасова пераключацца паміж мабільнай сеткай і Wi-Fi», — дадалі ў МТС.
Крыху інакш складаецца сітуацыя ў карыстальнікаў мабільнага інтэрнэту, у якіх ён з'яўляецца адзіным спосабам доступу ў сетку. Гаворка можа ісці пра мясцовасці, аддаленыя ад буйных населеных пунктаў: пачынаючы ад вёсак і заканчваючы садовымі таварыствамі. Не выключана, што сюды можна запісаць сучасную катэджную забудову, у якую па суб'ектыўных і аб'ектыўных прычынах не завялі «оптыку» (гэта нятанна або яшчэ не настаў момант).
Найбольшую актыўнасць у чат-боце «Анлайнера» праявілі «цяжкія» абаненты аператара Unet.by, які аказвае паслугі мабільнага інтэрнэту.

«У нас ёсць яшчэ аператар, які дае мабільны інтэрнэт: Unet.by (ён жа анлим.бел) — сёння прыйшло паведамленне пра змену кошту тарыфных планаў, і цяпер атрымліваецца, што з першага лютага кошт аднаго ГБ трафіку павялічыцца ў 5,5 раза», — напісаў у рэдакцыю адзін з чытачоў.
Падобную сітуацыю апісвае іншы беларус:
«Я жыву за горадам у садовым таварыстве і карыстаюся 4G-інтэрнэтам ад Unet. Па факце гэта маецца на ўвазе як стацыянарны інтэрнэт. У мяне ў дамове пазначаны адрас, па якім я буду карыстацца, і я прывязаны да базавых станцый побач. Я не магу ўставіць сімку ў тэлефон і перамяшчацца. Учора ў сувязі са зменамі яны абнавілі тарыфы. У выніку пры маім спажыванні каля 800 ГБ у месяц мне падыходзіць толькі «Анлім про». Штомесячны плацёж пацягне на 340 рублёў. Зараз тарыф «анлім» каштуе 49,90. Як вынік — рост кошту амаль у сем разоў. І я не адзін такі.
У нас ёсць куча рэгіёнаў у краіне, дзе адсутнічае правадное падключэнне да інтэрнэту. Як вынік — людзі выкарыстоўваюць мабільны інтэрнэт як стацыянарны. Мы спрабавалі правесці аптавалакно, але гэта амаль немагчыма. «Белтэлекам» патрабуе 100% падключэння ўсіх членаў садовага таварыства з кантрактам на тры гады. Але гэта загадзя нерэальныя патрабаванні. Плюс пракладка кабеляў пад зямлёй. А гэта яшчэ адзін узровень складанасці. Падобная гісторыя і з А1».

Як толькі сталі паступаць паведамленні ад абанентаў Unet.by, у «Анлайнеры» праверылі новыя тарыфныя планы аператара, якія ўступаюць у сілу з 1 лютага. Сапраўды, «Анлім Про» абыдзецца ў 19,9 рубля ў якасці платы за тарыф і 0,39 рубля за кожны ўваходны гігабайт: выходзіць крыху менш за 340 рублёў са згаданымі 800 ГБ трафіку. І, як адзначылі ў кампаніі, больш за 700 ГБ у месяц трацяць некалькі працэнтаў ад агульнай базы кліентаў.
А 800 ГБ — гэта шмат? З аднаго боку, так, значна больш, чым у сярэднім спажываюць «звычайныя» карыстальнікі. Аднак многае залежыць і ад таго, для чаго менавіта выкарыстоўваецца інтэрнэт. Калі карыстальнік — геймер, то, напрыклад, загрузка адной сучаснай гульні можа зацягнуць на 200 ГБ, а то і больш. Любіць глядзець кіно? Спампаваць адзін фільм у высокай якасці — 20—30 ГБ, адна серыя серыяла — 1,5—3 ГБ. То-бок патраціць 30 ГБ можна дастаткова проста і хутка.
Што тычыцца IPTV і папулярных стрымінгавых сэрвісаў, расход складзе каля гігабайта ў гадзіну для кантэнту ў SD-фармаце, высокая раздзяляльнасць можа падняць расход да 3—5 ГБ і больш у гадзіну, у 4K — каля 7—10 ГБ. Выходзіць, калі аддаваць перавагу кантэнту ў Full HD на ўмоўным Netflix, адзін фільм «з'есць» каля 9 ГБ.

Гэтыя падлікі, само сабой, тычацца не толькі аднаго аператара, а любога іншага незалежна ад тыпу падключэння. Але, як вынікае з паведамленняў у рэдакцыю, найбольшыя асцярогі карыстальнікаў выклікае менавіта значны рост іх выдаткаў на звыклае спажыванне кантэнту ва ўмовах, калі правадны ШПД недаступны.
Як расказалі журналістам у Unet.by, спажыванне мабільнага інтэрнэту ў кліентаў кампаніі «моцна вар'іруецца: ад умераных 100—300 ГБ (куды і трапляе больш за 80% базы абанентаў 4G) у месяц да значных аб'ёмаў у 600—800 ГБ і больш».
«Нягледзячы на малы памер дакумента, змены значныя. Аднак мы ўпэўненыя, што гэта станоўча адаб'ецца на якасці, хуткасці і развіцці сеткі 4G/5G», — дадае прадстаўнік кампаніі.
Паводле яго слоў, рынак мабільнага інтэрнэту стане больш празрыстым, а «ранейшая мадэль, пры якой «большасць даплачвала за меншасць», пераглядаецца, і кожны плаціць за свой аб'ём трафіку».
Суразмоўца лічыць, што змены могуць прывесці да пераразмеркавання абанентаў паміж аператарамі.

«Але ў цэлым усе гульцы вымушаныя будуць адаптавацца да новых правілаў — як аператары, так і кліенты. Асабліва гэта закране карыстальнікаў, якія спажываюць шмат трафіку. Для іх найбольш заўважна вырасце кошт паслугі. Так што ў цэлым магу сказаць, што першы час будзе цяжка прывыкнуць да новых рэалій, але яны адназначна прывядуць нас да больш хуткага бесправаднога інтэрнэту».
Ён адзначыў, што змены ў доўгатэрміновай перспектыве дапамогуць палепшыць інфраструктуру і якасць сувязі, асабліва ва ўмовах росту нагрузкі на сеткі. Падобнага меркавання прытрымліваюцца і ў МТС.
«Прынятыя меры патэнцыйна могуць дапамагчы збалансаваць нагрузку на базавыя станцыі і больш справядліва размеркаваць рэсурсы сеткі, што ў канчатковым выніку паўплывае на хуткасць перадачы даных. Спажыванне мабільнага інтэрнэту стане больш свядомым: частка трафіку «перацячэ» ў фіксаваную сетку, у той час як іншыя карыстальнікі аддадуць перавагу тарыфам з уключаным у абанплату гарантаваным аб'ёмам трафіку», — расказалі «Анлайнеру» ў прэс-службе.
Таксама журналісты пацікавіліся, ці знікнуць тарыфныя планы з уключаным у іх трафікам больш за 30 ГБ або ці зменіцца цана на іх. У кампаніі адказалі:
«З 2022 года памер абаненцкай платы на тарыфных планах МТС для масавага сегмента зафіксаваны па пагадненні з МАРГ. Таму тарыфныя планы з уключаным у абаненцкую плату трафікам, які перавышае 30 ГБ, застануцца даступнымі для падключэння, а памер абаненцкай платы як на гэтых, так і на іншых тарыфах мяняцца не будзе».

Каментары
1 Мбіт/с гэта толькі тэкставыя дадзеныя можна будзе перадаваць.
Сайт надвор'я будзе запампоўваецца хвіліну, а то і больш.
Те, кто тратит много трафика для бизнеса( помню, одна риэлторша из пригородного коттеджа жаловалась, что не может вести бизнес из-за плохой мобильной связи), тоже должны сами нести расходы, а не большинство субсидировать их расходы на бизнес.
Жалко только жителей отдаленных деревень, но без фильмов и игр тоже никто не умер, это будет не самый страшный недостаток жизни в деревне по сравнению с плохим доступом к медицине и продуктам питания