Беларуская мова99

«Каго люстраваць, а каго і лягчаць». Піша Вінцук Вячорка

Не кадзіраваць, а кадаваць, не індуцыраваць, а індукаваць. Словы на -іраваць у беларускай мове – з 1937 году.

Па-беларуску рэгуляваць, рэгістраваць. Па-расейску «регулировать», «регистрировать». Як правіла, расейскім дзеясловам на -ировать адпавядаюць беларускія на -аваць. Паходзяць ад лацінскіх (раманскіх) ці германскіх каранёў, радзей – ад іншых. Беларуская мадэль карацейшая прынамсі на адзін склад, а то і на больш (як у пары госпитализировать – шпіталяваць).

Наагул дзеясловы на -аваць вельмі старажытныя, мадэль агульнаславянская. Вера – вераваць, мілы – мілаваць, гора – гараваць, чары – чараваць. Генадзь Бураўкін вярнуў у актыўны ўжытак слова вечараваць:

(Музыка І. Лучанка, Сьпяваюць клясычныя «Песьняры».) 

І ад чужаземных пазычаньняў наша мова з глыбокай даўніны ўтварала дзеясловы падобным чынам. Назаву германізмы: тынк – тынкаваць, гандаль – гандляваць, рыса – рысаваць (гэта ня тое самае, што маляваць, а – ‘выяўляць нешта рысамі’, расейцы ў нас запазычылі слова, зьмяніўшы значэньне), гэбаль – габляваць(напрыклад, дошку); фарба – фарбаваць, параўнайма старое нямецкае farbieren.

Зацята канфрантавалі, але і шчодра фундавалі

У парý ВКЛ гэты спосаб асваеньня пазычаньняў расквітнеў і пашырыўся на лацінскія асновы. Нашыя статуты, кронікі, угоды, судовыя справы ўжо з XV—XVI ст. поўныя словаў накшталт:аґітаваці (праўда, са значэньнем 'разглядаць у судзе'),адміністраваціанігіляваці (не ў фізычным, а ў праўным сэнсе:«Мы, суд … запіс тот касуем і анігілюем», 1697 г.), ілюмінаваці, імаґінаваці 'уяўляць сабе', інкарпараваці, канвэрсаваці'падтрымліваць сувязь', канфрантаваці, касаваці, люстраваці, фундаваці і г.д. (як бачым, некаторыя мелі крыху інакшае значэньне, чым цяпер). 

Старабеларуская мова ведала слова інфармаваці прынамсі з XVI ст., яно ўжывалася ў розных моўных стылях.

Стафан кароль заразом па сваей каранацыі абраў сабе чалавека годнага, Яна Замойскага, каторы бы яго … ў многіх рэчах асьцерагаў і інфармаваў (пераклад Кронікі М. Стрыйкоўскага).

Корань слова інфармаваць – лацінскі. Пісьменныя беларусы ў той час ведалі лацінскія дзеясловы і дапасоўвалі іхныя карані да нашых звычайных дзеяслоўных мадэляў: informare > інфармаваць, limitare > лімітаваць і пад.

«…У старой пісьмовай беларускай мове дзеясловы з суфіксам -ірава- не ўжываліся. Іншамоўныя асновы, як і ўласна беларускія, утваралі дзеясловы пры дапамозе суфіксаў -ава- (-ява-), -ова-, а некаторыя запазычанні на -аваць, -оваць прыйшлі, напэўна, праз польскую мову: апробовати, апелевати, арештовати…» – пісаў знаўца пытаньня праф. Мікалай Васілеўскі ў кнізе «Дзеяслоўнае словаўтварэнне» (1985). Наконт польскай мовы зазначу: лаціна бытавала і ў Беларусі, беларусы наўпрост кантактавалі з германамоўнымі людзьмі, а таму падобныя пазычаньні маглі асвойвацца адначасова і на польскай, і на беларускай глебе. І ўкраінская мова паводзілася падобна.

А па-расейску – «информировать». Слова замацавалася ў мове суседзяў значна пазьней, у пачатку XVIII ст., як і іншыя на -ировать. Туды яно прыйшло не наўпрост з лацінскай, а празь нямецкае informieren ці францускае informer. За ўзор расейцы бралі нямецкія, францускія, а таксама галяндзкія – праз эпізод біяграфіі Пятра – дзеясловы на -ieren, -er, -ir, -eeren. Устаўка «-ир-« ад іх.

Ёсьць патрэбнае беларускае слова касаваць – адмяняць нешта, прыкладам, дакумэнт ці рашэньне. Скасаваць можна квіток у транспарце, судовую пастанову, а яшчэ канцэрт музы̓кі з «чорнага сьпісу» і кантракт зь няўгодным.

У нас слова вядомае з XVI ст., ад лацінскага cassum reddere — 'зрабіць пустым, несапраўдным', У расейскай значна пазьнейшае слова «кассировать» – вылучна ў судова-працэсуальным значэньні (кассация). Расейска-нямецкі этымоляг Макс Фасмэр прасочвае ягоны шлях у расейскую: празь нямецкае kassieren з франц. саssеr, іт. cаssаrе, і толькі апошнія ад лацінскага. 

Пацака транклюкируем!

Расейская мова пераймала з францускай і нямецкай моваў таксама іхныя дзеясловаўтваральныя наросты. Такіх словаў у расейскай пад тысячу, і колькасьць іх расьце. Нарост «-ировать» нагэтулькі пашырыўся, што стаў выціскаць уласна расейскія словаўтваральныя мадэлі. 

Зь ім у бальшавіцкі час пачалі ўтварацца формы – канцылярскія саветызмы нават ад сваіх, не пазычаных, каранёў: «складировать», «молнировать» (слаць хуткую тэлеграму — «молнию»); асабліва з падвойным нарашчэньнем -изировать: «большевизировать», «советизировать», «военизировать», «яровизировать» і «озимизировать» (пшеницу), «коренизировать» (часовая бальшавіцкая кадрава-ідэалягічная палітыка 1920-х гадоў у «нацыянальных рэспубліках»).

Саветызм таксама «бронировать» у значэньні 'рэзэрваваць нешта за некім'. 

А нам лепш так і сказаць у гатэлі: «На мяне зарэзэрваваны пакой», «Маю рэзэрвацыю». У бальшыні суседніх краінаў нас зразумеюць безь перакладу.

У сучаснай расейскай мове магчымыя амаль якія заўгодна словы на -ировать. Не абышлася бязь іх камэдыйная антыўтопія пра ўбогасьць таталітарызму «Кін-Дза-Дза» Г. Данэлія. Эцылоп (паліцыянт; некаторыя словы прыдуманай мовы адгадваюцца чытаньнем з канца) выносіць прысуд: «Пацака транклюкируем, чатланину – пожизненный эцих с гвоздями». 

Даклярую не даваць мытніку яблык

Беларуская народная мова, як сьведчыў згаданы Мікалай Васілеўскі, ня ведае дзеясловаў на «-іраваць» увогуле. Хіба штошпацыравáць, але ўтворанае яно ад слова шпацыр – прагулянка. 

А вось дзеясловаў з іншамоўнымі (у тым ліку лацінскімі) каранямі на -аваць у гаворках нямала. Скажам, турбаваць, фундаваць (у народнай мове ў значэньні 'частаваць'). Слова дакляраваць у навейшым ужытку азначае 'абвяшчаць/укладаць дэклярацыю' – палітычную, мытную. Але ў гаворках яно існуе даўно ў значэньні проста 'абяцаць': Дакляраваў ёй, што пайду ў грыбэ (Вялікія Баяры, Шчучынскі р-н). Я дакляраваў даць яблык, ды ня даў(Міратычы, Карэліцкі р-н).

Такім чынам, і для старабеларускае мовы, і для беларускіх гаворак дзеяслоўная мадэль на -іраваць чужая. 

Усесаюзны стандарт

Кагадзе давялося чытаць мэтадычны тэкст, пісаны настаўніцаю беларускае мовы і літаратуры (sic!), дык там ажно стракаціць: «асацыіравацца», «генерыраванне», «маніпуліраванне», «скарэкціраваць» і г.д. Адкуль жа навала гэтых дзеясловаў у сучасным афіцыйным моўным стандарце?

Праф. Мікалай Васілеўскі заўважае:

Дзеясловаў на -іраваць не фіксавалі і першыя руска-беларускія і беларуска-рускія перакладныя слоўнікі 20-х гадоў. Нават самы вялікі па тым часе Расійска-беларускі слоўнік 1928 г. [С. Некрашэвіча і М. Байкова] не фіксаваў у беларускай частцы слоўніка ніводнага ўтварэння на -іраваць. Усе запазычаныя дзеясловы ўводзіліся ў беларускую лексічную сістэму або пры дапамозе суфікса -ава- (авансировать – авансаваць, агитировать – агітаваць, аккомпанировать – акампанаваць, амнистировать – амніставаць, ампутировать – ампутаваць), або пры дапамозе іншых суфіксаў ці перакладалі апісальна, некалькімі словамі(ассимилировать – прыпадабляць, атрофироваться – адміраць, кастрировать – лягчаць, ангажировать – запрашаць у скокі, датировать – азначаць дату, акцентировать – вымаўляць з націскам, галлюцинировать – марыць, рецензировать – ацэньваць, резюмировать – абагульняць і г. д.). Гэтай нормы прытрымліваліся ўсе выданні рэспублікі. 

Хваля словаў на -ір- прыйшла пасьля, у 1930-я гады.

Сваю кнігу пра дзеяслоўнае словаўтварэньне М. Васілеўскі пісаў у камуністычныя часы. Адсюль абавязковыя ацэнкі, якія пярэчылі выкладзеным тут жа фактам. Ацаніце сьцьверджаньне:

«Руска-беларускі слоўнік (1937) і быў першым беларускім лексічным даведнікам, які ўзаконіў дзеясловы на -іраваць, зрабіў іх нормай беларускай літаратурнай мовы, чым значна ўзбагаціў беларускую дзеяслоўную сістэму. Усяго ў гэтым слоўніку, у рускай яго частцы, налічваецца 202 бяспрэфіксныя дзеясловы на -ировать, якім адпавядаюць 132 беларускія дэрываты зь -ірава- і 70 з -ава-. I хоць складальнікаў слоўніка можна папракнуць за тое, што яны недастаткова папрацавалі, каб вызначыць, якія запазычаныя дзеясловы падаваць з суфіксам -ірава-, а якія з -ава-, ім трэба аддаць належнае: яны ўпершыню зрабілі дзеясловы на -іраваць літаратурнай нормай» 

(Тут ідзецца пра адкрыта русіфікатарскі слоўнік пад рэдакцыяй Андрэя Александровіча; вылучэньне маё. – В.В.).

І ў гэтай самай працы М. Васілеўскі пераканаўча даказвае, наколькі чужародныя для нашае сучаснае літаратурнае мовы падобныя ўтварэньні ў параўнаньні з расейскаю, дзе ёсьць згаданыя вышэй «яровизировать» і «складировать»:

…У беларускай літаратурнай мове няма ніводнага прыкладу, каб пры дапамозе -ірава- быў утвораны дзеяслоў ад уласна беларускай асновы. Або хоць бы і ад іншамоўнай, але каб дзеяслоў гэты быў арыгінальны, не скалькаваны з аналагічнага рускага. Вось чаму гэты тып дзеясловаў нельга лічыць прадуктыўным на марфалагічным, словаўтваральным узроўні, хоць ужываецца ён у беларускай мове больш як 50 гадоў.

Праф. Павал Сьцяцко, спэцыяліст у словаўтварэньні ды заснавальнік цэлай навуковай школы культуры мовы, цьвердзіць без паліткарэктнасьці:

Гісторыя мовы сьведчыць, што суфікс -ірава- быў навязаны нашай мове за савецкім часам усесаюзным стандартам (расійскаю мовай).

Менавіта савецкім часам у беларускую літаратурную мову былі зацягнутыя шматлікія дзеясловы на -іраваць. Аналягічныя – бязь лішняга суфіксу – або бытавалі ў беларускай мове раней – яккарэктаваць (карыгаваць), музыкаваць і прэпараваць, або лёгка афармляюцца паводле традыцыйнай мадэлі: асацыявацца, генэраваць, кадраваць, траўмаваць, кадаваць.

Dies irae ('Дзень гневу', лац.)

Афіцыйныя слоўнікі сталінскай і пасьлясталінскай пары дэзарыентуюць не абазнанага ў савецкай моўнай палітыцы чытача. Колькасьць дзеясловаў на -іраваць у чарговых слоўніках то расла, то зьніжалася паводле актуальнай устаноўкі на ступень русыфікацыі. 

Праф. Павал Сьцяцко трапна заўважыў, што суфікс -ір-аваць пераважаў там, дзе ўкладальнікі ці рэдактары слоўнікаў трымалі кампартыйную лінію на «зьліцьцё нацыяў, іх культуры і мовы». Але калі аўтары «добра адчувалі жывое народнае слова і былі прыхільнікамі нацыянальнай культуры і мовы», як мовазнаўца і пісьменьнік Мікола Лобан, то і ў рэдагаваным ім першым томе «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (1977) дзеясловаў на -ір- зусім мала. 

Адсылаю цікаўных да грунтоўнага аналізу -іраваць і -аваць у слоўніках, які мовазнаўца Іна Бубновіч зрабіла ў дапаможніку для ВНУ «Засваенне іншамоўных слоў беларускаю літаратурнаю моваю» (Горадня, 2000) 

Пільны чытач знойдзе разнабой у афіцыйных слоўніках, рыхтаваных адной установай і нават выдадзеных адначасова. Скажам, «Беларуска-рускі слоўнік» (пад рэд. А.Лукашанца; НАН Беларусі, Ін-т мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2012) падае словыасацыявацца і праграмаваць бязь -ір-, а «Слоўнік беларускай мовы» (НАН Беларусі, Ін-т мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы; навук. рэд. А.Лукашанец, В.Русак. Мінск: Беларуская навука, 2012) патрабуе пісаць асацыіравацца й дапускае варыянты праграміраваць/праграмаваць. 

Але адшукаць тут нейкія прыхільнасьці або сыстэмныя падыходы цяжка: выключна варыянт зь -ір- – маніпуліраваць, гастраліраваць – наадварот, патрабуе пісаць першы слоўнік, а другі дазваляе абодва варыянты. 

А вось у тэрміналягічных слоўніках першай паловы 1990-х гадоў, якія ўкладалі адпаведныя прафэсіяналы супольна з мовазнаўцамі, зусім іншая сытуацыя. Напрыклад, у «Тэрміналагічным слоўніку па вышэйшай матэматыцы для ВНУ» (Мінск: «Навука і тэхніка», 1993), «Руска-беларускім фізічным слоўніку» (Мінск: «Навука і тэхніка», 1994) словаў на -ір- (-ыр-) няма ўвогуле. Спэцыялісты ў дакладных навуках і да таго ж дасьведчаныя ўнівэрсытэцкія выкладнікі сьвядома не падаюць чужых беларускай мове мадэляў, а таксама рацыянальна выбіраюць карацейшыя словы (групаваць, індукаваць, камутаваць, эмульгаваць, флюктуяваць, храмаваньне 'хромировка'), бо ўстаўка -ір- не дадае ніякіх нюансаў значэньня.

Цыціруем і муціруем

Далейшыя развагі адрасую тым, каму «-ір-аваньне» муляе. (Тым, каму ня муляе, у прыгодзе будуць слоўнікі й падручнікі савецкае традыцыі.)

Носьбіт жывое беларускае мовы адчувае, што, як правіла, словы на «-іраваць/-ыраваць», «-іраваньне» (і асабліва «-іроўка»!) – словаўтваральныя русізмы, ды імкнецца іх замяняць. Звычайна можна знайсьці слова таго ж кораню бязь -ір- (-ыр): міграваць, камэнтаваць.

Дарэчы, у русіфікаваным варыянце беларускае мовы перад -ірпатрабуецца пераход [т] у [ц]. Cловаўтваральныя повязі затуманьваюцца, інтуітыўна зразумець значэньне дзеяслова ня так лёгка: «даціраваць», «муціраваць», а нават, выбачайце, «цыціраваць» – была і такая форма ў савецкіх слоўніках. Несумненна, у напісаньні і вымаўленьні мутаваць лягчэй распазнаць мутацыю, чым у форме «муціраваць». 

Ад словаў з асновай на [j] ці на галосны гук накшталт прэмія, копія, флюктуацыя, тату лягіччна ўтвараем прэміяваць, капіяваць, флюктуяваць, татуяваць. Ад дыфэрэнцыйны –дыфэрэнцыяваць (у матэматычных слоўніках 1990-х гадоў ёсьць і форма дыфэрэнцаваць), канструяваць ад лац. construo, парадыяваць ад пародыя.

Фармуючы пясок, фармуе сьвядомасьць

Часам у абарону дзеясловаў на -іраваць у беларускай мове кажуць, што яны дазваляюць перадаць інакшае значэньне. Сапраўды, у расейскай мове формовать і формировать маюць розны сэнс. Таму і па-беларуску нібыта фармаваць можна толькі нешта матэрыяльнае, як гліну, а «фарміраваць» – штосьці абстрактнае. 

Гэнік Лойка. Хрыстос прызямліўся ў Горадні

Але гэта мэханічны перанос расейскіх сэмантычных падзелаў на беларускую глебу. Рас. формировать і формовать адпавядаюць у францускай, польскай, чэскай, украінскай аднаму дзеяслову з гэтым коранем: former, formować, formovat, формувати. Бо сэмантыка іхная тая самая, адно што ў формовать яна «матэрыяльная», а ў формировать мае пераноснае значэньне (як, напрыклад, у пары дайсьці да пляцу і дайсьці да праўды). Па-беларуску слова фармаваць выдатна дае рады як у наўпроставым значэньні – скульптар фармуе пясок,– так і ў пераносным – прэса фармуе грамадзкую думку.

[Падазраю, дарэчы, што слова формовать у расейскую некалі прыйшло зь беларускае мовы.]

І неабавязкова нам браць з расейскай мовы дзеяслоў зь -іраваць нават тады, калі форма бязь -іраваць- мае зусім іншае значэньне. Напрыклад, расейскаму суммировать у нас адпавядае несуміраваць і не сумаваць, а падсумоўваць, падсумаваць. 

Таксама з часоў адраджэньня 1920-х гадоў лёгка знаходзяцца адпаведнікі іншым расейскім дзеясловам на -ир-, прычым часьцей за ўсё непазычаныя: Командировать – выпраўляць, дэлегаваць. Службовая выправа. Пикировать (пра самалёт) – нырцаваць, рабіць піке. Маркировать – пазначаць. Урэшце, бомбардировать – бамбіць.

Утвараючы дзеяслоў ад слова плёмба, няма патрэбы яго «плямбіраваць». Зуб (як і нямецкі вагон для даставы Леніна) плямбуюць. Хіба што працэс зьвязаны ня з зубам, а з размазваньнем марозіва «плямбір». Тады, сапраўды, твар «плямбіраваны».

Ідэолягі савецкіх моўных канонаў, нягледзячы на супраціў самой мовы, імкнуцца захаваць прастору для набытай у 1937 годзе чужой мадэлі. Яны сьцьвярджаюць, што калі з словаўтваральных русізмаў прыбраць -ір-/-ыр-, то яны, маўляў, згубяць «сваю фармальную і семантычную акрэсленасць: шакіраваць, бісіраваць, бравіраваць, гарманіраваць, драпіраваць, лабіраваць, грасіраваць, курыраваць, лавіраваць, дэкарыраваць, сервіраваць, фантазіраваць, лакіраваць, штудзіраваць, мусіраваць, татуіраваць і інш.» (В. Іўчанкаў). 

Таксама нібыта праблема, калі два дзеясловы – з расейскім -іраваць і безь яго — маюць зусім іншыя значэньні. Абаронцы -іраваць называюць, акрамя ўжо згаданых, аформленыя на расейскі ўзор дзеясловы буксіраваць (пры буксаваць), газіраваць (пры газаваць), адпаведна пасіраваць, тушыраваць, парыраваць і некаторыя іншыя.

Асабіста я ня бачу праблемаў разуменьня такіх словаў, якшакаваць, лябіяваць, дэкараваць, сэрваваць. Студыяваць, фантазіяваць – як татуяваць, пра што ішлося вышэй. Словапарафаваць – ад сярэднелац. paraphus (скажоны параграф), заўсёды ўжываецца ў адпаведных кантэкстах (парафавалі пагадненьне), з парафінам ніхто ня зблытае. Газаваць ваду і газаваць адпаведным пэдалём у машыне, праектаваць дом і праектаваць выяву на экран – таксама кантэксты розныя. І ў слове трэнаваць адчуваецца корань трэн-, параўн. трэнаж, трэнэр (і нават гопніцкія трэнікі ☺ ). А як жа «трэніроўка»? А пра назвы працэсаў на –ка асобная размова: «коўка-штампоўка» – чыстыя русізмы, мала таго, саветызмы. Па-беларуску працэсы часьцей перадаюцца словамі на -ньне. Трэнаваньне. 

Калі ўжо так хочацца зьберагчы замежны корань, то нагадаю, што рас. «муссировать» паходзіць ад фр. mousser 'пеніцца, зьбіваць у пену', а мы ведаем слова мус (у 2-м значэньні – дэсэрту), дык і мусаваць па-беларуску нармальна. Хаця «муссировать слухи» – гэта проста пашыраць чуткі/пагалоскі.Аднавіць лацінскі першакорань у слове кватаваць (= «котировать»). Або проста «цаніць».

Натуральна, калі-нікалі словы на -іраваць/-ыраваць утвараліся ад назоўніаў на -ір, як шпацыраваць ад шпацыр, таму магчымае і ўтварэньне ад буксір – буксіраваць. 

Што да расейскага слова «лавировать», то ў сучасным жыцьці яно ўжываецца найперш у пераносным значэньні, якое ў беларускай мове адэкватна перадаюць шматлікія словы й выразы:манэўраваць (напр., паміж кімсьці), абмінаць вострыя куты, а то івыкручвацца, [рабіць] ці скокам ці бокам ды інш.

Застаецца значэньне тэрміналягічнае, вузкае, вядомае абсалютнай бальшыні сухаземных беларусаў толькі з марскіх кніжак: ­'рухацца пад ветразямі супраць ветру, мяняючы кірунак'. І ў ангельскай, і ў сучаснай нямецкай гэтае паняцьце перадаюць словы, зьвязаныя з шытвом, як бел. фастрыгаваць абокрыжаваць.

Лавировать – позьняе (1720 г.) запазычаньне ў расейскую, відаць, з галяндзкай. Але раней з новаверхненямецкай гэтае слова прыйшло ў чэскую і польскую, захаваўшы, што ўнікальна, суфікс -ір- (і ў славацкай, і ў літоўскай ён ёсьць). Дарэчы, польская ўжо мела іншае запазычаньне, з францускай, – lawować 'падмалёўваць вадкаю фарбаю'. Калі аматары вятружніцтва не запрапануюць нечага лепшага, хай будзе, як у іншых мовах Балта-Чарнаморскага моўнага зьвязу, лявіравáць, вадаплаў лявірýе (такі націск падаваў Вацлаў Ластоўскі).

Часам замест суфікса -ір- больш дарэчны -эр-. Правільная форма – гародніну пасэраваць, г. зн. крыху абсмажваць (расейскае «пасси̓ровать» – увогуле з акрабатычнай тэрміналёгіі). Лягічна па-беларуску будзе не «грэйдзіраваць», а грэйдэраваць, гэта значыць выроўніваць паверхню дарогі грэйдэрам. Таксамагравэраваць, крэйсэраваць, плянэраваць, лідэраваць (нароўні зачольваць). У старабеларускай было палераваць (слоўнік Некрашэвіча і Байкова дае таксама варыянт глянсаваць) ад словаполер

Мэтафарычна яго ўжывае В. Ластоўскі: 

Бо што ж, калi прывык 
чужых багоў 
ў чужацкай мове славiць, 
з чужыны браць чужацкi полер 
i чцiць чужы на сьцягах колер!

Ластоўскі ў Глыбокім. Фота Я.Ільіной

Таксама іншым дзеясловам з -ир-, і ў расейскай мове часам манерным і рэдкім, могуць адпавядаць у беларускай мове свае ўласныя, не пазычаныя. «Утрировать» – перабольшваць. «Бравировать» – выхваляцца. «Грассировать» – картавіць. «Гармонировать» – пасаваць. «Курировать» – як кураваць, так іапекавацца. «Парировать» – адпрэчваць (-ыць), адбіваць(адбіць). 

Дарэчы, народная мова падказвае найлепшыя варыянты. «Фаршировать» – надзяваць, крапаць:

Печань, лёгкія і ныркі крышылі і крапалі трыбух (Лісна Верхнядзьвінскага р-ну). Паводле этнографа А. Нікіфароўскага, немясныя каўбасы называлі «надзяваныя кішкі». Вантробы крышаць, дабаўляюць яйкі і надзяваюць кішкі ці кіндзюк(Мсьцібава Ваўкавыскага раёну; кіндзюк – гэта страўнік у жывёлы, напрыклад, сьвіны). 

Надзяваны кіндзюк

Падобны пункт гледжаньня падзяляюць многія лінгвісты. Піша Іна Бубновіч:

…улічваючы заканамернасці беларускай мовы, таксама трэба імкнуцца пазбягаць чужароднага элемента, які нічога, акрамя падкрэслення слабой ступені засваення гэтых дзеясловаў беларускаю моваю, не нясе. Таму больш рацыянальна ўжываць:баражаваць, балатаваць, татуяваць, прэпараваць, трасаваць, санаваць і інш. Невыкарыстанне элемента -ір- не перашкаджае дакладнаму разуменню сэнсу гэтых дзеясловаў, пра што сведчыць фіксацыя такіх дзеясловаў без элемента -ір- у слоўніках 20—30-ых гадоў і ў сучаснай моўнай практыцы (балатаваць, татуяваць, скандаваць, легаваць). Значыць, рэч не ў тым, што элемент -ір- выконвае нейкую функцыю, а ў крыніцы непасрэднага пазычання. Пэўнае значэнне мае і звычка, стэрэатып мыслення, боязь адысці ад рускіх адпаведнікаў. (…) Вызваленне ад неўласцівых беларускай мове элементаў (…) працэс незваротны, і ў словах, дзе можна яго ўнікнуць, ужываць яго няма патрэбы.

(І. Бубновіч. Засваенне іншамоўных слоў беларускаю літаратурнаю моваю. Горадня, 2000 г.)

Такім чынам, абыходзьмася бязь -іраваць. «Транклюкіраваць» па-беларуску няможна. Затое можна (каго трэба) люстраваць, а хатніх катоў дастаткова лягчаць.

Комментарии9

Сейчас читают

Умер политзаключенный Валентин Штермер. «Едва ходил после инсульта — а его бросили в ШИЗО»7

Умер политзаключенный Валентин Штермер. «Едва ходил после инсульта — а его бросили в ШИЗО»

Все новости →
Все новости

Под Минском появится новая дорога. Ее стоимость оценивается в миллион долларов2

Ветерану из Гродно 97 лет — в 1945-м охранял мост под Нижним Новгородом, а после войны боролся с «бандеровцами»19

Брюссель планирует сократить дипперсонал в Беларуси11

Очередной белорусский тренер возглавил кипрский «Арис»

Сколько шенгенских виз получили беларусы в 2024 году и какие страны их чаще выдают?9

Одиннадцать лет Лукашенко развивает города-спутники. Пока получается не очень

В ЕС согласовали отмену штампов на границе Шенгена1

Люди в шоке от того, сколько стоит восемь дней плыть по рекам Полесья на теплоходе «Белая Русь»13

Белорус нашел на приобретенном участке странные вещи на случай апокалипсиса1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Умер политзаключенный Валентин Штермер. «Едва ходил после инсульта — а его бросили в ШИЗО»7

Умер политзаключенный Валентин Штермер. «Едва ходил после инсульта — а его бросили в ШИЗО»

Главное
Все новости →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць