Грамадства

Водзіць машыну, майструе па дрэве і запускае дрон. Як інвалід-вазочнік уладкаваў сваё жыццё ў вёсцы пад Слуцкам

Андрэй Дамарад у 16 гадоў зваліўся з даху і не змог хадзіць з-за траўмы. Нягледзячы на інваліднасць, жыхар Слуцка вядзе актыўны лад жыцця — водзіць мікрааўтобус, майструе і выразае з дрэва, здымае наваколле з дапамогай дрона. Андрэй распавёў kurjer.info, як уладкоўвае свой побыт у вёсцы, знаходзіць новыя заняткі і захапленні.

Цяпер Андрэю 41 год. Ён нарадзіўся ў вёсцы Вясея, да пятага класа жыў там. Потым сям'я пераехала ў Слуцк, жылі ў мікрараёне «Цукровы». У 16 гадоў Андрэй, падаючы з даху, няўдала прызямліўся і атрымаў траўму пазваночніка.

«Пасля траўмы пачалося іншае жыццё — у вазку, — кажа мужчына. — Калі не стала мамы, захацелася з'ехаць жыць у вёску. Заставацца ў «шпакоўні» ўжо не было сіл. Пяць гадоў таму перабраўся ў Вясею.

Ужо пасля пераезду ў вёску пачаліся праблемы з суставамі, мне давялося ампутаваць ногі. Пасля аперацыі яшчэ ні разу не клаўся ў бальніцу, а да яе даводзілася рэгулярна шпіталізавацца.

Цяпер у вёсцы ўладкоўваю ўсё пад сябе. Тут цішыня і зручней. Дзверы адчыніў — і ты ўжо на вуліцы, а ў кватэры — ліфт, лесвіца, высокія і нязручныя пандусы. Калі рукі слабыя, то і не заедзеш. Тут магу нават з'ездзіць у лес на маленькай «Ацэ», пазбіраць грыбы на ўскраіне. У Вясею прыязджаюць у госці сябры.

Як вучыўся кіраваць машынай

У 17 гадоў бацькі купілі мне машыну. Адвучыўся ў аўташколе ў Вілейцы, там была група для людзей з інваліднасцю. Атрымаў пасведчанне кіроўцы. Летась дадаў сабе яшчэ адну катэгорыю — магу кіраваць электрамабілем.

З 17 гадоў у мяне было машын пяць. Цяпер у мяне мікрааўтобус. Я сам пераабсталяваў яго пад ручное кіраванне. Прынцып — як у матацыкле. Адной рукой выціскаеш счапленне, тармозіш, газуеш. Гэта вельмі зручна.

Мне ўсё цікава, напрыклад, зварка. Неяк у мяне была старэнькая Mazda. Разабралі яе, перафарбавалі ў аранжавы. Ездзіў па Слуцку з музыкай.

Хачу са свайго буса зрабіць аўтадом, каб можна было ўзяць з сабой ежы і з'ехаць на пару дзён у падарожжа. Хацелася б адправіцца на Нарач, таму што ў школе хадзілі туды ў паход.

Як уладкаваў побыт у вёсцы

У доме я жыву адзін. У горадзе бываю часта, але ў крамы сам не хаджу, ды і ў вёсцы не абсталявана для вазочнікаў. З прадуктамі і іншым неабходным альбо дапамагаюць сябры, альбо сястра — тэлефануе, пытаецца, што трэба купіць, прывозіць. Яшчэ заўсёды гатовы выручыць сусед — заехаць у машыну і выехаць, ды і па іншых пытаннях.

Гатую сабе сам, у асноўным у мультыварцы. Гляджу рэцэпты ў інтэрнэце. Адмовіўся ад газу. У доме ўсё на электрычнасці, як і ацяпленне, — дзядзька зрабіў цёплыя падлогі. Калі ў вёсцы адключаюць электрычнасць, то гэта ўжо праблема. Але тапіць печ фізічна не атрымліваецца. А каб правесці ў дом газ, толькі за праект трэба заплаціць 1500 рублёў.

Сястра займаецца пасадкамі, агародам. Хацеў зрабіць сабе крытую тэрасу, але пакуль на гэта няма грошай.

Як захапіўся разьбой па дрэве і сталярствам

У школе ў мяне быў настаўнік па працы Аляксандр Фёдаравіч. Па сумяшчальніцтве працаваў на турбазе, вадзіў нас у паходы. Калі я апынуўся ў вазку, хтосьці распавёў яму пра гэта, і Аляксандр Фёдаравіч прывёз мне дадому разцы і кнігі, каб я вучыўся разьбе. Паволі, лежачы ў ложку, пачаў асвойваць гэтае рамяство.

Потым мне больш спадабалася рабіць мэблю. Асвоіў нават кухонныя сталы і табурэткі. Потым пачаліся праблемы са здароўем, і закінуў працу з дрэвам.

Калі стаў адчуваць сябе лепш, зноў заняўся сталярнай справай. Зараз я абсталёўваю майстэрню ў гаражы побач з домам. Трэба прывесці да ладу такарны станок, паставіць рассоўныя сталы, каб выпілоўваць буйныя рэчы. Цяпер раблю лыжкі, шкатулкі, курыльныя люлькі.

Калі саджуся майстраваць, забываю пра ўсё — здаецца, толькі пачаў, а ўжо 8 вечара. У планах зрабіць набор з дрэва: талеркі, сподкі, відэльцы, лыжкі і кубкі. Матэрыял знайсці не праблема, у гэтым дапамагаюць сябры, але ён павінен быць сухі. Калі дрэва не дасушыш, то выраб трэсне.

Хацеў бы здымаць відэа для сацыяльных сетак або YouTube пра тое, як майструю і працую з дрэвам, але патрэбны штатыў і іншае абсталяванне. Так што гэта ў планах.

Як з'явіўся дрон

Нагледзеўся відэа на YouTube, як людзі здымаюць дронам. Загарэўся — купіў сабе такі апарат. Мой дрон важыць 249 грамаў, так што дазволу на палёты не патрабуецца. Здымаю шмат, але манціраваць пакуль не атрымліваецца. Мала куды выязджаю, а ў адным і тым жа месцы лётаць нецікава. Сваю вёску наздымаў ужо з усіх ракурсаў.

Як не адчайвацца і знайсці сябе

Вялікую ролю адыгрывае падтрымка родных і сяброў. Бацькі ні разу не сказалі: «Ты не ходзіш. Навошта табе машына?». Наадварот, усё зрабілі, каб у мяне атрымалася. Сябры заўсёды падтрымлівалі. Цягнулі мяне на турнікі падцягвацца.

І ад самога чалавека шмат залежыць. Бывае, правальваюся ў стан: «Ай, надакучыла ўсё!». Але адчайвацца прасцей за ўсё: сказаць усім, што ты слабы, ляжыш, і вакол цябе ўсе павінны бегаць. Я, напэўна, таму і з'ехаў жыць у вёску, каб быць самастойным. І абавязкова трэба знайсці сабе занятак. Я таксама не адразу прыйшоў да такарнага станка, шмат разоў вылятала даўбешка ў лоб. Галоўнае — не адчайвацца, ставіць мэту і ісці наперад».

Каментары

Цяпер чытаюць

«Самага прывабнага саджаеш наперад, і ўсё без палева». Як і за колькі перавозяць у Еўропу нелегальных мігрантаў з беларускай мяжы4

«Самага прывабнага саджаеш наперад, і ўсё без палева». Як і за колькі перавозяць у Еўропу нелегальных мігрантаў з беларускай мяжы

Усе навіны →
Усе навіны

Блогерка правярае чысціню і якасць прадуктаў у мінскіх крамах. Падабаецца гэта не ўсім13

«Цэны як у сталовай». Мінчанка паабедала ў рэстаране пяцізоркавага гатэля ў цэнтры сталіцы і была шакаваная5

Француза асудзілі да 30 гадоў за забойства жонкі. Ні цела не знайшлі, не было сведак, як і не было прамых доказаў4

Трамп прапанаваў і Расіі, і Украіне абвясціць сябе пераможцамі8

Якая адна рыса робіць менеджара выдатным? Адказ вас здзівіць6

Трамп сказаў Зяленскаму, што пакуль не мае намеру пастаўляць Кіеву ракеты «Тамагаўк»16

Зяленскі гэтым разам ездзіў да Трампа з картамі Расіі3

На аўкцыёне карціну Шагала прадалі за 3 мільёны даляраў4

79‑гадовую пенсіянерку ў Столінскім раёне шукалі 4 дні і знайшлі жывой5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Самага прывабнага саджаеш наперад, і ўсё без палева». Як і за колькі перавозяць у Еўропу нелегальных мігрантаў з беларускай мяжы4

«Самага прывабнага саджаеш наперад, і ўсё без палева». Як і за колькі перавозяць у Еўропу нелегальных мігрантаў з беларускай мяжы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць