Маці забітай у Ізраілі Яніны: Яе муж Алі тэлефанаваў мне ў Гомель, абражаў дачку і адчайна яе раўнаваў
Пасля нараджэння сына сямейнае жыццё Яніны Русінавай, паводле яе маці, ператварылася ў пекла. Муж правяраў тэлефон беларускі, падазраваў яе ў здрадзе і абражаў. Сама Яніна казала, што хоча сысці.

Маці Яніны, гамяльчанка Ганна Русінава, расказала ізраільскаму выданню «Вести», што пра смерць дачкі даведалася толькі праз пяць дзён.
29 верасня ёй патэлефанавалі з ізраільскага консульства: «Вы што, не ў курсе? Вашай дачкі ўжо пяць дзён няма ў жывых».
Сувязь з Янінай знікла ў апошняй дэкадзе верасня. Паводле маці, адносіны дачкі з мужам, ізраільцянінам Алі Масвадам, канчаткова сапсаваліся пасля нараджэння іх першага дзіцяці каля двух месяцаў таму.
Ганна расказвае, што Алі моцна раўнаваў жонку, правяраў паведамленні ў яе тэлефоне і быў перакананы, што яна яму здраджвае. Ён нават сам тэлефанаваў цешчы ў Гомель, расказваў пра свае падазрэнні і называў Яніну абразлівымі словамі.
Апошні раз Яніна напісала маці з тэлефона сяброўкі. Свой тэлефон, паводле яе слоў, разбіў муж.
«Мама, не тэлефануй мне, я сама буду табе тэлефанаваць», — папрасіла яна.
Праз некалькі дзён маці паспрабавала звязацца з зяцем. 25 верасня яна напісала яму ў Viber: «Добры дзень, Алі. Як Яна і малы?»

Таксама даслала фатаграфію цацкі, якую набыла для ўнука, і запыталася, калі сям’я зможа прыехаць у госці. Сама Ганна не магла паехаць у Ізраіль, бо даглядае цяжкахворага мужа.
«Я спадзяюся, што ў вас усё ў парадку», — напісала яна Алі.
Адказу не было.
«Зяць не адказаў мне ні раніцай, ні днём, ні ўвечары», — расказала Ганна. Тады яна адчула, што здарылася нешта страшнае.
«Пасля нараджэння сына жыццё Яны ператварылася ў пекла»
У Ізраіль Яніна ўпершыню прыехала каля шасці гадоў таму па адукацыйнай праграме «Тагліт». Пазней яна рэпатрыявалася разам з першым мужам, але пасля пераезду пара развялася. Праз некаторы час беларуска пазнаёмілася з Алі.
Паводле Ганны, маці Алі была яўрэйкай з расійскімі каранямі, а бацька — мусульманінам. Сам мужчына няблага размаўляе па-руску. Яшчэ да нараджэння дзіцяці Яніна і Алі разам прыязджалі ў госці да яе бацькоў у Гомель.
Маці Яніны кажа, што спачатку адносіны выглядалі інакш: «Алі вельмі яе любіў, я гэта ведаю. Яна вывела яго ў людзі, прымусіла заняцца сабой, пачаць вучыцца. Мне цяжка сказаць, калі пачалася гэтая хваравітая рэўнасць, так было не заўсёды. Але я адчувала: пасля нараджэння сына жыццё Яны ператварылася ў пекла».

Увесь клопат пра немаўля, паводле Ганны, лёг на яе дачку. Яніна не высыпалася, скардзілася маці на паводзіны мужа і казала, што хоча ад яго сысці, бо больш не можа так жыць.
«Я ведала, што яна пакутуе, але не магла нават уявіць, што яе жыццё скончыцца такой трагедыяй», — сказала маці.
Муж сцвярджае, што спрабаваў выратаваць Яніну
Яніну з цяжкім пашкоджаннем шыі знайшлі ў кватэры на вуліцы ў Хайфе каля поўначы 24 верасня. Яе даставілі ў бальніцу, дзе канстатавалі смерць.
28‑гадовага Алі Масваду затрымалі па падазрэнні ў забойстве. Ён адмаўляе віну і сцвярджае, што Яніна сама нанесла сабе пашкоджанні, а ён нібыта спрабаваў яе выратаваць.
Адвакат мужчыны заявіў у судзе, што менавіта Алі выклікаў паліцыю і хуткую дапамогу. Суд палічыў падазрэнні абгрунтаванымі і падоўжыў яго арышт на чатыры дні, адначасова даручыўшы следству старанна праверыць версію затрыманага.
Сябры Яніны тым часам перадалі паліцыі звесткі пра імаверны гвалт у сям’і. Партнёр яе блізкай сяброўкі Дыяны сабраў сведчанні знаёмых і 30 верасня даў паказанні паліцыі Хайфы.
Маці хоча пахаваць дачку ў Беларусі і забраць унука
Двухмесячнага сына Яніны пасля яе смерці перадалі ў прыёмную сям’ю. Ганна хоча, каб унук рос у яе ў Беларусі, дзе ў хлопчыка засталіся бабуля, дзядуля і цётка. Аднак для перадачы дзіцяці спатрэбіцца асобнае рашэнне ізраільскіх органаў.
Маці таксама папрасіла дазволіць перавезці цела дачкі ў Беларусь:
«Я хачу пахаваць Яначку побач з маёй яўрэйскай бабуляй, дзякуючы якой яна ў свой час рэпатрыявалася. Яны павінны ляжаць побач».
Увечары 30 верасня сям’я атрымала прынцыповую згоду на перавоз цела Яніны ў Беларусь. Пытанне пра тое, хто будзе выхоўваць яе сына, пакуль не вырашана.
Каментары