Перамовы паміж прадстаўнікамі ЗША і Украіны ў Фларыдзе аб мірным урэгуляванні вайны былі перапыненыя. Пра гэта паведаміў карэспандэнт «Радыё Свабода» Алекс Раўфоглу са спасылкай на крыніцы, піша The Moscow Times.

Паводле інфармацыі ад аднаго з суразмоўцаў, другога дня перамоў не будзе. Сустрэчы паміж украінскай дэлегацыяй і спецпрадстаўнікамі прэзідэнта ЗША Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам першапачаткова планаваліся на 9 і 10 кастрычніка.
Перамовы спыніліся пасля заявы Дональда Трампа пра дамоўленасць з Крамлём адносна паставак расійскага дызельнага паліва ў ЗША і на сусветны рынак. Паводле крыніц Axios, гэтая дамоўленасць стала вынікам адмовы Кіева спыніць удары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах.
У ноч на суботу расійскія войскі, нягледзячы на перамовы паміж ЗША і Украінай, нанеслі ўдары па ўкраінскіх гарадах. У Запарожжы загінулі не менш за 15 чалавек, яшчэ 14 атрымалі раненні. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Расія такім чынам «падзякавала за зняцце санкцый на экспарт дызеля», і паабяцаў адказаць на атакі.
Паводле звестак выдання Axios, падчас пятнічнай сустрэчы Уіткаф і Кушнер асаблівую ўвагу надалі ўзгадненню гарантый бяспекі Украіне з боку ЗША, Еўропы і НАТА ў межах магчымага мірнага пагаднення. Таксама абмяркоўваліся новыя прапановы адносна тэрытарыяльнага ўрэгулявання, аднак іх падрабязнасці не раскрываліся.
Сам Уіткаф назваў перамовы ў Маямі канструктыўнымі. Паводле яго слоў, удзельнікі абмяркоўвалі магчымыя шляхі дээскалацыі і спынення вайны да наступлення зімы, а таксама ўмовы для дасягнення доўгатэрміновага міру. Сярод іншых тэм былі энергетычная ўстойлівасць і экспарт збожжа, які быў паралізаваны праз удары па суднах і партах у Чорным моры.
Уіткаф заявіў, што абмен думкамі быў прадуктыўным і дапамог вызначыць напрамкі для далейшага аналізу перад наступнымі кантактамі ЗША з Расіяй.
Паводле крыніцы Axios, на наступным тыдні амерыканскія прадстаўнікі могуць наведаць Маскву і Кіеў, каб абмеркаваць мірныя прапановы. Адзін з амерыканскіх чыноўнікаў заявіў, што, нягледзячы на цяжкія ўдары па Украіне, ЗША лічаць Пуціна адкрытым да абмеркавання спынення вайны. Паводле яго слоў, Вашынгтон хоча распрацаваць новую прапанову, якая была б дастаткова прымальнай, каб схіліць расійскага прэзідэнта спыніць баявыя дзеянні.
Амерыканскі бок таксама прадставіў пакет дапамогі Украіне. Ён уключае магчымыя механізмы фінансавання пасляваеннага аднаўлення краіны і аднаўлення ўкраінскага войска, а таксама шляхі пераадолення дэфіцыту дзяржаўнага бюджэту. Акрамя таго, абмяркоўваліся план уступлення Украіны ў Еўрасаюз і магчымыя фарматы яе дачыненняў з НАТА пасля заканчэння вайны.
«Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску
Каментары