Макс Корж выпусціў кліп па матывах скандальнага канцэрта ў Варшаве. Гэта выглядае як маніфест
Макс Корж апублікаваў відэа, якое стала рэфлексіяй на рэзанансныя падзеі вакол яго выступу на варшаўскім стадыёне 9 жніўня. Той выступ сабраў каля 80 000 чалавек з усёй постсавецкай прасторы і скончыўся гучным скандалам у Польшчы.
Кліп спалучае ў сабе кадры сутыкненняў з аховай і затрыманняў з маналогамі артыста пра вайну, каштоўнасць жыцця, сілу еднасці.
У роліку выкарыстаны навінавыя ўстаўкі пра беспарадкі, падчас якіх паліцыя затрымала больш за сто чалавек, у тым ліку 6 беларусаў, частку з якіх польскія ўлады дэпартавалі.
«Жыццё — ніхто не ведае, што яно нам прыгатавала. Але ў адным я ўпэўнены дакладна: гэты «стадык» аддзяляе нас ад жывёльнага свету. Свету, у якім з нас робяць лічбы і рабоў», — кажа Корж. Таму — «Рабіце дзвіж, хлопцы».
Цэнтральнай тэмай відэа сталі заклікі Каржа да спынення вайны, берагчы адзін аднаго, нягледзячы на межы і культурныя адрозненні:
«Як спыніць гэта, калі ў заложніках велізарная колькасць людзей, цэлая краіна ў заложніках? Калі людзі, якія не падпісваліся на гэта, гніюць і паміраюць у акопах? Ніхто не нараджаецца на гэтай зямлі, каб быць забітым. Ніхто! Ніводзін бацька не выхоўвае сына, каб аддаць яго на пагібель. Кожны бацька ўкладвае ў дзіця максімум таго, чаго не змог зрабіць сам. Хто добраахвотна можа гэта аддаць? Гэта трэба спыніць!»
Таксама артыст кажа, што «самы галоўны вораг кожнага народа — гэта простая маніпуляцыя».
Корж гаворыць, што паасобку людзі раствараюцца ў шэрым свеце: «Паасобку мы раствараемся ў гэтым свеце, але калі мы разам, усё, што засталося ззаду, выглядае проста бессэнсоўным, шэрым і нудным. Бо ў кожным з нас жыве адзін і той жа вайб — асаблівы вайб», — кажа Корж.
Чытайце таксама:
Пасля канцэрта Макса Коржа ў Варшаве затрымалі 13 беларусаў, семярых — па крымінальных справах
Прэзідэнт Наўроцкі заклікаў Сейм забараніць «бандэраўскую» сімволіку ў Польшчы
Украінец, які прыйшоў са сцягам УПА на канцэрт Каржа, запісаў выбачальнае відэа
Арганізатары канцэрта Каржа прыслалі экс-палітзняволенай запрашальныя квіткі