БЕЛ Ł РУС

ЕГУ заявіў пра ўзмацненне падтрымкі студэнтаў, выкладчыкаў і іх сем’яў

9.06.2026 / 17:19

Nashaniva.com

Пасля таго як беларускія ўлады прызналі Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) экстрэмісцкай арганізацыяй, навучальная ўстанова заявіла пра ўзмацненне падтрымкі сваёй супольнасці і прыняцце дадатковых мер для змяншэння наступстваў гэтага рашэння.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Як паведамляе прэс-служба ўніверсітэта, у адказ на ціск і рэпрэсіі ЕГУ пашырыў супрацоўніцтва з літоўскімі дзяржаўнымі органамі, міжнароднымі партнёрамі, дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі і грамадскімі арганізацыямі. Мэта гэтай працы — забяспечыць бяспеку, дабрабыт і магчымасць працягваць навучанне або прафесійную дзейнасць для тых, каго закранула сітуацыя.

Сістэма дапамогі грунтуецца на трох асноўных кірунках: захаванні бесперапыннасці адукацыйнага працэсу, практычнай падтрымцы пацярпелых членаў супольнасці і ўмацаванні доўгатэрміновай стабільнасці і бяспекі ўніверсітэта.

За апошнія тыдні ўніверсітэтам былі спрошчаныя адміністрацыйныя працэдуры, звязаныя з навучаннем, арганізавана размяшчэнне для студэнтаў, якім можа спатрэбіцца пераезд, а таксама створаныя дадатковыя кансультацыйныя механізмы.

Паведамляецца, што ЕГУ супрацоўнічае з літоўскімі ўстановамі і дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі па пытаннях віз, дазволаў на жыхарства і іншых прававых магчымасцяў, а таксама дапамагае тым, каму неабходна бяспечна выехаць з Беларусі.

Таксама ўніверсітэт пашырыў доступ да юрыдычных кансультацый з удзелам незалежных праваабарончых экспертаў, арганізаваў асабістыя сустрэчы са спецыялістамі, узмацніў псіхалагічную падтрымку і адкрыў спецыяльную гарачую лінію, якая працуе па прынцыпе «аднаго акна».

Акрамя таго, ЕГУ ўзмацніў меры кібербяспекі і абароны даных, а членам супольнасці даюцца рэкамендацыі па асабістай і лічбавай бяспецы.

Чытайце таксама:

Больш за 30 ператрусаў па ўсёй краіне. Што вядома пра «справу ЕГУ» і як абараніць сябе і блізкіх

Як праходзіць ператрус па справе ЕГУ

Некалькі выкладчыкаў ЕГУ з прызнаннем універсітэта экстрэміcцкай установай спынілі супрацоўніцтва

Каля 100 студэнтаў пакінулі ЕГУ пасля прызнання ўніверсітэта «экстрэмісцкай арганізацыяй»

ЕГУ не будзе адмаўляцца ад набору

Рэктар ЕГУ пра экстрэмісцкі статус універсітэта: «Самы складаны этап з 2004 года»

Каментары да артыкула