Лукашэнка следам за Трампам падсеў на квашаную капусту
Наведваючы 14 жніўня фермерскую гаспадарку Міхаіла Шруба пад Туравам, Лукашэнка расказаў пра новы сродак для пахудзення. І хоць пры гэтым спаслаўся на перадавы вопыт пажылога лідара расійскіх камуністаў, ягоная зацікаўленасць гэтым прадуктам дзіўным чынам супала з новым трэндам у адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Скрыншот з відэа
Абыходзячы разам з Міхаілам Шрубам выставу шматлікай перапрацаванай прадукцыі, якую гаспадарка пастаўляе на рынак, палітык асаблівую ўвагу звярнуў на квашаную капусту і дзяліўся сваімі ведамі пра яе.
«Калі два тыдні — гэта яшчэ не квашаная. Каб яна ўжо пастаяла», — аўтарытэтна павучаў Лукашэнка фермера, не даючы яму расказаць пра прадукцыю падрабязней. Затое сам ахвотна расказаў гісторыю з нядаўняга жыцця.
«Гэта ў мяне быў Генадзь Андрэевіч Зюганаў — худзенькі, яму 83 гады, падцягнуты, вось як ты. І ён мне расказаў: квашаная капуста адзін раз на дзень пасля абеду — абавязкова. І я цяпер шукаю гэтую квашаную капусту. Але па-сапраўднаму квашаную».
Шруб у адказ кляўся, што іхняя капуста акурат самая што ні на ёсць сапраўдная, гэта не тое, што іншыя могуць якога воцату дадаць. «У нас яна квасіцца па сапраўдных старых рэцэптах», — запэўніваў ён.
Раней паведамлялася, што віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс прыкметна схуднеў пасля таго, як перайшоў на дыету з квашанай капустай і ферментаванай гароднінай. Гэтым жа рацыёнам захапіліся і іншыя паплечнікі Дональда Трампа. Напрыклад, міністр аховы здароўя Роберт Кенэдзі-малодшы сцвярджае, што за першы месяц такога харчавання страціў каля 9 кілаграмаў.
Чытайце таксама:
Дыета на квашанай капусце: новы трэнд у адміністрацыі Трампа
Караеў ужо набраў на Гродзеншчыне першы ўзвод нядбайных аграрыяў
Дэпутаты выпадкова злілі дакумент пра катастрафічны падзеж жывёлы ў сельскіх гаспадарках
Лукашэнка папросіць «нябесную канцылярыю» пра сухое надвор'е на час жніва