Пасол Украіны па пытаннях Беларусі: Кіеў можа сустрэцца з Лукашэнкам, калі гэта ўратуе жыцці
Што насамрэч думае Кіеў пра Беларусь і беларускія дэмакратычныя сілы? Ці лічыць Украіна беларускую апазіцыю рэальным палітычным партнёрам? Чаму стаўленне да рэжыму Лукашэнкі мянялася падчас вайны і ці сапраўды паміж Кіевам і Мінскам захоўваюцца непублічныя кантакты? Пра гэта «Радыё Свабода» пагаварыла ў Варшаве з Яраславам Чарнагорам — украінскім паслом па асаблівых даручэннях для супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

Што Украіна чакае ад беларускіх дэмакратычных сіл?
— Беларуская апазіцыя для Украіны сёння — гэта проста маральны партнёр, саюзнік ці ўсё ж рэальны палітычны суб’ект?
— Паколькі прэзідэнт выразна заявіў, што мы аддзяляем рэжым Лукашэнкі ад беларускага народа, беларускія дэмакратычныя сілы і ёсць тым суб’ектам, які для ўкраінскай дзяржавы з'яўляецца рэпрэзентатыўным прадстаўніком беларускага народа.
Беларускія дэмакратычныя сілы маюць патэнцыял пасля змены рэжыму Лукашэнкі прыйсці да кіраўніцтва краінай і забяспечыць дэмакратычнае, незалежнае развіццё Беларусі як нацыянальнай дзяржавы і рэгіянальнага еўрапейскага гульца.
— Беларуская апазіцыя не мае рэальнай улады: яна не кантралюе ні неба, ні войска, ні тэрыторыю Беларусі. Чаго Украіна чакае ад яе сёння?
— Мы хацелі б, каб ва ўкраінскай дзяржавы былі партнёры як з беларускага, так і з расійскага дэмакратычнага асяроддзя, якія маглі б рэальна змяніць сітуацыю ў сваіх краінах. Бо справа змены рэжыму, дэмакратычнага транзіту гэтых краін — гэта цалкам адказнасць саміх гэтых народаў. Дэмакратычныя сілы павінны ўзяць на сябе лідарства і змяніць гэтыя аўтарытарныя рэжымы ў сваіх краінах.
Чаму Кіеў змяніў стаўленне да Ціханоўскай
— Чаму менавіта цяпер украінская палітыка да беларускіх дэмакратычных сіл змянілася? Чаму пасля доўгага чакання сёлета ў маі адбылася сустрэча Уладзіміра Зяленскага і Святланы Ціханоўскай?
— Логіка Украіны — не лінейная логіка дзяржаўнай палітыкі мірнай краіны. У нас усё прывязана да логікі вайны. Украіна знаходзіцца ў стане вайны з Расійскай Федэрацыяй, і ў той ці іншы момант кіраўніцтва дзяржавы вызначае прыярытэтнасць сваіх дзеянняў для таго, каб Украіна выстаяла і, вельмі пажадана, перамагла ў гэтай вайне.
Калі на пачатку шырокамаштабнага ўварвання Беларусь успрымалася, хоць юрыдычна на заканадаўчым узроўні гэта не было прызнана, як суагрэсар, то ў палітычным плане гэта гучала. Абмежаванні правоў грамадзян Беларусі на тэрыторыі Украіны былі такімі ж, як і абмежаванні адносна грамадзян Расійскай Федэрацыі.
Такім чынам, украінская дзяржава паказвала, што ставіцца да Беларусі і Расіі як да суагрэсараў.
— Чаму Украіна пэўны час старалася мінімізаваць публічную крытыку Лукашэнкі?
— Пытанне было вырашана дыпламатычным шляхам, хоць і не праз публічныя каналы. Беларусь перастала даваць сваю тэрыторыю для расійскіх войск. Расійскія войскі паступова, у асноўнай сваёй масе, былі выведзеныя. Засталіся дзве-тры вайсковыя базы з абмежаваным кантынгентам расійскіх войск, якія выконваюць там шэраг функцыянальных абавязкаў, але непасрэдна ў вайне супраць Украіны не ўдзельнічаюць.
Таму з украінскага боку была такая пазіцыя: каб мінімізаваць небяспеку з поўначы, рэжым Лукашэнкі не будуць залішне крытыкаваць публічна. Усе намаганні былі скіраваныя на тое, каб не дапусціць ваенных дзеянняў з поўначы. Гэта мэта была дасягнута.
Але рэжым Лукашэнкі замест таго, каб скарыстацца гэтай магчымасцю і далей адыходзіць ад вайны, выкарыстаў гэты час для павелічэння дапамогі Расійскай Федэрацыі з боку вайскова-прамысловых прадпрыемстваў, а таксама для давання тэрыторыі. Гэта паказала, што не заўважаць праблему стала даражэй, чым раней. Вораг узмацняецца.
Ці сапраўды Украіна размаўляе з Лукашэнкам?
— Што яшчэ Лукашэнка мусіў бы зрабіць, каб Кіеў перастаў гаварыць пра Беларусь як пра суагрэсара — не толькі за 24 лютага 2022 года, але і сёння?
— Максімальна пажадана было б, каб Рэспубліка Беларусь перастала быць саюзніцай Расіі, выйшла з тых пагадненняў, якія падпісаныя ў межах так званай саюзнай дзяржавы. Беларусь павінна была б рухацца шляхам трансфармацыі ў бок дэмакратызацыі сваёй дзяржавы і не выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для абыходу Расіяй санкцый.
Тады паступова небяспека з поўначы для Украіны зменшылася б, а для беларускага грамадства з’явілася б перспектыва дэмакратызацыі і паляпшэння свайго становішча, у тым ліку на міжнароднай арэне.
— Лукашэнка заяўляў, што беларускі бок мае кантакты з прадстаўнікамі Украіны. Ці сапраўды адбываюцца размовы афіцыйнага Мінска з высокапастаўленымі ўкраінскімі чыноўнікамі?
— Тое, што адбываецца камунікацыя паміж Украінай і Беларуссю, гэта даказаны факт. Па-першае, хоць бы таму, што амбасада Украіны ў Беларусі не закрытая, дыпламатычныя адносіны не разарваныя.
Зноў жа, мы бачым пастаянны праход праз тэрыторыю Беларусі ўкраінскіх і расійскіх ваеннапалонных. І гэта паказвае, што без камунікацыі з рэжымам Лукашэнкі гэта было б немагчыма. Таму мы можам меркаваць і бачым прыклады рэалізацыі таго, што такія камунікацыі адбываюцца. На якім узроўні і хто з кім сустракаецца — невядома.
— Паводле вашай ацэнкі, Аляксандр Лукашэнка — гэта самастойны суб’ект, які прымае рашэнні і ўплывае на сітуацыю ва Украіне, ці ўсё ж такі проксі Расіі, дзе ўсім кіруюць Пуцін і Крэмль?
— Гэта вельмі спрошчанае бачанне палітыкі. Так гэта не працуе. Лукашэнка ў нечым суб’ектны, у нечым — проксі, у нечым — непасрэдна сатэліт Пуціна. Таму кожнае пытанне патрабуе аналізу, і ад гэтага аналізу залежыць выснова: дзе самастойнае дзеянне Лукашэнкі, дзе мяжа яго самастойных крокаў, а дзе — прамое ўказанне Крамля, якое ён выконвае.
Тое, што Лукашэнка максімальна залежны ад Крамля, не выклікае сумненняў. Але наконт ягоных канкрэтных крокаў цяжка адказаць, што ён робіць паводле ўласнага жадання, а што — пад прымусам Крамля.
Ён спрабуе балансаваць. Ён ездзіў да Пуціна на Валдай, ездзіў у Кітай, у іншыя краіны. Ён спрабуе ўтрымацца пры ўладзе. Гэта тое, што мы дакладна ведаем.
— Калі Украіна дапускае сустрэчу з Пуціным, ці дапускае Кіеў, што мае сэнс сустрэцца і з Лукашэнкам? Ці ёсць з ім пра што дамаўляцца?
— Ёсць катэгорыя каштоўнасцяў, а ёсць катэгорыя выжывання. Калі ва ўмовах вайны ўзнікне неабходнасць для таго, каб зменшыць колькасць чалавечых ахвяр, наогул спыніць ваенныя дзеянні, і прэзідэнту Украіны ці камусьці з дзяржаўных службоўцаў Украіны будзе неабходна сустрэцца з тым ці іншым праціўнікам, прадстаўніком супрацьлеглага боку, то такія дзеянні, магчыма, будуць ажыццёўленыя.
Я не кажу, што гэта абавязкова адбудзецца. Але калі цана гэтай сустрэчы будзе вартая таго, каб сустрэцца, асабліва дзеля захавання чалавечых жыццяў, то магчыма ўсё.
Чаму не вырашаюцца праблемы беларусаў ва Украіне?
— Мы назіраем драматычныя сітуацыі, калі беларусы, якія валанцёраць або ваявалі за Украіну, не могуць атрымаць дакументы, а часам вымушаныя пакідаць краіну. Чаму гэта адбываецца?
— Насамрэч гэта пытанне, мабыць, не да мяне як прадстаўніка Міністэрства замежных спраў. Каб атрымаць паўнавартасны адказ, трэба пытацца пра гэта ў прадстаўнікоў дзяржаўнай міграцыйнай службы, якая займаецца легалізацыяй замежных грамадзян на тэрыторыі Украіны.
Я не магу адказваць за дзейнасць іншых органаў цэнтральнай выканаўчай улады. Ёсць заканадаўства, у межах якога яны дзейнічаюць. Я таксама дзейнічаю ў межах сваіх паўнамоцтваў.
Ёсць іншыя шляхі. Яны складаныя, але Украіна спрабуе ва ўмовах вайны прытрымлівацца літары закона і дэмакратычных нормаў. У межах гэтых нормаў часам здаецца, што яны ствараюць для людзей цяжкасці. Але гэта пэўныя засцерагальнікі для таго, каб дзяржава выстаяла, каб дзяржава існавала і магла гарантаваць бяспеку свайму народу.
Часам пад гэта трапляюць і іншыя грамадзяне, у тым ліку грамадзяне Беларусі або асобы без грамадзянства. Але, прабачце, часам і грамадзяне Украіны пакутуюць ад абмежаванняў. Насамрэч гэтыя пакуты менш небяспечныя, чым наступствы вайны, якія мы маем праз расійскую агрэсію.
Таму я заклікаў бы вашых гледачоў і чытачоў разумець: Украіна знаходзіцца ва ўмовах вайны. Гэтыя ўмовы складаныя, і ўся дзяржава скіраваная на тое, каб забяспечыць перамогу. Праблемы ёсць, але з імі працуюць.
Пасол Украіны па пытаннях Беларусі адказаў на дыскусію Вячоркі і крытыкаў Ціханоўскай: Ваша ўзаемная непрымальнасць адыгрывае вельмі неканструктыўную ролю
Яраслаў Чарнагор пра інтэрв'ю Лукашэнкі: Уважліва слухаем, але абсалютна не давяраем яго словам
Пасол Украіны па пытаннях Беларусі: Пазіцыя Ціханоўскай дакладна не пацыфісцкая
Новы пасол Украіны па пытаннях Беларусі: «Прызнаём Ціханоўскую лідарам. А ў Лукашэнкі няма манаполіі на голас народа»
Каментары