Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што яму прасцей весці перамовы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, чым з расійскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным. Пра гэта ён сказаў 16 кастрычніка, адказваючы на пытанне карэспандэнта Euronews падчас прэс-канферэнцыі на саміце Еўрасаюза ў Бруселі.

Зяленскі адрэагаваў на нядаўнюю крытыку з боку Трампа, які сцвярджаў, што з украінскім прэзідэнтам складаней мець справу, чым з Пуціным. На працягу апошняга тыдня адносіны паміж Вашынгтонам і Кіевам былі напружанымі.
«З ім, вядома, прасцей, чым з Пуціным. Я кажу пра Трампа», — заявіў Зяленскі.
Паводле яго, падчас некалькіх сустрэч з амерыканскім прэзідэнтам ім заўсёды ўдавалася знаходзіць тэмы для абмеркавання і прымаць рашэнні.
Напружанасць паміж Украінай і ЗША ўзмацнілася праз украінскія ўдары па расійскай нафтавай інфраструктуры і рашэнне Трампа змякчыць санкцыі ў дачыненні да расійскага дызельнага паліва. Амерыканскі прэзідэнт раскрытыкаваў атакі на расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы, заявіўшы, што яны спрыяюць росту сусветных цэн на паліва.
Зяленскі падкрэсліў, што галоўным для яго застаецца абарона нацыянальных інтарэсаў Украіны, незалежна ад знешняга ціску. Ён нагадаў, што Расія напала на Украіну, акупавала яе тэрыторыі і забівала ўкраінскіх грамадзян.
«Лагічна, што мы маем права на самаабарону», — сказаў украінскі прэзідэнт.
Ён назваў дзеянні Украіны цалкам законнымі і заявіў, што краіна будзе працягваць абараняцца да канца.
Адкрыта адказваць на пытанне пра тое, ці падтрымліваюць еўрапейскія лідары далейшыя ўдары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах, Зяленскі не стаў. Замест гэтага ён яшчэ раз падкрэсліў права Украіны на самаабарону.
Украінскі прэзідэнт заявіў, што Кіеў па-ранейшаму гатовы завяршыць вайну шляхам перамоў, аднак, паводле яго, Пуцін не дэманструе сапраўднай зацікаўленасці ў мірным пагадненні.
«Пуцін цяпер не хоча перамоў ні ў якім фармаце», — сказаў Зяленскі.
Ён назваў заявы Масквы пра імкненне скончыць вайну пародыяй на сапраўднае жаданне дасягнуць міру. На думку ўкраінскага кіраўніка, Пуціну недастаткова нават Данбаса, бо ён не зацікаўлены ў завяршэнні вайны.
Зяленскі таксама папярэдзіў, што змякчэнне абмежаванняў на расійскае дызельнае паліва можа стаць пачаткам далейшых саступак Маскве і аслабіць намаганні Захаду, накіраваныя на абмежаванне фінансавання расійскай вайны супраць Украіны.
«На мой погляд, мы не можам пагаджацца на гэтыя «дызельныя здзелкі», гэтыя дамоўленасці, таму што за імі пойдуць следам газавыя. Я абсалютна ў гэтым упэўнены. А пасля газу пачнуць здымаць санкцыі і ў іншых сферах», — заявіў ён.
Паводле Зяленскага, надалей змякчэнне абмежаванняў можа закрануць банкаўскую сістэму, фізічных асоб і хімічную прамысловасць.
Асобную занепакоенасць украінскага прэзідэнта выклікае лёс замарожаных расійскіх актываў. Ён дапусціў, што і яны могуць апынуцца пад пагрозай, калі заходнія краіны працягнуць ісці насустрач Маскве.
«Калі я не буду адстойваць гэта, хто зробіць гэта за нас? Я маю на ўвазе дыпламатычнымі метадамі», — сказаў Зяленскі.
Еўрапейскія лідары, са свайго боку, імкнуцца захаваць ціск на Расію, нягледзячы на рашэнне Вашынгтона змякчыць частку санкцый. Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла ў пятніцу, што Еўрасаюз не будзе здымаць абмежаванні, пакуль Расія не спыніць вайну. Старшыня Еўрапейскай рады Антоніу Кошта таксама заклікаў узмацняць ціск на Маскву, а не ісці на новыя саступкі.
Зяленскі папрасіў у Еўрасаюза 70 мільярдаў еўра на абарону
Якую зброю і разведвальныя даныя Украіне могуць даць толькі ЗША?
Прэм'ер Латвіі: У Зяленскага застаўся адзін саюзнік — еўрапейцы
Зяленскі пагадзіўся б не наносіць удары па расійскіх энергааб’ектах у абмен на пашырэнне зоны пакрыцця Starlink углыб Расіі
«Ён не хоча дамаўляцца»: Трамп заявіў, што не хоча мець спраў з Зяленскім
Лідары краін ЕС папросяць Зяленскага змякчыць крытыку Трампа
Каментары