БЕЛ Ł РУС

The Atlantic: Трамп падтрымаў ідэю змякчэння санкцый супраць Расіі ў абмен на вызваленне палітвязняў

29.09.2026 / 17:46

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пагадзіўся з прапановай свайго спецпасланніка па Усходняй Еўропе змякчыць амерыканскія санкцыі супраць Расіі ў абмен на вызваленне палітычных зняволеных. Пра гэта піша выданне The Atlantic.

Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы на Алясцы ў жніўні 2025 года. Фота: Jae C. Hong / AP

Паводле інфармацыі выдання, такая ініцыятыва з'явілася некалькі месяцаў таму і цяпер знаходзіцца на ранняй стадыі. Яе мэта — вывесці амерыканска-расійскія адносіны з тупіку і пашырыць перамовы паміж Вашынгтонам і Масквой за межы пытання вайны ва Украіне.

У выпадку рэалізацыі гэтай схемы Расія магла б атрымаць магчымасць паступова вяртацца ў сусветную эканоміку, а ЗША — заключаць з Масквой эканамічныя пагадненні ў сферах нафты, дызельнага паліва, рэдказямельных металаў і іншых тавараў.

Вызваленне палітычных зняволеных па гуманітарных прычынах, як адзначае The Atlantic, таксама магло б спрыяць умацаванню пазіцый Трампа ў яго намаганнях атрымаць Нобелеўскую прэмію міру.

Пры гэтым прапанаваны падыход яўна выкліча негатыўную рэакцыю ва Украіне, сярод еўрапейскіх саюзнікаў ЗША і часткі амерыканскіх заканадаўцаў. Паводле The Atlantic, аднаўленне эканамічных сувязяў з Расіяй магло б прынесці ёй дадатковыя даходы, якія могуць выкарыстоўвацца для працягу вайны супраць Украіны і ўзмацнення вайсковага патэнцыялу ў дачыненні да краін НАТО.

22 верасня спецпасланнік Трампа па Беларусі Джон Коўл паведаміў, што ЗША пачалі працу над пытаннем расійскіх палітычных зняволеных. Ён заявіў, што адпаведныя спісы ўжо складзеныя, але адмовіўся называць імёны. Падобны падыход амерыканская адміністрацыя ўжо выкарыстоўвала ў дачыненні да Беларусі. 

Пасля вяртання Трампа ў Белы дом Расія і ЗША правялі два абмены зняволенымі. У лютым 2025 года Масква вызваліла амерыканца Марка Фогеля, асуджанага за кантрабанду наркотыкаў, а Вашынгтон перадаў Расіі Аляксандра Вінніка, якога амерыканскія ўлады абвінавачвалі ў адмыванні мільярдаў даляраў праз крыптабіржу BTC-e.

У красавіку Расія абмяняла Ксенію Карэліну, асуджаную за перавод 51,8 даляра ў дабрачынны фонд ва Украіне, на Артура Пятрова, якога ў ЗША абвінавачвалі ў кантрабандзе мікраэлектронікі для расійскай вайсковай прамысловасці.

У жніўні 2026 года пасля перамоў з Трампам Уладзімір Пуцін вызваліў былога амерыканскага марскога пехацінца Роберта Гілмана, які знаходзіўся пад вартай з 2022 года. Спецпасланнік прэзідэнта Расіі Кірыл Дзмітрыеў тады заявіў, што рашэнне было прынятае з гуманітарных меркаванняў.

Чытайце таксама:

Трамп прапануе Пуціну бізнэс-здзелкі з ЗША да завяршэння вайны з Украінай

Трамп падпісаў закон аб «пякельных» санкцыях супраць Расіі

Трамп спадзяецца на пагадненне паміж Зяленскім і Пуціным яшчэ да суровай зімы

14 амерыканскіх сенатараў заклікалі Трампа скасаваць запрашэнне Пуціну на саміт G20 у Маямі

ЗША прапануюць тры крокі для дээскалацыі вайны ва Украіне

Каментары да артыкула