14 амерыканскіх сенатараў заклікалі Трампа скасаваць запрашэнне Пуціну на саміт G20 у Маямі
«Пуцін нясе аднаасобную адказнасць за развязванне Расіяй поўнамаштабнай агрэсіўнай вайны супраць Украіны», — гаворыцца ў звароце.

Двухпартыйная група з 14 сенатараў заклікала прэзідэнта ЗША Дональда Трампа адклікаць запрашэнне кіраўніку Крамля Уладзіміру Пуціну на саміт G20, які адбудзецца ў Маямі ўжо ў снежні, піша Washington Post са спасылкай на ліст сенатараў.
«Пуцін нясе аднаасобную адказнасць за развязванне Расіяй поўнамаштабнай агрэсіўнай вайны супраць Украіны…Яго ўдзел у саміце G20 у ЗША выклікае сур'ёзную занепакоенасць з нагоды легітымізацыі і нармалізацыі ўрада, які працягвае штодня атакаваць грамадзянскія аб'екты ва Украіне».
Сенатары адзначылі, што Пуцін, міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў і іншыя члены расійскай дэлегацыі знаходзяцца пад санкцыямі ЗША з-за дзеянняў, якія лічацца пагрозай нацыянальнай бяспецы.
Паводле слоў сенатараў, адсутнасць міжнароднай ізаляцыі можа зніжаць для Пуціна матывацыю пагаджацца на спыненне агню з Украінай.
Напярэдадні дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа выказаў надзею, што кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін наведае саміт лідараў G20, які адбудзецца ў Маямі ў снежні гэтага года.
Разам з тым СМІ пішуць, што прылёт расійскага кіраўніка ў Маямі малаімаверны.
Цяпер чытаюць
Басіст «Пятлі», яго 18‑гадовы сын і зорка «Разбітага сэрца пацана» — расказваем пра беларускамоўны гурт Prypiać, які прэзентаваў аўтарскую «Калыханку»
Каментары