Культура1111

Быў запісаны шараговай копіяй расійскага абраза. Рэстаўратары раскрылі невядомы беларускі барочны абраз XVII стагоддзя

Спецыялісты Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі завяршылі рэстаўрацыю абраза, які больш за 60 гадоў лічыўся абразом Маці Божай Казанскай XIX стагоддзя. Пасля раскрыцця твора выявілася, што пад познім запісам хаваўся ўнікальны помнік беларускага іканапісу XVII стагоддзя — Адзігітрыя Магілёўская. Абраз паходзіць з той жа даваеннай калекцыі, што і страчаныя Крыж Ефрасінні Полацкай і абраз Бялыніцкай Маці Божай.

Адзігітрыя Магілёўская пасля рэстаўрацыі. Скрыншот відэа АНТ

Гэты абраз паступіў у фонды Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея ў 1960 годзе. Доўгі час ён знаходзіўся ў навукова-дапаможным фондзе і не экспанаваўся. З часам стан твора пагоршыўся, і было прынята рашэнне адправіць яго на рэстаўрацыю ў Нацыянальны мастацкі музей, паведамляе тэлеканал АНТ.

«Безумоўна, мы прынялі гэтае рашэнне, мы рызыкнулі, і рызыка была апраўданая», — адзначыў Яўген Белавусаў, дырэктар Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е. Р. Раманава.

Адкрыццё пад пластамі часу

Абраз Адзігітрыя Магілёўская перад поўнамаштабнай рэстаўрацыяй. Скрыншот відэа Беларусь 4

Папярэднія рэнтгенаўскія даследаванні паказалі наяўнасць пад верхнім пластом больш ранняга жывапісу. У працэсе рэстаўрацыі эксперты знялі познія напластаванні акадэмічнага жывапісу XIX стагоддзя, каб адкрыць самы каштоўны аўтэнтычны слой — тэмперны жывапіс XVII стагоддзя з пазалотай і разьбой. Дзякуючы сучасным тэхналогіям спецыялісты змаглі даследаваць усе гэтыя слаі, кожны з якіх фактычна з'яўляўся асобным творам мастацтва свайго часу, і вярнуць старажытны абраз фактычна без страт.

Абраз Адзігітрыя Магілёўская ў час рэстаўрацыі. Скрыншот відэа АНТ

«На маё здзіўленне, гэта быў такі падарунак, што сур'ёзных страт практычна не было. Яны нязначныя, дробныя, у асноўным па перыметры. Калі абраз раскрываўся, было бачна, што яго неаднаразова зачышчалі ад пацямнелага лаку — сляды пацёртасці, але пры гэтым практычна не пашкоджвалі аўтарскі жывапіс», — распавёў мастак-рэстаўратар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Сяргей Шаціла.

На дошцы захаваліся і сляды бытавання абраза, напрыклад, абпалы ад лампады, якія рэстаўратар свядома пакінуў.

Працэс зняцця пазнейшых запісаў абраза. Скрыншот відэа АНТ

Таямніцы адваротнага боку

Асобную ўвагу даследчыкаў прыцягнуў адваротны бок абраза. Там знойдзены надпіс графітам «Барыса-Глебская царква», што дазваляе звязаць твор з адным з двух храмаў на Задубравенскім пасадзе ў Магілёве (у літаратуры існуе нявырашаная неадназначнасць, які з храмаў у гэтым месцы Барысаглебскі, а які Крыжаўзвіжанскі. — НН).

Паметка «ВХ №2» на тыльным баку абраза, якая дае падставы меркаваць, што ён паходзіць з той жа даваеннай калекцыі, што і страчаныя Крыж Ефрасінні Полацкай і абраз Бялыніцкай Маці Божай. Скрыншот відэа АНТ

Акрамя таго, на тыльным баку выяўлена паметка «ВХ №2». Гэта абрэвіятура азначае «Часовае захоўванне» (руск. Временное хранение). Гэтая дэталь дала падставу для новай навуковай версіі: верагодна, твор паходзіць з легендарнага даваеннага Магілёўскага музейнага збору.

Менавіта ў гэтай калекцыі, якая дагэтуль не адшуканая, захоўваліся такія нацыянальныя святыні, як Крыж Ефрасінні Полацкай і арыгінал абраза Бялыніцкай Маці Божай.

Гістарычная каштоўнасць

Адзігітрыя Магілёўская пасля рэстаўрацыі. Фота: mogilevnews.by

Спецыялісты адзначаюць выключную важнасць гэтай знаходкі для беларускай культуры. Помнікаў іканапісу такога ўзроўню XVII стагоддзя ў краіне захаваліся адзінкі. Мастацтвазнаўцы заўважаюць, што найбольш блізкай па стылістычных рысах да адноўленай святыні з'яўляецца знакамітая Адзігітрыя з-пад Слуцка, нягледзячы на тое, што слуцкі абраз старэйшы на стагоддзе і адносіцца да XVI стагоддзя.

«Гэта найбольш распаўсюджаны іканаграфічны варыянт абраза Маці Божай з Дзіцем. Ён распаўсюджаны практычна на ўсе нашы цудатворныя абразы: гэта і Баркалабаўская, гэта і Тупічэўская, гэта і Куцеінская Маці Божая. У нас адзінкі твораў XVI стагоддзя, не кажучы ўжо пра XV стагоддзе, а XVII стагоддзе ў нас прадстаўлена дастаткова сціпла. І мы рады любому твору, які зноў выявіўся. Гэта сапраўды адкрыццё абраза», — падкрэсліла Алена Карпенка, загадчыца аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

Дэталі твару Маці Божай пасля рэстаўрацыі. Скрыншот відэа АНТ
Разьба па ляўкасе з барочнымі кветкавымі матывамі. Скрыншот відэа АНТ
Дэталі абраза пасля рэстаўрацыі. Скрыншот відэа АНТ

Варта адзначыць, што па мясцовых пабліках і медыя ўжо распаўсюдзілася памылковая інфармацыя пра тое, што пад Адзігітрыяй Магілёўскай XIX стагоддзя выяўлены абраз Маці Божай Казанскай XVII стагоддзя. Але абраз ні ў версіі XIX стагоддзя, ні ў версіі XVII стагоддзя да яго не адносіўся: на абразах тыпу Маці Божай Казанскай Дзіцятка Хрыстос заўсёды паказаны па пояс, у той час як на беларускіх барочных абразах — у поўны рост.

Вяртанне ў экспазіцыю

Твар Маці Божай пасля рэстаўрацыі. Скрыншот відэа АНТ

У хуткім часе адрэстаўраваны абраз пакажуць шырокай публіцы ў Мінску. Перад гэтым для Адзігітрыі вырабяць раму — задача няпростая, паколькі за стагоддзі драўляная аснова дэфармавалася і набыла спецыфічны выгін, што патрабуе асаблівага падыходу пры афармленні.

Пасля выставы ў сталіцы ўнікальны твор вернецца ў Магілёў, дзе зойме пачэснае месца ў экспазіцыі Музея этнаграфіі. Варта адзначыць, што жыхары Магілёва ўжо мелі магчымасць убачыць святыню летась у час «Ночы музеяў», аднак цяпер яна паўстане перад гледачамі ў сваім сапраўдным, гістарычным абліччы.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары11

  • Барадзед
    04.12.2025
    трэба спыніць маскоўскіх варвараў , до этого момента тертель даже не подозревал о существовании каких-то сборов.
  • Барадзед
    04.12.2025
    Что, москали, не получилось? Не прошли вы?
  • Валенты
    04.12.2025
    Выглядае, што "рэстаўратары" сапсавалі твор мастацтва. ((

Цяпер чытаюць

«Калі мне прыляціць, я гатовая». Наста Рагатко — пра сэкс-сцэну ў сваёй кнізе, прарасійскіх сваякоў, Гаюн і Матольку61

«Калі мне прыляціць, я гатовая». Наста Рагатко — пра сэкс-сцэну ў сваёй кнізе, прарасійскіх сваякоў, Гаюн і Матольку

Усе навіны →
Усе навіны

Карлас Алос пакідае пасаду галоўнага трэнера Беларусі1

У Казані судзілі Ісуса Хрыстоса5

Ураджэнец Беларусі ўзначаліў Масад21

У Шуміліне маці сама далучыла 16‑гадовую дачку да прастытуцыі9

Прыбіральшчыцы ў школе не працягнулі кантракт — яна адсудзіла 10 заробкаў1

«Пяты год жыву ў Польшчы, і ні разу не сутыкнуўся са «спердаляй» — штодня я тут бачу іншае»33

У Фаніпалі запусцяць вытворчасць віскі па шатландскай тэхналогіі8

Топ самых модных беларускіх мужчын — выбар стылісткі18

У Празе судзяць футбольнага фаната за замах на забойства беларуса3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Калі мне прыляціць, я гатовая». Наста Рагатко — пра сэкс-сцэну ў сваёй кнізе, прарасійскіх сваякоў, Гаюн і Матольку61

«Калі мне прыляціць, я гатовая». Наста Рагатко — пра сэкс-сцэну ў сваёй кнізе, прарасійскіх сваякоў, Гаюн і Матольку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць