Беларусь — на другім месцы. Дзяўчына расказала, як сартавала смецце ў шасці краінах свету
Беларуска Марыя Ігнаценка (імя змененае) з Мінска паспела пажыць у шасці краінах свету. Усюды яна сартавала смецце. Дзяўчына ўпэўненая: калі б існаваў рэйтынг, дзе сартаваць смецце зручней за ўсё, то на першым месцы была б Славенія, а на другім — Беларусь. Разам з Марыяй журналісты Hrodna.life разабраліся, як асабістая адказнасць гараджан упісваецца ў сістэму перапрацоўкі адкідаў у розных краінах.

У Турцыі сартавання не было наогул, а ў Беларусі — адно з найлепшых
Гісторыя з сартаваннем смецця ў Марыі пачалася, калі мінчанка вучылася ў магістратуры ў Нова-Горыцы ў Славеніі. Працяг быў у Італіі, Турцыі, Польшчы, Нідэрландах і Беларусі.
«Я асобна сартую пластык, паперу, арганіку і агульнае смецце. У мяне не так шмат шкла, таму нейкі слоічак я проста бяру ў рукі і нясу ў кантэйнер, калі куды-небудзь іду па справах, — расказвае Марыя. — У мяне не так шмат месца дома, таму, вядома, не стаўлю тры вядры, а проста тры розныя пакеты. Пад арганіку купляю спецыяльныя біяраскладальныя пакеты».
Дарэчы, сістэмнае сартаванне арганічных адкідаў у Беларусі наўрад ці працуе: кампастуецца некалькі працэнтаў, у той час як у Літве, Германіі ці Швейцарыі гаворка ідзе пра 18% і больш.
Але суразмоўца настроеная рабіць усё роўна так, як лічыць правільным. Ці не апусцяцца рукі, калі ёй скажуць, што ўсе розныя кантэйнеры ўсё адно ў выніку адвязуць на адну звалку? Марыя адказвае: у сябе на двары яна бачыць прынамсі два розныя смеццявозы — але не адмовілася б убачыць увесь ланцуг збору і перапрацоўкі смецця.
«Нават калі дапусціць самы дрэнны варыянт, што мае пакеты ў выніку трапляюць на адну звалку, то ўсё роўна ёсць сэнс нават на звалцы аддзяляць арганіку ад цвёрдага смецця. Бо так яна ўсё адно хутчэй будзе раскладацца. Увогуле па такім прынцыпе я сартавала ў 2018 годзе ў Турцыі, дзе наогул не было сартавання. Я ўсё роўна складала пластык асобна ад арганікі і насіла ўсё ў адзін кантэйнер. Зусім усё скідваць у адзін пакет я не магла».
Амаль палова гарадскіх адкідаў у Турцыі біяраскладальныя, але іх не сартуюць. Пры гэтым колькасць адкідаў у Турцыі расце ў апошнія 12 гадоў нашмат хутчэй, чым расце эканоміка, піша ў справаздачы Еўрапейскае экалагічнае агенцтва ў 2025 годзе. Недахопы сістэмы параджаюць сацыяльныя механізмы кампенсацыі — не толькі праз дзеянні свядомых грамадзян.
У Турцыі ёсць неафіцыйныя зборшчыкі смецця «чопчу», якія сартуюць і збіраюць каштоўную другасную сыравіну (пластык, паперу, метал) са звычайных смеццевых кантэйнераў і тым самым з’яўляюцца важным элементам сістэмы перапрацоўкі.
Невялікі горад, дзе чатыры сметніцы — гэта норма
Нова-Горыца — горад з насельніцтвам у 13 000 чалавек на мяжы з Італіяй. Туды Марыя Ігнаценка пераехала з Мінска больш за дзесяць гадоў таму, каб вучыцца ў магістратуры. Пасля вялікага горада ёй кінулася ў вочы, што ўсе адзін аднаго ведаюць. А яшчэ тое, што ў такім маленькім горадзе быў раздзельны збор смецця. Прычым зроблена гэта было настолькі добра, што Марыя называе збор «бездакорным».
«Я жыла ў інтэрнаце і ў нас проста паўсюль стаяла па чатыры сметніцы — на пластык, паперу, арганіку і агульнае смецце, — успамінае Марыя 2014 год. — Гэта неяк арганічна ўпісвалася ў наш быт і не патрабавала ніякіх дадатковых намаганняў».
Самі жыхары мястэчка, па словах Марыі, таксама стваралі ўражанне нейкіх вельмі правільных.
«Яны займаліся спортам, ездзілі на роварах, сартавалі смецце. Ужо пажыўшы там нейкі час, я зразумела, што раздзельны збор смецця там на дзяржаўным узроўні. Нават стваралася ўражанне, што смеццевыя кантэйнеры былі аднаго вытворцы і былі аднолькавымі ў вялікіх гандлёвых цэнтрах, каля маленькіх крамаў, проста ў дварах».
У мінулым годзе ў Славеніі адсартавалі амаль 75% гарадскіх адкідаў — у той час як у Беларусі каля 38%. Як гэта працуе? У Славеніі па ўсёй краіне дзейнічаюць «Цэнтры паўторнага выкарыстання». Сюды людзі могуць прынесці свае непатрэбныя, але працоўныя рэчы: мэблю, тэхніку, цацкі, адзенне. Гэтыя рэчы праходзяць дробны рамонт, а затым прадаюцца па сімвалічных цэнах.
У Італіі гараджане не хацелі разабрацца ў кантэйнерах
Праз прыблізна год вучобы магістрантка Марыя вырашыла, што раз суседняя краіна так блізка — чаму б не паспрабаваць пажыць там. Яна перабралася ў вялікі партовы горад Трыест, які здаваўся ёй вельмі прыгожым, а жыццё — больш цікавым. Там можна было шмат гуляць і плаваць у моры.
«Да Славеніі было каля 50 кіламетраў, і на дарогу да вучобы выходзіла каля гадзіны. Хоць гэта даволі блізка — але сітуацыя з раздзельным зборам адрознівалася вельмі моцна», — успамінае Марыя.
На той момант у Італіі таксама стаялі асобныя кантэйнеры. Але большасць не звяртала на гэта ўвагі, расказвае Марыя. Яна сартавала смецце ўсё адно, але адчувала сябе не звычайнай гараджанкай.
«У мяне склалася ўражанне, што італьянцы проста не хочуць удумвацца, які кантэйнер для чаго, і прытрымлівацца нейкіх правілаў. Калі ты навічок у краіне і спрабуеш неяк наладжваць свой быт, то такая сітуацыя ўводзіць у збянтэжанасць: а як сябе паводзіць?» — успамінае яна.
Нягледзячы на ўражанне суразмоўцы, яшчэ ў 2014 годзе доля раздзельнага збору смецця ў гарадах Італіі складала каля 45%, што вышэй, чым у той жа час у Беларусі.
У сістэме перапрацоўкі смецця ў Італіі ёсць цікавыя элементы: сыроватку ад вытворчасці знакамітай італьянскай мацарэлы перапрацоўваюць у метан. У Рыме запусцілі праграму, дзе жыхары могуць здаваць пластыкавыя бутэлькі і алюмініевыя бутэлькі ў спецыяльныя аўтаматы на станцыях метро і атрымліваць за гэта бонусы для аплаты праезду ў грамадскім транспарце.
Вярнулася ў Беларусь — а там яноты
Пасля доўгага перапынку Марыя вярнулася ў Беларусь — і аказалася, што там ужо ўсё змянілася і поўным ходам ідзе кампанія «Мэта 99». Кампанію запусцілі ў 2015 годзе з ідэяй, што Беларусь у выніку прыйдзе да перапрацоўкі амаль усіх адкідаў. Гарады і інтэрнэт запоўніліся малюнкамі з янотамі і подпісамі: «Наша турбота, а не янота!».
У двары дома, дзе жыла Марыя, з’явіліся рознакаляровыя кантэйнеры, і яна працягнула сартаваць смецце так, як рабіла гэта ў Славеніі.

«Для мяне сартаваць смецце гэта ўжо было так жа звычайна, як чысціць зубы. Калі я прыязджала ў госці да мамы ці цёткі і бачыла адзін сметнік, то я гублялася, што мне рабіць. Пачуццё падобнае як стаіш з фанцікам на вуліцы і шукаеш урну, каб выкінуць, таму што не кінеш жа проста на зямлю».
Пасля вучобы Марыя Ігнаценка яшчэ не раз жыла ў іншых краінах. Яна двойчы правяла па паўгода ў Нідэрландах. На думку дзяўчыны, там трохі перамудрылі з раздзельным зборам.
«Спачатку там была наогул велізарная колькасць кантэйнераў — пад два розныя пластыкі, пад метал, пад паперу, арганіку… Наколькі я ведаю, нават мясцовыя не да канца разабраліся, што там і куды выкідаць, таму ўрад вырашыў, што лепш сартаваннем яны будуць займацца ўжо на смеццеперапрацоўчых заводах. Калі я другі раз прыязджала ў Амстэрдам, то там ужо была стандартная сістэма з асобным зборам арганікі, шкла і пластыку».
Падобная гісторыя і ў Польшчы, дзе Марыя жыла паўгода ў 2023-м. Смеццевыя кантэйнеры ля дамоў замыкаюцца на ключ, на ўваходах вісяць камеры, а ў памяшканнях для збору смецця пяць відаў кантэйнераў — пад пластык, паперу, арганіку, шкло і змяшаныя адкіды. Бляшанкі выкідаюцца ў кантэйнер з пластыкам.

Сярэдняя сям’я ў Нідэрландах плаціць каля 350 еўра ў год за вываз смецця. А ў Польшчы тарыф за вываз смецця павялічваецца ў 2‑3 разы, калі жыхары адмаўляюцца ад раздзельнай сарціроўкі і выкідаюць усе адкіды ў адзін кантэйнер.
Надпіс «эка» часам прыцягнуты за вушы
І дома, і ў іншых краінах Марыя стараецца ствараць як мага менш адкідаў. Яна не карыстаецца аднаразовым посудам, ездзіць па магчымасці на ровары, не есць мяса і чытае этыкеткі. Пры гэтым Марыя лічыць, што «эказвычак» у яе няма, ды і самыя паметкі «эка» на этыкетках яе раздражняюць.
«Надпісы на ўпакоўках накшталт «веган», «эка» — здаецца, што часам гэта проста прыцягнута за вушы і выкарыстоўваецца як маркетынгавы ход. Прычым часам маркетолагі не ловяць сутнасці і выдаюць нейкую дурніцу», — разважае гераіня.

Каб смецця было менш, яна ходзіць па прадукты са сваімі пакетамі. Ці прынамсі просіць пакласці ўсю купленую садавіну ў адзін пакет. Пакупкі Марыя робіць у звычайнай краме ці на Камароўскім рынку.
«Звычайна купляю ў сваіх, і ніколі ў мяне не было канфліктаў з-за пакетаў, — расказвае Марыя. — Калі я купляю два лімоны, два ківі, два агуркі і пару памідорак, дык навошта мне чатыры асобныя пакеты? Я заўсёды прашу скласці ў адзін. Калі ў краме, то таксама складаю ў адзін і на касе самаабслугоўвання ўжо, зразумела, узважваю ўсё асобна».
Ці спрабуе яна пераканаць людзей вакол? Хутчэй не. Яна пагаварыла з мамай і цёткай і зразумела, што на гэта трэба шмат сілаў — людзі вельмі розныя. Але для сябе Марыя вырашыла, што сартаваць смецце важна.
«Я сартую смецце і ўсё роўна я бачу, што яго вельмі шмат. Шмат пластыку, колькасць якога я не магу паменшыць, таму што ўся малочная прадукцыя, вада, амаль усе прадукты прадаюцца ў вялікай колькасці ўпаковак. Сартаванне проста дае мне наглядную карціну, колькі я спажываю і які экалагічны след застаецца ад мяне. У гэтым ланцугу мая зона адказнасці ад крамы да смеццевага бака. Сваю ролю я выконваю правільна. Што там да мяне і пасля — ужо не мая сфера адказнасці. За гэта адказваюць вытворцы, кіраўнікі горада, перапрацоўка».
Бытавыя адкіды складаней сартаваць, чым прамысловыя
Нягледзячы на праблемы сістэмы перапрацоўкі адкідаў, асабістая пазіцыя і намаганні асобных людзей вельмі важныя — лічыць Андрэй Голік, эксперт з 15‑гадовым досведам працы ў сферы перапрацоўкі адкідаў.
Але як жа быць з тым, што бытавых адкідаў па аб’ёме нашмат менш, чым прамысловых? І яны складаюць далёка не самую вялікую частку ўсяго смецця ў сістэме. Так, але з прамысловымі працаваць лягчэй, адзначае спецыяліст.
«Яны звычайна падзяляюцца яшчэ на ўзроўні крыніц узнікнення — тады як бытавыя адкіды вельмі разнародныя, і з гэтым міксам вельмі складана працаваць, — кажа ён. — І мы як грамадзяне раздзяляем гэты мікс на ўзроўні ўзнікнення».
Як гэта дапамагае? Сартаванне адкідаў дома паляпшае вынікі на станцыі сартавання. Адсартаваўшы паперу, папяровую ўпакоўку, пісьмовую паперу, чалавек дапамагае значна палепшыць якасць макулатуры, якую вырабляе станцыя сартавання.
«Гэта паляпшае якасць прадукцыі фабрыкі па вытворчасці паперы — і так можна раскласці, на самай справе, на прыкладзе практычна любога віду адкідаў», — тлумачыць Андрэй Голік.
Таксама можна паглядзець на арганіку. Без батарэек, без пластыкавых элементаў яна можа адразу ісці на кампаставанне, і кампост можа быць якасным, альбо адпраўляцца ў біярэактар на вытворчасць метану і энергіі. Акрамя якасці сыравіны, падзел адкідаў дома дапамагае прадпрыемствам па перапрацоўцы ашчадзіць.
Прыедзе адзін смеццявоз і ўсё забярэ?
Суразмоўца дадае: у многіх краінах на заканадаўчым узроўні замацавана, што ўдзел грамадзян вельмі важны, ёсць стратэгіі і мерапрыемствы па павышэнні інфармаванасці грамадзян аб адкідах і спецыяльныя бюджэты на гэта. Адна з стратэгій — праца з тарыфамі.
«У многіх развітых краінах уводзяць сістэму, якая называецца PAYT (Pay As You Throw) — плаці, калі ты выкідаеш. Гэта значыць, калі не сартуеш і выкідаеш смецце ў кантэйнер для змяшаных адкідаў, ты плаціш даволі шмат. Калі ж ты сартуеш і выкідаеш у каляровыя кантэйнеры для раздзельнага збору, то яны ў большасці сваёй абслугоўваюцца бясплатна», — кажа Андрэй Голік.
За выкіданне адкідаў не ў той кантэйнер могуць нават накласці штраф. Што да Беларусі, кажа спецыяліст, то часта можна пачуць пра адзін смеццявоз, які вывозіць сартаванае смецце і звычайнае.
Паводле эксперта, вывозіць сабранае раздзельна смецце адной машынай не планавалася:
«На ўзроўні ідэі раздзельнага збору адкідаў такая задача ніколі не ставілася».
Каментары