Студэнтку, якая раптоўна памерла ў польскай Лодзі, пахавалі ў Беларусі
Студэнтку з Беларусі, якая 23 сакавіка раптоўна памерла падчас заняткаў ва ўніверсітэце ў Лодзі, пахавалі на радзіме. Дакладная прычына ейнай смерці не выяўленая: сваякі адмовіліся ад ускрыцця, паведаміў «Белсату» блізкі сваяк памерлай.

Суразмоўца адзначыў, што лекары дыягназ паставіць не змаглі, а ад ускрыцця сваякі адмовіліся — «таму прычынаў няма». Паводле яго, таксікалагічны аналіз не паказаў наркотыкаў або алкаголю. Аналізы крыві таксама былі нармальныя.
«Ёсць падазрэнне, што ў прынцыпе праблема з сасудамі стала першапачаткова прычынай спынення сэрца і што кіслароднае галаданне мозгу наступіла яшчэ да таго, як яна непасрэдна страціла прытомнасць», — сказаў сваяк.
Ён падкрэсліў, што ўвесь час — ад моманту страты прытомнасці і да трапляння ў больніцу — дзяўчыне аказвалі першую медычную дапамогу і праводзілі рэанімацыйныя працэдуры. Да працы польскіх медыкаў у сям'і няма прэтэнзіяў — «дастаткова кваліфікавана зрабілі сваю працу».
10 красавіка дзяўчыну пахавалі ў Беларусі з дапамогай кампаніі, што займаецца рэпатрыяцыяй целаў памерлых. Спачыла яна побач з Менскам, на Лясных могілках.
Ксеніі стала блага 23 сакавіка. Інцыдэнт здарыўся падчас заняткаў па матэматыцы ў цэнтры польскай мовы для замежнікаў пры Лодзінскім універсітэце.
Паводле студэнтаў, дзяўчына адказвала з месца, затым выбачылася і раптам упала, стукнуўшыся аб парту.
Відавочцы расказвалі, што яна перастала дыхаць і пачала сінець. Як мяркуецца, у яе адбылося спыненне сэрца. Некаторыя таксама адзначалі, што цела дзяўчыны пачало рэзка дранцвець, так што яе было цяжка перавярнуць. Супрацоўніца цэнтра пачала аказваць першую дапамогу, пазней на месца прыехала хуткая. Медыкам удалося аднавіць сэрцабіцце, пасля чаго студэнтку шпіталізавалі.
Аднак, як паведамілі знаёмыя дзяўчыны, у бальніцы высветлілася, што яе мозг памёр. На пачатку красавіка дактары прынялі рашэнне адключыць яе ад апаратаў жыццезабеспячэння.
Дзяўчына пераехала ў Польшчу восенню 2025 года. Да гэтага яна некалькі гадоў жыла і працавала ў Грузіі. У Лодзі яна вучылася на моўных курсах і планавала паступаць на гукарэжысёра. Са слоў знаёмых, яна была ціхая і сціплая, гаварыла па-беларуску і захаплялася незвычайным стылем у вопратцы.
Каментары