Лясгас запрашае падзарабіць на высадцы лесу. Беларусы здзівіліся аплаце за гэту працу
У Threads завірусіўся пост з аб’явай Юравіцкага лясніцтва Калінкавіцкага лясгаса аб запрашэнні ўсіх жадаючых на пасадку і дапаўненне лясных культур, заўважыў «Флагшток».

У аб’яве пазначана, што работы аплачваюцца: 58 рублёў за пасадку 1 тысячы лясных культур і 55 рублёў — за 1 тысячу штук пры дапаўненні лясных культур.
Такія расцэнкі выклікалі абмеркаванне. Некаторыя пішуць, што тысячу саджанцаў можна пасадзіць за дзве гадзіны. Іншыя аспрэчваюць:
«Не слухайце тых, хто піша, што гэта лёгка. 1—2 метры адлегласць паміж саджанцам. Уявілі, колькі за дзень пройдзеце? Па разаранай трыбе з пасяўным матэрыялам (па які яшчэ і хадзіць трэба будзе). З інструментам, які важыць нямала і які трэба ўваткнуць і ўтаптаць у зямлю. Гэта вельмі цяжка. 58 рублёў за такую працу? Я ў шоку».
«Здзекліва выглядае такая аплата. Напісалі б, што запрашаюць валанцёраў, абед і пачастункі ад арганізатараў».
Арыенціровачны пачатак работ — 16 сакавіка ў залежнасці ад пагодных умоў. На сайце лясгаса і на яго старонках у сацсетках такой аб’явы «Флагшток» не знайшоў.
Каментары