Гісторыя

Выйшаў чарговы нумар «Запісаў БІНІМ»

Пабачыў свет новы 45‑ты выпуск альманаху беларусаў эміграцыі «Запісы БІНіМ» (2025—2026). Што ў ім?

Першай ягонай тэмай ёсьць Беларуская фундацыя Крачэўскага (Беларуская фундацыя Крачэўскага / Belarusian Kreceuski Foundation ) — інстытуцыя ў ЗША, заснаваная для збіраньня беларускіх архіваў у замежжы, напісала ў фэйсбуку доўгагадовая рэдактарка «Запісаў», даследчыца эміграцыі Наталля Гардзіенка.

У гэтым выпуску альманаха змешчаны агляд гісторыі і сучаснасці Фундацыі, зроблены яе архівісткай Валянцінай Трыгубовіч, апісанне ўжо апрацаваных архіўных фондаў, а таксама некаторыя дакументы з іх: эпісталярыі Юркі Віцьбіча (1905—1975) і Антона Адамовіча (1909—1998), падарожныя лісты Васіля Шчэцькі (1922—2011), ліст Васіля Быкава (1924—2003) да Зоры Кіпель (1927—2003), успаміны Кастуся Вераб'я (1931—2024) і іншае.

У асобны раздзел «Запісаў» вылучаныя тэксты, прысвечаныя беларускай прысутнасці ў ЗША.

Найперш гэта нататкі Аляксандра Сімакова пра неапублікаваныя крыніцы па гісторыі беларускай дыяспары ў Ціхаакіянскіх штатах ЗША, а таксама артыкулы пра розныя беларускія арганізацыі: Фонд Адраджэння Беларусі (Наталля Гардзіенка), Вашынгтонскі аддзел Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (Вячаслаў Бортнік), Асацыяцыю Беларусаў у Амерыцы (Вольга Бромэн і Надзея Нортан), суполку беларусаў у Сан-Дыега (Марыя Яфімава). Тут жа публікуецца інтэрв'ю з беларускай этнографкай, стваральніцай фальклорнага гурта VOLYA ў Сіэтле Волей Дземкай.

У традыцыйна разнастайным раздзеле «Публікацыі» змешчаныя тэксты, прысвечаныя розным аспектам, творам і дакументам, звязаным з беларускім замежжам.

Украінская даследчыца Вольга Зубко рэпрэзентуе адзін з БНРаўскіх мемарандумаў, падрыхтаваных на Парыжскую мірную канферэнцыю пасля Першай сусветнай вайны. Лявон Юрэвіч паказвае, як ставіліся да свайго калегі па пісьменніцкім цэху Айзека Кучара (1910—1996) беларускія пісьменнікі-эмігранты. Вера Бейка збірае разам розныя згадкі пра смерць у лагеры паэта Уладзіміра Хадыкі (1904—1940). Віктар Жыбуль распавядае пра невядомую паэму Алеся Пруднікава (1910—1941), «сібірскую» старонку нашай гісторыі. А Віталь Воранаў паказвае маркі з выявамі беларускай дуды, што выйшлі за мяжой у апошнія гады.

Другая вялікая тэма гэтага выпуску «Запісаў» — беларускія газеты, што выходзілі ў Берліне падчас Другой сусветнай вайны.

У раздзеле «Выданні» змешчаныя ўспаміны, вершы, артыкулы з газет «Раніца» і «Беларускі Работнік», інфармацыя з якіх можа быць цікавая і актуальная для сённяшніх даследчыкаў і аматараў гісторыі і літаратуры.

У наступнай рубрыцы «Успаміны» публікуецца тэкст мемуараў брытанскага беларуса Паўла Навары (1927—1983), што некалі друкаваўся ў лонданскім часопісе «Голас Часу».

Раздзел «Архіваліі» распачынае вялікая публікацыя пратаколаў віленскага Беларускага навуковага таварыства (1918—1942). Далей тэксты памфлетаў Лявона Савёнка (1897—1974) і Антона Адамовіча, апублікаваных у мінскай «Беларускай газеце» ў 1944 г., суправаджаюцца рэфлексіямі Веры Бейкі. З той самай газеты паходзіць артыкул, прысвечаны нашаніўскаму паэту Альберту Паўловічу (1875—1951).

Са згаданай вышэй газеты «Раніца» ўзятая і нізка вершаў Юльяна Сергіевіча (1910—1976). Напрыканцы раздзела пісьменніца Ганна Янкута рэпрэзентуе гісторыю першага апублікаванага верша Карласа Шэрмана (1934—2005), яго арыгінальны тэкст на іспанскай мове і пераклад на беларускую.

Раздзел «Эпісталярыі» складаецца з лістоў Наталлі Арсеньневай (1903—1997) да Юркі Віцьбіча, Юліяны Вітан-Дубейкаўскай, Янкі Запрудніка, Вітаўта і Зоры Кіпеляў з архіваў БІНіМу, а таксама з публікацыі лістоў Вітаўта Кіпеля (1927—2022) да слонімскага краязнаўцы Сяргея Чыгрына.

У рубрыцы «Жанр» публікуецца некралог адраджэнскага дзеяча і бургамістра Мінска падчас нямецкай акупацыі Вацлава Іваноўскага (1880—1943), тэкст, прысвечаны спадчыне Ядвігіна Ш. (1869—1922) на эміграцыі, і фельетон, натхнёны ёй, аўтарства Наталлі Арсеньневай, іншы фельетон «Лісты да сабакі» пісьменніка і журналіста ў Мюнхене Пятра Сыча (1912—1963), а таксама роздумы вакол беларускай палітычнай сатыры Веры Бейкі.

У раздзеле «Асоба» сабраныя тэксты пра беларускіх дзеячаў на эміграцыі розных часоў: эсэра Язэпа Мамоньку (1889—1937) — Ігара Барынава і Сяргея Кнырэвіча, публіцыста і знаўцу беларускіх карт Віктара Астроўскага (1912—1975) — Юрыя Грыбоўскага, літаратуразнаўцу Язэпа Гуткоўскага (Ізыдара Плашчынскага) (1908—1986), гісторыка Гіпаліта Паланевіча (1907—1997) — Наталлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча.

У рубрыцы «Беларусіка» Лявон Юрэвіч глядзіць вачыма беларускіх эмігрантаў на творчасць Язэпа Пушчы (1902—1964), а польскі беларусіст Радаслаў Калета у англамоўным тэксце рэпрэзентуе гісторыю прысутнасці беларускіх тэм на канферэнцыях Асацыяцыі славянскіх, усходнееўрапейскіх і еўразійскіх даследаванняў у 1974—2024 гг.

З нагоды 60‑годдзя даследчыка гісторыі беларускай эміграцыі Лявона Юрэвіча (нар. 1965) у гэтым выпуску альманаха публікуецца артыкул, прысвечаны гісторыі яго сям'і, дзейнасці яго маці, мовазнаўцы і педагога Алены Казіміраўны Юрэвіч (1933—2006), а таксама творчасці самога юбіляра. А ў наступным раздзеле змешчаны яго ж аповед пра цікавыя дароўныя надпісы на кнігах у яго хатняй бібліятэцы.

У рубрыцы «Вакол кнігі» можна прачытаць водгук Алеся Кіркевіча на выданне тома «Выбранае» Кастуся Езавітава (1893—1946) у серыі Беларускага інстытута навукі і мастацтва (БІНІМ)(«Спадчына БНР», а таксама грунтоўныя дадаткі да бібліяграфіі гэтага беларускага дзеяча ў міжваеннай і ваеннай Латвіі.

У раздзеле «Угодкі» змешчаныя разнастайныя матэрыялы, звязаныя з юбілярамі 2025 г.: Францішкам Кушалем (1895—1968), Юркам Віцьбічам (1905—1975), Янам Пятроўскім (1905—2001), Чаславам Найдзюком (1915—1955) і Чаславам Будзькам (1913—1985).

Традыцыйна завяршаюць выпуск агляд публікацый беларускіх перыядычных выданняў за мяжой у 2025—2026 гг. і хроніка БІНіМа.

Набыць альманах можна ў крамах «Камуніката» ў Варшаве і Беластоку.

***

Архіўнае фота

Альманах «Запісы» быў заснаваны ў 1952 г. у Нью-Ёрку грамадскай арганізацыяй Беларускі інстытут навукі і мастацтва — найстарэйшай дзейнай беларускай навукова-асветнай установай на Захадзе. Спачатку ён выходзіў у Нью-Ёрку, потым у 1962—1970 гг. — у Мюнхене, затым выданне зноў вярнулася ў Нью-Ёрк, а ад 2002 г. гэта ўжо быў нью-ёркска-менскі выдавецкі праект, «Запісы» выдаваліся ў Мінску. А 2022 года яны зноў выходзяць у ЗША

Каментары

Цяпер чытаюць

Від на Каложскую царкву безнадзейна сапсаваны41

Від на Каложскую царкву безнадзейна сапсаваны

Усе навіны →
Усе навіны

«Цяпер я здаю 41 кватэру ў Мінску і хачу вырасці да 100 кватэр». Беларус расказаў пра бізнэс на кароткатэрміновай арэндзе жылля31

У Пятрухіна на стрыме выбілі з рук тэлефон. Блогер абрынуўся на беларусаў Уроцлава37

Самы доўгі тралейбусны маршрут Мінска збіраюцца зрабіць яшчэ даўжэйшым

У мінскім метро расказалі, колькі часу займае паездка ад першай да апошняй станцыі

Кіраўнік МЗС Літвы пракаментаваў магчымасць змякчэння санкцый супраць Беларусі і яе ролю ў мірных перамовах6

Гіганцкі фантан працаваў сёння раніцай у Мінску

Памерла Ганна Садоўская — дзяячка польскай супольнасці ў Ваўкавыску1

«Лік ідзе на хвіліны, а сваякі павінны бегаць па вуліцы і шукаць мужчын». Ці павінна хуткая дапамога выносіць пацыента з кватэры?13

«Пад канвоем вывезлі нас з мяжы». Расійская блогерка расказала пра затрыманне мужа на беларускай мяжы праз падпіску5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Від на Каложскую царкву безнадзейна сапсаваны41

Від на Каложскую царкву безнадзейна сапсаваны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць