Вайна

Ці пагражае Крыму блакада праз паралізаваны Крымскі мост?

Крымскі мост, відаць, зазнаў самыя сур'ёзныя пашкоджанні ад часу пачатку поўнамаштабнай вайны. Пасля двух удараў адна з арак абвалілася, а аўтамабільныя зносіны з акупаваным паўвостравам спыніліся. Чыгуначны рух аднавілі, але пакуль па адной каляіне. Ці зможа Расія кампенсаваць страту пераправы іншымі маршрутамі і ці пагражае Крыму транспартная блакада, піша на Бі-бі-сі вайсковы аналітык Ілля Абішаў.

Калаж: Бі-бі-сі

Што вядома пра пашкоджанні

У ноч на 17 лістапада Крымскі мост зазнаў паўторную атаку. Паводле паведамленняў маніторынгавых каналаў, адна з арак абвалілася і ўпала ў Керчанскі праліў. Генштаб УСУ заявіў, што аўтамабільная частка моста цалкам выйшла са строю, а чыгуначная таксама зазнала пашкоджанні.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што аперацыю рыхтавалі некалькі тыдняў і каардынавалі СБУ і Генштаб.

Спачатку рух па мосце цалкам спынілі. Пазней чыгуначныя зносіны аднавілі па адной каляіне, тады як на другой працягваюцца рамонтныя работы. Аўтамабільная частка так і застаецца закрытай. Расійскі віцэ-прэм'ер Марат Хуснулін паведаміў, што ўрадавая камісія абмеркавала альтэрнатыўныя маршруты дастаўкі грузаў у Крым, ацэнку пашкоджанняў і пачатак аднаўленчых работ.

Паводле паведамленняў маніторынгавых тэлеграм-каналаў, разбурана адна з арак Крымскага моста. Фота: Exilenova+

Ці пагражае Крыму транспартная блакада?

Крымскі мост праз Керчанскі праліў перажыў ужо дзве вялікія атакі, у выніку якіх былі сур'ёзна пашкоджаныя аўтамабільныя пралёты. Гэта адбылося 8 кастрычніка 2022 года і 17 ліпеня 2023-га.

Аднак цяперашнія разбурэнні выглядаюць больш маштабнымі. Гэтым разам гаворка ідзе пра пашкоджанне вялікай аркавай канструкцыі.

Пасля атакі 16 лістапада рух аўтамабіляў па мосце абмежавалі. Пазней расійскі віцэ-прэм'ер Марат Хуснулін паведаміў, што яго аднавілі ў рэверсіўным рэжыме.

Паўторная атака ў ноч на 17 лістапада аказалася яшчэ больш магутнай. У ёй выкарысталі не толькі беспілотнікі, але і ракеты — у прыватнасці FP-5 «Фламінга». У раёне моста зноў прагучалі выбухі — прычым у той жа самай яго частцы, якая зазнала ўдар напярэдадні.

На відэазапісах, што з'явіліся ў аўторак раніцай, відаць, што адной з арак аўтамабільнай часткі ўжо няма, а ўчастак дарожнага палатна апынуўся ў вадзе. Паралельная аркавая канструкцыя чыгуначнай часткі ўстаяла, аднак, магчыма, таксама пашкоджана.

Паводле паведамленняў заходніх і ўкраінскіх медыя, уся масіўная аўтамабільная арка даўжынёй каля 227 метраў разбурылася і ўпала ў праліў.

Гэта, відавочна, крытычнае пашкоджанне пераправы. Арка — не проста дэкаратыўны элемент моста. Яна бярэ ўдзел у размеркаванні нагрузкі і падтрымлівае канструкцыю пралёта, забяспечваючы ўстойлівасць усёй сістэмы.

Пра поўную блакаду Крыма пакуль што гаварыць занадта рана. Але рызыка сур'ёзнага транспартна-лагістычнага крызісу прыкметна ўзрасла.

Разбурэнне аркавай канструкцыі Крымскага моста абмяжоўвае зносіны з Расіяй — прынамсі да аднаўлення пераправы. У той жа час Крым не застаецца цалкам адрэзаным ад свету.

Па-першае, застаецца сухапутны калідор праз акупаваныя раёны Запарожскай і Херсонскай абласцей. Аднак Украіна сістэматычна наносіць удары па транспартных маршрутах на поўначы Крыма, мастах і іншых пераправах у раёне Чангара. Гэта ўжо стварыла праблемы з дастаўкай паліва і іншых грузаў, у прыватнасці вайсковых.

Па-другое, ёсць паромная пераправа праз Керчанскі праліў. Яна можа часткова кампенсаваць страту моста, але яе магчымасці вельмі абмежаваныя. Да таго ж сама пераправа таксама ўразлівая для ўкраінскіх удараў.

Па-трэцяе, Расія можа пастаўляць грузы ў акупаваны Крым морам. Але і гэты шлях звязаны з рызыкамі, паколькі ў акваторыі дзейнічае шмат украінскіх марскіх і паветраных беспілотнікаў. Акрамя таго, абломкі Крымскага моста, асабліва яго велізарная арка, маглі перакрыць суднаходны канал. Гэта ўскладняе праход вялікіх суднаў і стварае дадатковыя праблемы для партоў Азоўскага мора, якія зараз акупаваныя расіянамі — Марыупаля і Бярдзянска.

Крымскі мост — законная вайсковая цэль

Кіеў неаднаразова заяўляў, што лічыць Крымскі мост законнай вайсковай цэллю, паколькі Расія выкарыстоўвае яго для забеспячэння сваіх войскаў. У сваім паведамленні пра аперацыю Уладзімір Зяленскі таксама падкрэсліў, што ўдар па мосце стаў адказам на расійскія атакі на ўкраінскую цывільную інфраструктуру.

«Расія штодня наносіць удары па нашай інфраструктуры, у прыватнасці па мастах у Запарожжы, Дняпры, Кіеве, на Адэшчыне. Мы аднаўляем нашу інфраструктуру. Але і нагадваем Расіі, што вайна заўсёды будзе вяртацца туды, адкуль яна пачалася», — заявіў прэзідэнт Украіны.

Гэта трэцяя вялікая атака на Крымскі мост ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. У кастрычніку 2022 года на мосце падарвалі грузавік з выбухоўкай, у выніку чаго было разбурана некалькі пралётаў.

Улетку 2023 года мост атакавалі марскія беспілотнікі — тады разбурылі адзін з аўтамабільных пралётаў.

Улетку 2025 года УСУ правялі яшчэ адну аперацыю, заклаўшы выбухоўку пад апорамі моста. Тады, аднак, расійскія ўлады сцвярджалі, што канструкцыя не зазнала пашкоджанняў.

Каментары

Цяпер чытаюць

Крымскі мост зруйнаваны ўдарам украінскіх ракет48

Крымскі мост зруйнаваны ўдарам украінскіх ракет

Усе навіны →
Усе навіны

Расія атакавала балістычнымі ракетамі Паўночны і Паўднёвы масты Кіева2

У Расіі заявілі, што ўдзел Еўропы ў перамовах па Украіне з імі не ўзгадняўся. Хоць Уіткаф і Кушнер сцвярджалі адваротнае2

Былая жонка буйнога беларускага бізнэсмена прысвяціла разводу мастацкую выставу: з выкарыстанымі прэзерватывамі12

Па Мазыры панесліся чуткі пра маньяка і серыйныя забойствы. А што напраўду?

18‑гадовы аргенцінскі футбаліст памёр пасля прылёту мяча ў галаву1

Урсула фон дэр Ляен прывяла Беларусь як прыклад, да чаго прыводзіць адмова ад еўраінтэграцыі21

Беёнсэ стала першай артысткай, якую намінавалі на «Грэмі» 100 разоў1

Расійскі хакеіст, які амаль усю кар'еру гуляў у Беларусі, пайшоў заваёўваць Украіну і загінуў1

30‑гадовы блогер Максім Пушкін зрабіў другую перасадку валасоў. Колькі заплаціў?17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Крымскі мост зруйнаваны ўдарам украінскіх ракет48

Крымскі мост зруйнаваны ўдарам украінскіх ракет

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць