Беларускія студэнты заваявалі шэсць залатых медалёў на Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе
У агульнакамандным заліку нашы хлопцы сталі другімі.

Студэнты факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ выйгралі шэсць залатых медалёў на 33‑й Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе. Узнагароды заваявалі другакурснікі Васіль Дзянісаў і Глеб Сцяпанычаў, трэцякурснікі Мацвей Вылегжанін і Усяслаў Красненка, а таксама чацверакурснікі Мацвей Зорка і Мікіта Шутро, паведамляе Мінадукацыі.
Кіраўнікамі каманды выступілі прадстаўнікі кафедры фундаментальнай матэматыкі і інтэлектуальных сістэм ФПМІ БДУ: старшы выкладчык Сяргей Чарноў і дацэнт Ганна Задаражнюк.
Па колькасці залатых медалёў каманда заняла другое месца сярод 135 універсітэцкіх каманд, саступіўшы толькі Маскоўскаму фізіка-тэхнічнаму інстытуту.
Алімпіяда праходзіла з 27 ліпеня па 3 жніўня ў Благоеўградзе (Балгарыя) і сабрала каля 500 удзельнікаў з 48 краін. Студэнтам трэба было вырашыць 10 задач з галіны алгебры, матэматычнага аналізу, камбінаторыкі, аналітычнай геаметрыі і тэорыі лікаў.
Каманда БДУ бярэ ўдзел у алімпіядзе з 2001 года. За гэты перыяд у скарбонцы ўзнагарод — 103 медалі, сярод якіх 52 залатыя, у тым ліку сем Гран-пры і абсалютныя першыя месцы. Каманда БДУ двойчы станавілася першай у свеце ў агульнакамандным заліку.
-
Расіяніну, які п'яным пабіўся з ахоўнікамі мінскага метро, вынеслі лагодны прысуд
-
Латушка пра магчымасць вайны ў Беларусі: Гэта ж вар'яцтва, не ўяўляю, як крамлёўская прапаганда будзе тлумачыць гэта
-
«Да канца года, спадзяюся, зможам рэалізаваць адну-дзве рэчы». Бабарыка — пра свой новы праект і беларускую мову
Цяпер чытаюць
DDoS-атака ідзе на сайты адразу некалькіх беларускіх СМІ. Магчыма, яна звязаная з шостай гадавінай народнага ўздыму 2020‑га і канферэнцыяй «Новая Беларусь», што адкрылася сёння
Каментары