Гэта люстраны адказ на рэакцыю Рыма праз наплыў мігрантаў у іспанскую Сеуту. Але агульнай сухапутнай мяжы ў Італіі і Іспаніі няма.

Іспанія ўвяла памежны кантроль для тых, хто прыбывае з Італіі паветраным і марскім шляхам, на фоне абвастрэння канфлікту паміж дзвюма краінамі Еўрасаюза, выкліканага рэакцыяй на нядаўні наплыў некалькіх дзясяткаў тысяч мігрантаў з Марока ў іспанскі эксклаў Сеута ў Афрыцы. Агульнай наземнай мяжы ў Італіі і Іспаніі няма, піша Бі-бі-сі.
Як вынікае з заявы іспанскіх уладаў, памежны кантроль, які ўключае праверку пашпартоў, грамадзянства і візаў для грамадзян трэціх краін, уводзіцца на месяц — да 7 верасня.
Рашэнне прынятае «на фоне ціску з боку нелегальных мігрантаў», цытуе афіцыйную заяву Reuters.
Іспанскі ўрад абвясціў пра ўвядзенне памежнага кантролю пасля таго, як тыдзень таму Італія ўвяла аналагічныя меры ў дачыненні да грамадзян трэціх краін, якія прыбываюць з Іспаніі, патлумачыўшы гэта нядаўнім наплывам больш як 70 тысяч мігрантаў з Марока ў іспанскі эксклаў Сеуту ў Афрыцы. Уводзячы часовае абмежаванне дзеяння Шэнгенскага пагаднення, якое прадугледжвае свабоднае перамяшчэнне праз унутраныя межы краін — членаў саюза, Рым патлумачыў гэта спробай не дапусціць, каб мігранты, якія трапілі ў Сеуту, пасля апынуліся ў Італіі.
Мадрыд назваў гэтыя аргументы «надуманымі» і такімі, што не маюць ніякіх фактычных падстаў, паколькі мігранты, якія трапілі ў Сеуту, не мелі магчымасці трапіць у еўрапейскую шэнгенскую зону з-за асаблівага статусу горада-эксклава.
Пры гэтым большая частка мараканцаў, якія знаходзіліся ў Сеуце, ужо вярнулася назад: паводле даных на гэты тыдзень, у Сеуце заставаліся каля 2000 чалавек, пераважна моладзі, якія прыбылі туды ў канцы ліпеня марскім шляхам з Марока, паведаміла МУС Іспаніі.
У пятніцу Іспанія запатрабавала ад Італіі адмяніць памежны кантроль у дачыненні да тых, хто прыбывае з Іспаніі, не пазней за нядзелю, 9 жніўня, даўшы зразумець, што гатовая ўвесці аналагічныя меры, калі кантроль захаваецца. МЗС Іспаніі выклікала італьянскага пасла.
Аднак улады Італіі ў той жа дзень заявілі, што не будуць выконваць «ультрыматумы» Іспаніі і «ні пры якіх абставінах» не стануць пераглядаць пастанову аб аднаўленні памежнага кантролю, які будзе дзейнічаць як мінімум да 15 жніўня — калі, паводле іх інфармацыі, чакаецца новая хваля мігрантаў у Сеуце.
Іспанія не заяўляла, што чакае другую хвалю міграцыі ў Сеуту. Такія чуткі распаўсюджваюцца ў сацыяльных сетках. Тым не менш, паводле заявы італьянскіх уладаў, кантроль будзе зняты толькі тады, калі яны змогуць пераканацца «ў адсутнасці пагроз бяспецы і тэрарызму, новай хвалі міграцыі, а таксама нелегальных мігрантаў, якія накіроўваюцца на тэрыторыю Еўропы», прыводзіць Reuters вытрымкі з афіцыйнай заявы.
Да чаго прывяло вяртанне памежнага кантролю
Абвяшчаючы пра ўвядзенне памежнага кантролю для тых, хто прыбывае з Іспаніі, італьянскія афіцыйныя асобы заявілі, што грамадзяне Іспаніі і іншых краін Шэнгенскай зоны будуць вызваленыя ад дадатковых праверак і што памежнікі робяць «усё магчымае», каб забяспечыць ім максімальны камфорт.
Аднак, як паведамляе іспанская El País, у апошнія дні ў некалькіх тэрміналах італьянскіх аэрапортаў назіраліся доўгія чэргі на памежным кантролі, пры гэтым пасажыраў, якія прыбываюць з Іспаніі, накіроўвалі ў асобную чаргу для праходжання праверак.
У рымскім аэрапорце «Ф’юмічына», які ў летні сезон штодня прымае ад 55 да 60 рэйсаў з Іспаніі, некалькі пасажыраў рэйса іспанскай авіякампаніі Iberia з Мадрыда пацвердзілі агенцтву EFE, што ў пятніцу супрацоўнікі паліцыі правяралі дакументы пасажыраў яшчэ на трапе, які злучае самалёт з тэрміналам.
Таксама Iberia разаслала пасажырам сваіх рэйсаў у Італію паведамленні пра тое, што італьянскія ўлады «часова аднавілі памежны кантроль», даведалася El País.
Палітычны кантэкст
Люстраныя дзеянні ўладаў Італіі і Іспаніі адлюстроўваюць супрацьлеглыя пазіцыі іспанскага прэм’ер-міністра-сацыяліста Пэдра Санчэса і кіраўніцы італьянскіх правых кансерватараў Джорджы Мелоні, якая выступае за ўзмацненне міграцыйных правілаў у ЕС.
Як пісала El País, сутыкнуўшыся з міграцыйным крызісам у Афрыцы, Іспанія чакала ад іншых краін ЕС рэакцыі, падобнай да той, якую Еўрасаюз прадэманстраваў у 2021 годзе, калі тысячы людзей спрабавалі трапіць у саюз праз мяжу Беларусі з краінамі Балтыі і Польшчай. Аднак у выпадку з крызісам у Сеуце рэакцыя была іншай. Рашэнне Італіі аб увядзенні кантролю ў дачыненні да тых, хто прыязджае з Іспаніі, падтрымалі Фінляндыя, Данія, Аўстрыя і Чэхія.
Пры гэтым самі па сабе часовыя прыпыненні дзеяння Шэнгенскага пагаднення і ўвядзенне кантролю на ўнутраных нацыянальных межах — не прэцэдэнт. Напрыклад, у той жа Італіі дзейнічае аналагічны рэжым унутранага кантролю на мяжы са Славеніяй.
Цяпер чытаюць
DDoS-атака ідзе на сайты адразу некалькіх беларускіх СМІ. Магчыма, яна звязаная з шостай гадавінай народнага ўздыму 2020‑га і канферэнцыяй «Новая Беларусь», што адкрылася сёння
Каментары