Просты электраманцёр з Асіповічаў сабраў багатую калекцыю дробных манет з усяго свету
Праца Міхаіла Самарцава не звязаная з касай, банкам ці бухгалтэрыяй. Ён працуе электраманцёрам у раённых электрычных сетках, але пры гэтым можа расказаць шмат цікавага пра грошы. Міхаіл захапляецца калекцыянаваннем самых дробных манет розных краін, піша выданне «Асіповіцкі край».

Гэта хобі з’явілася ў Міхаіла яшчэ ў дзяцінстве. Калісьці з ім яго пазнаёміў стрыечны брат з Салігорска. Хлопец пачаў збіраць капейкі, бо зразумеў, што нават дробныя манеты могуць мець каштоўнасць, калі гэта не звычайныя грошы найменшага наміналу, якія знаходзяцца ў абарачэнні, а грашовыя адзінкі іншых краін мінулых стагоддзяў. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на манеты, выпушчаныя пачынаючы з 1800 года.
Цяпер калекцыя жыхара Асіповічаў налічвае больш за тысячу манет са звыш ста краін свету. Усе яны маюць аднолькавы намінал, але адрозніваюцца часам выпуску, манетным дваром, тыпам, металам, афармленнем гурта (рабра), дыяметрам і вагой.
Сярод экспанатаў ёсць рэдкія асобнікі. Напрыклад, дацкі рыгсбанкдалер 1838 года і адна з егіпецкіх манет, выпушчаных невялікім накладам. Асаблівую цікавасць мае манета з Паўднёвай Афрыкі, на абодвух баках якой адчаканены рэверс. Такі грашовы знак мае калекцыйную каштоўнасць і каштуе дорага.
Манеты трапляюць да Міхаіла рознымі шляхамі. Шмат якія ён знаходзіць на спецыялізаваных гандлёвых пляцоўках, набывае на аўкцыёнах або абменьвае з іншымі калекцыянерамі. Некаторыя асобнікі яму выпадкова трапляліся, іншыя дарылі знаёмыя, а нешта ён прывозіў з замежных паездак. Сярод апошніх набыткаў — некалькі фінскіх манет, якія перадаў яму брат, таксама зацікаўлены нумізматыкай.
Паколькі большасць манет мае доўгую гісторыю, часта яны знаходзяцца не ў найлепшым стане. Міхаіл навучыўся ацэньваць іх якасць: ступень зносу, наяўнасць карозіі, стан гурта і выразнасць рэльефу. Ён таксама асвоіў метады рэстаўрацыі. Усе работы выконвае сам, выкарыстоўваючы спецыяльныя сродкі з улікам матэрыялу, з якога вырабленая кожная манета.
Спачатку калекцыянер захоўваў свае першыя знаходкі ў шкатулцы. Цяпер жа ўся калекцыя займае 15 сучасных альбомаў. Манеты ў іх размеркаваныя па краінах і кантынентах, а раздзелы пазначаныя сцягамі адпаведных дзяржаў. Дзякуючы гэтаму захапленню Міхаіл заадно вывучыў і сцягі розных краін.

Калекцыя паступова павялічваецца, ахопліваючы ўсё больш краін свету.
Міхаіл са шкадаваннем адзначае, што сучасная моладзь стала менш цікавіцца старымі манетамі. Паводле яго слоў, калекцыянаванне грашовых знакаў — гэта не проста хобі, а магчымасць літаральна трымаць у руках гісторыю. Манеты дапамагаюць даведвацца пра краіны і эпохі, змены ў грашовых сістэмах, а таксама пра тое, як змяняліся матэрыялы і тэхналогіі чаканкі.
Нават пацёртая манета можа расказаць значна больш, чым здаецца на першы погляд. Многія такія экзэмпляры ўжо не выкарыстоўваюцца як плацежны сродак, але застаюцца часткай культурнай спадчыны, якую неабходна вывучаць і захоўваць.
Беларуска сабрала 1 001 кубак з 76 краін свету. Яе калекцыя каштуе больш за 10 000 рублёў
Асабістая машына Якуба Коласа гніе ў гаражы. Беларусы ўжо гатовыя скінуцца на рамонт, але з агаворкай
Памёр футбольны калекцыянер, які апранаў моладзь у майкі з Лукашэнкам
За беларускую манету наміналам 50 рублёў просяць 2150 даляраў
Каментары