Карупцыйны скандал у Венгрыі: міністр Орбана закапаў у лесе 17 мільёнаў еўра
Падчас расследавання карупцыі ў дачыненні да былога міністра следчыя выявілі наяўныя грошы на суму каля 17,6 мільёна еўра. Паводле звестак венгерскага антыкарупцыйнага ведамства NVVH, буйныя сумы ў розных валютах былі схаваныя ў лесе, сельскагаспадарчых пабудовах, складскіх памяшканнях і жылым доме падазраванага. Яшчэ частку грошай знайшлі ў тайніку ў сейфе, піша BILD.

У цэнтры расследавання знаходзіцца Міклаш Шастак, былы міністр нацыянальнага развіцця ва ўрадзе Віктара Орбана. Мяркуецца, што ён атрымаў каля 34 мільёнаў еўра хабару. З канца верасня ён знаходзіцца пад вартай.
Шаастак — не адзіны чалавек з атачэння Орбана, у дачыненні да якога вядзецца расследаванне. На гэтым тыдні быў таксама арыштаваны малодшы брат Орбана Аран. Яго падазраюць у гандлі людзьмі і аказанні ціску.
Акрамя таго, пад вартай знаходзіцца былы кіраўнік Цэнтральнага банка Дзёрдзь Матолчы. Паводле пракуратуры, гаворка ідзе пра злоўжыванне сродкамі фонду банка.
Новы прэм'ер-міністр Венгрыі Петэр Мадзьяр пасля сваёй перамогі на выбарах у красавіку абяцаў выкрыць злачынную сетку Орбана. Цяпер ён назваў выяўленне мільёнаў еўра ў Шастака доказам існавання карумпаванай сістэмы.
«З сённяшняга дня даказана, што Віктар Орбан — мафіёзны бос. Зрынуты мафіёзны бос», — заявіў Мадзьяр у Facebook.
Орбан гаворыць пра палітычную «тыранію»
Сенсацыйная знаходка мільёнаў, імаверна, яшчэ больш узмоцніць ціск на Орбана. Цяпер следчым трэба высветліць, адкуль менавіта ўзяліся гэтыя грошы і хто яшчэ мог быць уцягнуты ў гэтую карупцыйную сістэму.
Сам Орбан адхіляе абвінавачанні. Расследаванні і арышты ён называе палітычнай «тыраніяй», з дапамогай якой яго хочуць выцесніць з палітычнай сцэны.
Новае антыкарупцыйнае ведамства NVVH было створана на падставе законапраекта ўрада Мадзьяра, прапанаванага ў ліпені 2026 года. Яшчэ падчас перадвыбарнай кампаніі стварэнне гэтага ведамства было адным з галоўных абяцанняў Мадзьяра.
Каментары