Свет

Свет на парозе фінансавага абвалу, яшчэ больш агрэсіўны Трамп і небяспека для Тайваня. The Economist даў прагноз на 2027 год

Часопіс вылучыў дзесяць тэндэнцый, якія вызначаць наступны год.

Фота: Ying Tang / NurPhoto via Getty Images

Трамп будзе змагацца за ўплыў яшчэ больш агрэсіўна, бурбалка штучнага інтэлекту можа лопнуць праз даўгі кампаній, а прэзідэнцкія выбары ў Францыі ў стане страсянуць увесь Еўрасаюз. The Economist апублікаваў дзесяць галоўных тэм наступнага года ў сваім штогадовым выпуску The World Ahead.

«Сучаснае жыццё часам нагадвае навуковую фантастыку. Дроны змянілі вайну. Таксі ездзяць самі. Мадэлі штучнага інтэлекту выходзяць з-пад кантролю. Чалавекападобныя робаты наступаюць. Ёсць ін’екцыі, якія робяць вас зграбнейшымі і здаравейшымі — калі вы можаце іх сабе дазволіць. Не хапае толькі іншапланецян», — піша рэдактар выпуску Том Стэндыдж.

Іншапланецян у 2027‑м ён не чакае. Але і без іх год, паводле прагнозу выдання, будзе неспакойным.

1. Эпоха Трампа наблізіцца да канца, але сам ён стане яшчэ больш агрэсіўным

У ЗША пачнецца барацьба за тое, хто прыйдзе пасля Дональда Трампа. Але сам прэзідэнт не збіраецца спакойна дабываць свой тэрмін. Пасля пераходу абедзвюх палат Кангрэса пад кантроль дэмакратаў ён, паводле The Economist, стане яшчэ больш непрадказальным.

Выданне чакае новых прэзідэнцкіх указаў, судовых канфліктаў, раптоўных перайменаванняў, грандыёзных будоўляў і вайсковых авантур. Так Трамп будзе спрабаваць утрымаць увагу і ўплыў.

«Ён будзе не «кульгавай качкай», а хутчэй разбуральнай Angry Bird», — піша рэдактар выпуску Том Стэндыдж.

2. Вайна з Іранам ударыць па цэнах на энергію і пастаўках харчавання

Хуткага і канчатковага ўрэгулявання канфлікту выданне не чакае. Нават калі баявых дзеянняў стане менш, наступствы вайны будуць адчувацца ўвесь 2027 год. Зменяцца адносіны паміж краінамі Блізкага Усходу і маршруты паставак энергарэсурсаў.

Дэфіцыт угнаенняў створыць пагрозу ўраджаям і забеспячэнню людзей харчаваннем.

Сам іранскі рэжым, паводле прагнозу, узмоцніць кантроль унутры краіны.

А міжнародны аўтарытэт ЗША ўжо пацярпеў: на думку The Economist, іх саюзнікі больш ім не давяраюць, а праціўнікі больш іх не баяцца.

3. 2027 год можа стаць самым гарачым у гісторыі

The Economist прагназуе новы тэмпературны рэкорд. Адна з прычын — чаканае моцнае Эль-Ніньё: пацяпленне вады ў частцы Ціхага акіяна, якое ўплывае на надвор’е па ўсім свеце. Рызыка засух, лясных пажараў і небяспечных хваляў спёкі вырасце.

Адначасова нестабільныя цэны на энергарэсурсы будуць падштурхоўваць краіны да аднаўляльнай энергетыкі. Сонечныя і ветравыя электрастанцыі дазваляюць менш залежаць ад ваганняў сусветных рынкаў. Таму Трамп, іранізуе выданне, мімаволі стаў «найлепшым прадаўцом» аднаўляльнай энергіі.

4. Бурбалка штучнага інтэлекту можа лопнуць

Кампаніі ўкладаюць велізарныя грошы ў развіццё ШІ і ўсё больш пазычаюць. Пры гэтым фінансавыя здзелкі становяцца складанымі і непразрыстымі. Паводле выдання, гэта павялічвае рызыку абвалу на рынку.

Але фінансавыя праблемы — толькі частка пагроз.

Больш здольныя мадэлі ШІ дапамогуць зламыснікам праводзіць кібератакі.

Страхі наконт масавай страты працоўных месцаў і спажывання дата-цэнтрамі вады ды электраэнергіі The Economist лічыць перабольшанымі.

5. Марын Лё Пен можа стаць прэзідэнткай Францыі і пахіснуць Еўрасаюз

Галоўнай палітычнай інтрыгай у Еўропе стануць французскія выбары. The Economist лічыць, што ў Марын Лё Пен ёсць добрыя шанцы перамагчы.

Яе прыход да ўлады можа ўскладніць супрацоўніцтва Францыі і Германіі — дзвюх краін, ад узгаднення пазіцый якіх залежаць многія рашэнні Еўрасаюза.

Нервовай можа быць і рэакцыя інвестараў. Францыя ўжо мае вялікі дзяржаўны доўг, а палітычная нявызначанасць здольная зрабіць новыя пазыкі для яе яшчэ даражэйшымі.

6. Багатыя краіны могуць не вытрымаць цяжару ўласных даўгоў

Не толькі Францыя жыве не па сродках. Многія заможныя краіны шмат трацяць і ўсё даражэй плацяць за пазычаныя грошы. Ціск узмацняюць рост цэн на энергію і велізарны попыт на сродкі для будаўніцтва інфраструктуры ШІ.

Высокія працэнтныя стаўкі б’юць і па кампаніях, і па звычайных людзях: браць крэдыты становіцца цяжэй. Выданне не называе краіну, дзе першай можа пачацца крызіс, але папярэджвае: «Гэта не можа працягвацца вечна. Нешта недзе мусіць зламацца».

7. Кітайская армія будзе гатовая захапіць Тайвань

Паводле выдання, Сі Дзіньпін паставіў арміі задачу быць гатовай да такой аперацыі да 2027 года. Гэта не азначае, што ўварванне абавязкова адбудзецца ў наступным годзе. Але перыяд для вострава будзе асабліва небяспечным.

Пытанне ў тым, ці паспрабуе Кітай скарыстацца момантам, ці дачакаецца выбараў на Тайвані ў 2028 годзе.

8. Прэпараты для пахудзення зменяць не толькі целы, але і пакупніцкія звычкі

Людзі, якія схуднелі дзякуючы прэпаратам, пачынаюць больш траціць на адзенне, касметыку і фітнес. The Economist называе гэта «шопінгам-рэваншам»: пасля змены знешнасці людзі хочуць абнавіць гардэроб і больш займацца сабой.

Поспех гэтых лекаў таксама вяртае цікавасць фармацэўтычных кампаній да сродкаў для падаўжэння жыцця. Яны бачаць магчымасць стварыць яшчэ адзін вялікі рынак. Гаворка пакуль пра цікавасць да даследаванняў і распрацовак, а не пра з’яўленне гатовых лекаў ад старэння.

9. Палёты ў космас патаннеюць, з’явяцца новыя магчымасці для прыватных станцый

Выданне чакае, што вялікая ракета Starship кампаніі SpaceX пачне рэгулярна выводзіць спадарожнікі. Кітайскія кампаніі таксама прадэманструюць паўторнае выкарыстанне ракетных ступеняў. Гэта павінна зрабіць запускі таннейшымі.

Калі дастаўка грузаў на арбіту будзе каштаваць менш, больш рэальнымі стануць і буйныя прыватныя праекты. Сярод іх — касмічныя станцыі і нават дата-цэнтры.

10. Галівуд звернецца да старых героя і перазагрузіцца

Да 50‑годдзя «Зорных войнаў» у пракат вернуць стары фільм, а новы павінен даць франшызе чарговы старт. Вернуцца і «Мсціўцы», рыхтуецца новы Джэймс Бонд.

Аднак поспех малабюджэтных фільмаў ад ютубераў ставіць перад вялікімі студыямі пытанне: ці не хоча публіка чагосьці новага?

Каментары

Цяпер чытаюць

Крымскі мост зруйнаваны ўдарам ракет «Фламінга»

Усе навіны →
Усе навіны

У Гродне раварыст насмерць збіў пенсіянера2

З’явіліся спадарожнікавыя здымкі пашкоджанняў Крымскага моста пасля ўкраінскай атакі5

Аляксандр Ярашук: Мяне бессэнсоўна ламаць — я не здраджу сваім прынцыпам і каштоўнасцям2

Беларус на юнацкай Алімпіядзе заваяваў бронзу ў брэйкінгу. Вось як яго сустрэлі дома2

У Малдове адмянілі канцэрт беларускага музыкі ДзіДзюЛі пасля зваротаў украінскіх дыпламатаў24

Пад Уроцлавам знайшлі магілу аднаго з пачынальнікаў Слуцкага паўстання. Пасля вайны ён схаваўся ў Сілезіі і выдаваў сябе за матэматыка са Львова2

ЕС уводзіць санкцыі супраць заснавальніцы Wildberries Таццяны Кім8

Паўла Муравейку, які адпрацаваў намеснікам у Адміністрацыі Лукашэнкі толькі паўтара месяца, перавялі ў кіраўнікі Віцебшчыны25

«Памятнік жэртвам фашызму»: у Азарычах з’явіўся дзіўны ўказальнік28

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Крымскі мост зруйнаваны ўдарам ракет «Фламінга»16

Крымскі мост зруйнаваны ўдарам ракет «Фламінга»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць