Да 2035 года мусульман стане больш, чым хрысціян. Цэнтр хрысціянства перамесціцца ў Афрыку
Нараджальнасць, міграцыя і змены ва ўзроставай структуры насельніцтва паступова перакройваюць рэлігійную карту свету. Як менавіта яна можа змяніцца ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі?

У адных краінах усё больш людзей перастаюць адносіць сябе да якой-небудзь рэлігіі, у іншых колькасць вернікаў хутка расце. Каб ацаніць гэтыя тэндэнцыі, амерыканскі Pew Research Center разам з польскім Цэнтрам паглыбленых даследаванняў насельніцтва і рэлігіі (CASPAR) падрыхтавалі прагноз рэлігійнага складу чалавецтва да 2070 года. Пра вынікі даследавання расказвае The Washington Post.
Навукоўцы ўлічылі нараджальнасць, смяротнасць, міграцыю і пераходы людзей паміж рэлігійнымі групамі. Разлікі паказалі, што ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі колькасць прыхільнікаў розных рэлігій будзе змяняцца з вельмі рознай хуткасцю.
Чаму мусульман стане больш за хрысціян
Паводле прагнозу, да 2035 года мусульмане стануць самай шматлікай рэлігійнай групай у свеце. Пры гэтым колькасць хрысціян таксама працягне расці, але значна павольней. З 2020 да 2070 года насельніцтва планеты, як чакаецца, павялічыцца на 29%, колькасць хрысціян — на 30%, а мусульман — на 80%. У выніку да 2070 года ў свеце будзе каля 3,6 мільярда мусульман і амаль 3 мільярды хрысціян.

Такая розніца тлумачыцца перадусім дэмаграфічнымі прычынамі. Мусульманскае насельніцтва ў сярэднім маладзейшае, а нараджальнасць сярод яго вышэйшая. У 2020—2025 гадах на адну мусульманку прыпадала ў сярэднім 3,1 дзіцяці, на хрысціянку — 2,5, а на жанчын іншых рэлігійных груп і тых, хто не адносіць сябе ні да якой рэлігіі, — 1,6. Асабліва высокая нараджальнасць сярод мусульман у Афрыцы на поўдзень ад Сахары — 5,1 дзіцяці на жанчыну.
Пры гэтым рост ісламу не азначае масавага пераходу хрысціян у іншую веру. Як тлумачаць аўтары, 74% прыросту мусульманскага насельніцтва прыпадзе на краіны, дзе мусульмане ўжо складаюць большасць. Аналагічна большасць новых хрысціян з'явіцца ў краінах з пераважна хрысціянскім насельніцтвам.
Зменіцца і геаграфія ісламу. Сёння каля 59% мусульман свету жывуць у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, але да 2070 года іх доля скароціцца прыкладна да паловы. Адначасова будзе расці мусульманскае насельніцтва Афрыкі. У Нігерыі, напрыклад, яно падвоіцца і дасягне 282 мільёнаў чалавек.
Як Афрыка зменіць сусветнае хрысціянства
Афрыка становіцца ўсё больш важным рэгіёнам і для хрысціянства. Яго сусветны цэнтр паступова перамяшчаецца сюды з Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Паводле прагнозу да 2070 года ў краінах на поўдзень ад Сахары будуць жыць 54% усіх хрысціян свету. А Дэмакратычная Рэспубліка Конга абгоніць ЗША і стане краінай з найбольшай колькасцю хрысціян. Паводле прагнозу, іх там будзе каля 299 мільёнаў, што больш як утрая перавысіць паказчык 2020 года.

Гісторык хрысціянства Марк Нол адзначае, што распаўсюджванне рэлігіі ў Афрыцы змяняе і яе аблічча. Тут значна большую ролю, чым у традыцыйных заходніх цэрквах, адыгрываюць харызматычныя формы рэлігійнасці з эмацыйнымі набажэнствамі, верай у цуды і непасрэднае дзеянне Святога Духа. Адначасова рост хрысціянства і ісламу ўзмацняе канкурэнцыю паміж імі.
На Захадзе ж доля хрысціян будзе скарачацца. Да 2070 года яны складуць толькі 48% насельніцтва ЗША і страцяць статус рэлігійнай большасці, хоць хрысціянства застанецца найбуйнейшай рэлігіяй краіны. Другую па колькасці групу складуць людзі, якія не адносяць сябе ні да якой рэлігіі.
У Еўропе доля хрысціян можа зменшыцца з 67% у 2020 годзе да 52% у 2070-м. Гэта звязана з нізкай нараджальнасцю, старэннем насельніцтва і тым, што частка людзей перастае лічыць сябе хрысціянамі.
У свеце можа стаць меншай доля нерэлігійных людзей
Хоць у многіх краінах доля атэістаў, агностыкаў і іншых людзей, якія не адносяць сябе ні да якой рэлігіі, будзе расці, у сусветным маштабе яна, наадварот, зменшыцца з 24,2% да 17% да 2070 года.
Галоўная прычына — Кітай, дзе жыве значная частка нерэлігійнага насельніцтва планеты. Чакаецца, што за паўстагоддзя насельніцтва краіны скароціцца прыкладна на 421 мільён чалавек. Гэта паўплывае на сусветную статыстыку настолькі моцна, што пераважыць рост долі нерэлігійных людзей у іншых краінах.
Колькасць прыхільнікаў іншых рэлігій таксама зменіцца. Індуістаў стане на 199 мільёнаў больш — усяго 1,4 мільярда, хоць іх доля ў насельніцтве свету крыху зменшыцца. Колькасць прыхільнікаў юдаізму вырасце з 15 да 18 мільёнаў, прычым большасць з іх будзе жыць у Ізраілі.
Навукоўцы падкрэсліваюць, што гэта не дакладнае прадказанне будучыні, а прагноз на аснове цяперашніх дэмаграфічных тэндэнцый. Ён прадугледжвае захаванне існуючых паказчыкаў пераходу паміж рэлігійнымі групамі, але не ўлічвае магчымых змен у місіянерскай дзейнасці, рэлігійных рухах або стаўленні грамадства да веры.
Каментары