Грамадства

За год — 22 справы. Што вядома пра маладога пракурора Цвяткова, які робіць кар'еру на палітычных судах 

Амаладжэнне кадраў — напэўна, так чыноўніцкай мовай можна апісаць тое, што мы бачым на палітычных судах. Дзяржаўнымі абвінаваўкамі становяцца нядаўнія выпускнікі. Адзін з іх — 24-гадовы Арцём Цвяткоў, памочнік пракурора Цэнтральнага раёна Мінска. «Наша Ніва» расказвае пра яго імклівую кар'еру.

Скрыншот СТБ

Вучыўся ў Акадэміі кіравання, хадзіў у навуковы клуб

Цвяткоў вучыўся ў Акадэміі кіравання на спецыяльнасці «дзяржаўнае кіраванне і права». Студэнтам удзельнічаў у розных інтэлектуальных гульнях. На другім курсе, напрыклад, стаў лепшым знатаком універсітэцкага брэйн-рынгу. Арцём быў у складзе студэнцкага навуковага клуба «Corpus Delicti». Што цікава, разам з ім у тым клубе быў цяперашні суддзя Дзмітрый Карсюк.

Карсюк на два гады старэйшы. Пасля вучобы ў акадэміі ён застаўся ў магістратуры. Суддзёй яго прызначылі ў кастрычніку 2020 года. Гэты год ён адпрацаваў ударна. Паспеў выпісаць 2350 сутак адміністрацыйнага арышту, амаль 53 тысячы рублёў штрафаў і вынесці абвінаваўчыя прысуды па 23 палітычных справах (па дадзеных пляцоўкі «Зубр»). 

Дзмітрый Карсюк на брэйн-рынгу (у сіняй кашулі), 2015 г. Фота pac.by

Лічыць пракуратуру добрай школай для асабістага росту

Арцём у органы прыйшоў нядаўна. У лютым разам з іншымі маладымі пракурорамі прыносіў прысягу ў Музеі ВАВ.

«Тут самая добрая школа для асабістага росту з юрыдычнага боку, у розных сферах (у нас пракуратара ажыццяўляе нагляд за ўсімі сферамі), у сувязі з гэтым вялікае развіццё, вялікі вопыт», — каментаваў ён дзяржТБ выбар месца працы.

Абвінаваўцам на палітычных працэсах ён стаў выступаць яшчэ з лістапада мінулага года. Першая яго вядомая справа была звязана з патасоўкай з амапаўцамі 14 ліпеня 2020-га.

Затрыманым хлопцам — Антону Лакішыку і Уладзіславу Усціну — па просьбе маладога пракурора далі 3 гады калоніі і 3 гады хіміі.

Памятаеце мужчыну, які ў дзень выбараў заскочыў на кабіну аўтазака, а пасля патрапіў пад колы? Яго абвінаваўцам стаў якраз Цвяткоў. Мужчыну прысудзілі два гады калоніі.

На судах працуе ў пары з універсітэцкім знаёмым

За год Цвяткоў правёў 22 палітычныя справы. Амаль палову з іх у судзе разглядаў Дзмітрый Карсюк — іх абодвух занесла ў Цэнтральны раён. Так універсітэцкія аднаклубнікі працягнулі супрацу па-за межамі альма-матэр.

Гэта пара, напрыклад, асудзіла да двух гадоў хатняй хіміі мінчука, які абразіў былую прэс-сакратарку МУС Вольгу Чамаданаву.

Цвяткоў на працэсе зачытаў, што мужчына пакінуў каментар пад публікацыяй, «кіруючыся нізіннымі намерамі, якія выказаліся ў жаданні прадставіць Чамаданаву ў зневажальным становішчы ў вачах шырокай грамадскасці, адпомсціць за асвятленне ў СМІ і глабальнай сетцы інтэрнэт пытанняў, якія адносяцца да кампетэнцыі МУС».

За каментар да выступу Лукашэнкі на Усебеларускім народным сходзе пракурор запрасіў для случчака два гады хіміі.

«Прычыніў прэзідэнту маральныя пакуты і падарваў яго дзелавую рэпутацыю», — аргументаваў ён у судзе.

Карсюк калегу падтрымаў і даў роўна столькі, колькі прасіла абвінавачанне.

Справу за аднаўленне графіці «дыджэям перамен» таксама разглядала гэта пара. Дваіх суседзяў, якія аднаўлялі малюнак на трансфарматарнай будцы, судзілі як за злоснае хуліганства.

Цвяткоў настойваў, што абвінавачаныя дзейнічалі «па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці з хуліганскіх меркаванняў, спалучаных з грубым парушэннем парадку і відавочнай непавагай да грамадзян». Вынік — па два гады хіміі, хатняй і з накіраваннем.

Апошняй гучнай справай маладога пракурора стаў суд над экс-следчым Ягорам Вяршыніным.

За ўдзел у двух жнівеньскіх маршах для палітвязня запрасілі два гады калоніі. Галоўным доказам сталі фатаграфіі з закрытай старонкі ў фэйсбуку.

А ў якасці сведкі выклікалі іншага былога следчага, Яўгена Юшкевіча — прывезлі з Валадаркі ў кайданках. Суддзя Карсюк ударам малатка адправіў Вяршыніна на два гады ў калонію, як і хацеў яго ўніверсітэцкі знаёмы.

Чытайце таксама:

Далёка пойдзе. Расказваем пра маладую амбіцыйную пракурорку, якая ставіць рэкорды па палітычных справах

Каментары

Цяпер чытаюць

Жалезная заслона ў дзеянні: як зменшылася колькасць перасячэнняў мяжы Беларусі і Еўрасаюза за апошнія гады4

Жалезная заслона ў дзеянні: як зменшылася колькасць перасячэнняў мяжы Беларусі і Еўрасаюза за апошнія гады

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка прапануе зрабіць платным лячэнне для беларусаў, якія прыязджаюць з-за мяжы14

Прэзідэнт ПАР заявіў, што паўднёваафрыканцы, якія ваююць ва Украіне, трапілі ў пастку на Данбасе3

«Трохкарчмовая», «Раздарожная» і «Макаёнка». Якія назвы станцый метро прапануе Аб'яднаны пераходны кабінет22

У Кіеве начальнік упраўлення паліцыі спрабаваў уцячы разам з $400 тысяч2

УСУ разнеслі базу захоўвання «шахедаў» у Данецку4

Лукашэнка ў Мазыры адкрыў абноўлены мост цераз Прыпяць7

Прынамсі 24 сваякі Пуціна атрымалі пасады, звязаныя з дзяржавай8

«Ніхто не вінаваты?» Першакласніца знікла з падоўжанкі і знайшлася ў рэанімацыі7

У Нацыянальнага мастацкага музея новая дырэктарка. Мінулай была незадаволеная Пяткевіч6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жалезная заслона ў дзеянні: як зменшылася колькасць перасячэнняў мяжы Беларусі і Еўрасаюза за апошнія гады4

Жалезная заслона ў дзеянні: як зменшылася колькасць перасячэнняў мяжы Беларусі і Еўрасаюза за апошнія гады

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць