«А як ты выкупіў адразу акцэнт?» Рэпер Баста па голасе пазнаў музыканта з Чавусаў і расказаў пра сваё дзяцінства ў закрытым гарадку пад Дзятлавам
Падчас запісу музычнага шоу ў Маскве высветлілася, што вядомы расійскі выканаўца яшчэ за савецкім часам некалькі гадоў пражыў у Гродзенскай вобласці, а ягоны малады суразмоўца вучыўся ў маці спявачкі Каці IOWA. Кароткі дыялог сабраў сотні каментаў мясцовых жыхароў і былых аднакласнікаў артыста.

Васіль Вакуленка і беларускі выканаўца Уладзіслаў Лапай падчас здымак праекта MC TAXI. Фота: скрыншот з відэа інстаграм-акаўнта gazgolderlive
Фрагмент размовы з новага выпуску ютуб-шоу MC TAXI апублікаваў у інстаграме «Газгольдар». Госцем 46‑гадовага расійскага рэпера Басты — Васіля Вакуленкі — стаў 29‑гадовы беларускі поп– і хіп-хоп-выканаўца Уладзіслаў Лапай, які выступае пад псеўданімам HOLLYFLAME.
Музыкант нарадзіўся ў Чавусах, скончыў Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя А. Я. Кляшчова па будаўнічай спецыяльнасці, пасля чаго пераехаў у Маскву. У 2023 годзе сэрвіс «Яндэкс Музыка» называў яго артыстам года ў Беларусі, а сёлета выканаўца атрымаў шырокую вядомасць дзякуючы трэку «Тону».
У роліку Вакуленка за стырном свайго «Гелендвагена» раптоўна перапыняе госця пытаннем: «А ў цябе акцэнт, ты беларус?».
Збянтэжаны Лапай пацвярджае гэта і адразу пытаецца: «А як ты выкупіў адразу акцэнт? Ой, брудна ўвогуле!».
Чатыры гады ў Гезгалах і фізкультура ад мамы Каці IOWA
На здзіўленне маладога спевака Баста патлумачыў, што сам у дзяцінстве жыў у Беларусі. Паводле слоў рэпера, у савецкі час ягоны бацька быў вайскоўцам, таму сям’я чатыры гады правяла ў Гродзенскай вобласці — у пасёлку Гезгалы Дзятлаўскага раёна, дзе тады размяшчалася ракетная часць. Артыст па памяці дакладна назваў і суседнія населеныя пункты, згадаўшы Ліду і Беліцу.
Пачуўшы гэта, Уладзіслаў Лапай назваў вядучага «амаль земляком» і расказаў, што сам паходзіць з маленькага горада Чавусы ў Магілёўскай вобласці, дзе жыве крыху больш за 10 тысяч чалавек. Каб патлумачыць суразмоўцу, чым вядомы ягоны райцэнтр, музыкант дадаў: «У нас там IOWA адтуль, дарэчы. Яе мама выкладала мне фізру».
У біяграфіях салісткі гурта IOWA Кацярыны Іванчыкавай, якая таксама вырасла ў Чавусах, адзначаецца, што яе маці Ніна Іванчыкава працавала выхавальніцай у мясцовым дзіцячым садку са спартыўным ухілам, чые каманды рэгулярна перамагалі на раённых спаборніцтвах.
У фінале роліка расійскі рэпер паспрабаваў удакладніць геаграфію і запытаўся, ці знаходзіцца Магілёўская вобласць «больш на поўдзень, чым Гродзенская». Госць паправіў яго, патлумачыўшы, што ягоная радзіма ляжыць бліжэй да Смаленска, тады як Гродзеншчына — гэта Заходняя Беларусь, бліжэйшая да Польшчы.
«Гезгалы — вось адкуль пайшоў «Газгольдар»!»
Кароткі дыялог выклікаў бурную рэакцыю ў каментарах пад допісам, куды прыйшлі сотні беларусаў. Частка карыстальнікаў звярнула ўвагу на тое, як малады артыст пасаромеўся свайго вымаўлення.
«Вылічыў па акцэнце, толькі чаму ўсе саромеюцца акцэнту — «брудна ўвогуле» кажа», — напісала адна карыстальніца.
Іншы каментатар дадаў, што жыхароў Віцебска ў тым жа Гродне, наадварот, адразу пазнаюць праз «моцна рускі акцэнт».

Не засталася без увагі і геаграфічная блытаніна ў размове. Каментатары пажартавалі з таго, што Баста запісаў Магілёў на поўдзень ад Гродна, а адлегласць паміж Гезгаламі і Чавусамі, якія ляжаць у процілеглых канцах краіны, параўналі з дыстанцыяй паміж Псковам і Цюменню.
Асобная галінка абмеркаванняў разгарнулася сярод ураджэнцаў Дзятлаўскага раёна. У каментарах адзначыліся былыя жыхары вайсковага гарадка, якія вучыліся з Васілём Вакуленкам у адной школе.
«А то я як ні скажу ў Маскве, што Васіль у нашай школе вучыўся, мне ўсе пра Растоў адказваюць», — напісала адна каментатарка.
Іншыя згадалі мясцовыя рэаліі: сакрэтную ракетную базу ў лесе, былы дзіцячы санаторый «Ластаўка», вадасховішча з плацінай і дыскатэку з «чатырма рознакаляровымі лямпачкамі», а таксама той факт, што пазней на месцы расфарміраванай вайсковай часці ў Гезгалах адкрылі папраўчую калонію-пассяленне.
Адразу некалькі каментатараў выказалі здагадку, што менавіта ад назвы беларускага пасёлка Гезгалы пайшла і назва музычнага лэйбла Басты «Газгольдар».
Жыхары Гродна і Ліды засыпалі рэпера запрашэннямі прыехаць з канцэртам у гродзенскі Лядовы палац, на стадыён «Нёман» або на фестываль Lidbeer. Праўда, некаторыя каментатары запыталіся навошта ім у Беларусі выканаўца, які ў Расіі праславіўся публічнай падтрымкай павышэння пенсійнага ўзросту і ўменнем «пераабувацца».
Каментары