Свет

Канфлікт паміж ЗША і Іранам працягвае абвастрацца. Танкеры гараць, нафтавыя цэны растуць

У Армузскім праліве гараць нафтавыя танкеры, сусветныя цэны на нафту растуць, а Вашынгтон нарошчвае вайсковую прысутнасць у Персідскім заліве. У панядзелак, 16 лістапада, Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) паведаміў пра выбухі яшчэ двух танкераў. Паводле іранскага боку, з пачатку тыдня ў гэтым раёне загарэліся ўжо шэсць суднаў, піша Euronews.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Razieh Poudat/ISNA via AP

У ноч на панядзелак амерыканскія вайскоўцы нанеслі новую серыю ўдараў па іранскіх ракетных устаноўках на поўдні краіны. Гэта стала адказам на атакі іранскіх сіл па амерыканскай базе ў Бахрэйне і абстрэлы танкераў у Армузскім праліве. Амерыканскія ўдары былі нанесеныя па ракетных пускавых устаноўках у раёнах Бендар-Ленге і Сірыка.

Напярэдадні, у нядзелю, Іран атакаваў беспілотнікам радыёлакацыйную станцыю на амерыканскай авіябазе Аль-Рыфа. Гэта адбылося пасля ўдараў па амерыканскіх аб’ектах у Бахрэйне днём раней. Тэгеран такім чынам дэманструе сілу ў адказ на ўзмацненне амерыканскай вайсковай прысутнасці ў рэгіёне.

Паводле інфармацыі іранскага агенцтва Tasnim, у нядзелю КВІР заявіў, што два танкеры, якія спрабавалі прайсці паўднёвым маршрутам Армузскага праліва пад непасрэдным кіраўніцтвам амерыканскіх вайскоўцаў, падарваліся на марскіх мінах. У корпусе назвалі гэта адказам на «незаконную блакаду ЗША» і парушэнне іранскіх правіл суднаходства. Іранскія вайскоўцы зноў папярэдзілі нафтавыя кампаніі, што паўднёвы фарватар праліва замінаваны.

У панядзелак ВМС Ірана паведамілі пра яшчэ адзін інцыдэнт: нафтавы танкер, які нібыта парушыў забарону на ўваход у закрытую зону на ўсход ад Армузскага праліва, загарэўся пасля сутыкнення з мінай і страціў ход. Іранскі бок заявіў, што адключэнне сістэм адсочвання і самавольны ўваход у забароненыя марскія раёны ствараюць сур’ёзную небяспеку для суднаў.

Пакуль невядома, ці ўваходзіць гэты танкер у лік шасці суднаў, пра якія паведамляў КВІР, ці гаворка ідзе пра асобны выпадак. Звесткі іранскіх вайскоўцаў пра колькасць пашкоджаных суднаў і абставіны выбухаў не атрымалі незалежнага пацвярджэння.

Міжнароднае ўпраўленне марскіх гандлёвых аперацый Вялікабрытаніі (UKMTO) пацвердзіла, што раніцай у панядзелак атрымала паведамленне прынамсі пра адзін інцыдэнт. Нафтавы танкер пры выхадзе з Армузскага праліва быў пашкоджаны невядомым набоем, у выніку чаго ў машынным аддзяленні пачаўся пажар. Паводле UKMTO, пацярпелых няма, экіпаж знаходзіцца ў бяспецы. Пры гэтым маштаб пашкоджанняў і магчымай шкоды навакольнаму асяроддзю яшчэ высвятляецца.

На фоне паведамленняў пра інцыдэнты ў праліве сусветныя цэны на нафту ў панядзелак пайшлі ўверх.

Тым часам на Блізкі Усход прыбыў трэці амерыканскі авіяносец — USS Theodore Roosevelt. Ён далучыўся да авіяносных ударных груп USS George Washington і USS George H. W. Bush, якія ўжо знаходзяцца ў зоне адказнасці Цэнтральнага камандавання ўзброеных сіл ЗША (CENTCOM). Як адзначае Euronews, упершыню з часоў вайны ў Іраку ЗША сканцэнтравалі ў рэгіёне адразу тры авіяносцы.

Усяго на Блізкім Усходзе, у тым ліку ў Чырвоным моры, разгорнутыя каля 19 амерыканскіх баявых караблёў. Сярод іх — крэйсеры і эсмінцы, узброеныя кіраванымі ракетамі. Адначасова фіксуецца рэзкі рост актыўнасці амерыканскай авіяцыі над Персідскім залівам у параўнанні з папярэднімі тыднямі.

Паводле звестак The Wall Street Journal, якая спасылаецца на амерыканскіх разведчыкаў, Іран можа мець ад 1500 да 2500 ракет. Аднак аналітыкі падкрэсліваюць, што дакладнасць гэтай ацэнкі невысокая. Ізраільскія вайскоўцы ацэньваюць іранскі арсенал балістычных ракет прыкладна на 1500 адзінак. Акрамя таго, у Ірана ёсць новыя беспілотнікі і ракеты малой далёкасці.

10 лістапада КВІР апублікаваў фатаграфіі, на якіх, як сцвярджаецца, начальнік Генеральнага штаба ўзброеных сіл Ірана і камандуючы паветрана-касмічнымі сіламі корпуса аглядаюць падземныя тунэлі з ракетамі і пускавымі ўстаноўкамі. У Тэгеране назвалі гэты комплекс новым «ракетным горадам».

Іранскія ўлады пагражаюць жорсткім адказам на аднаўленне масаваных амерыканскіх удараў. У нядзелю вайсковыя чыноўнікі заявілі выданню Tabnak News, што новая наступальная вайсковая дактрына Ірана прадугледжвае адмову ад абмежаваных удараў у адказ. Паводле іх слоў, краіна мае намер разарваць звыклы цыкл эскалацыі. Сярод магчымых цэляў яны назвалі таксама амерыканскія базы ў Еўропе.

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа ў нядзелю рэзка раскрытыкаваў іранскае шыіцкае духавенства. Ён заявіў, што за многімі буйнымі праблемамі Блізкага Усходу стаіць уплыў і экспансіянісцкая палітыка іранскіх рэлігійных лідараў. У якасці прыкладаў Рубіа згадаў хусітаў, якія атакуюць Саудаўскую Аравію, шыіцкія ўзброеныя фармаванні ў Іраку, групоўкі, што падтрымлівалі Башара Асада ў Сірыі, а таксама «Хезбалу» ў Ліване. Ён назваў гэта сур’ёзнай гістарычнай пагрозай, якую нельга ігнараваць.

Былы кіраўнік даследчага аддзела вайсковай выведкі Ізраіля Дані Цытрыновіч у сацыяльнай сетцы X адзначыў, што сітуацыя ў Армузскім праліве па сваёй сутнасці нестабільная і не можа працягвацца бясконца. Паводле яго ацэнкі, цяперашняе развіццё падзей падштурхоўвае абодва бакі да далейшай эскалацыі, нават калі ніводзін з іх не імкнецца да больш маштабнага сутыкнення.

Эксперт мяркуе, што пакуль ЗША падтрымліваюць марскую блакаду і спрабуюць праводзіць танкеры паўднёвым суднаходным маршрутам, Тэгеран будзе ўспрымаць гэтыя дзеянні як акт вайны. На яго думку, Іран не стане бясконца мірыцца з такім становішчам і паспрабуе падвысіць для Вашынгтона цану блакады, атакуючы танкеры і іншыя цэлі. Асабліва верагодным гэта ён лічыць у выпадку працягу амерыканскіх аперацый у раёне Бендар-Абаса.

Цытрыновіч таксама звярнуў увагу на розніцу ў становішчы бакоў. ЗША могуць лічыць, што здольныя доўга падтрымліваць блакаду, але для Ірана яна нясе непасрэдную пагрозу эканоміцы, суверэнітэту і нацыянальнай бяспецы. Паводле эксперта, прыняць блакаду без адказу азначала б для іранскага кіраўніцтва пагадзіцца з новай стратэгічнай рэальнасцю, навязанай Вашынгтонам.

Каментары

Цяпер чытаюць

Паўла Муравейку, які адпрацаваў намеснікам у Адміністрацыі Лукашэнкі толькі паўтара месяца, перавялі ў кіраўнікі Віцебшчыны20

Паўла Муравейку, які адпрацаваў намеснікам у Адміністрацыі Лукашэнкі толькі паўтара месяца, перавялі ў кіраўнікі Віцебшчыны

Усе навіны →
Усе навіны

Літва заклікала прызнаць ГРУ тэрарыстычнай арганізацыяй9

Зборная Беларусі па футболе прайграла Албаніі ў вырашальным матчы Лігі нацый14

Легендарны тэлескоп «Хабл» падае на Зямлю. НАСА тэрмінова шукае тых, хто яго выратуе або затопіць15

«Дайце круглую суму і год — будзе вам любы шэдэўр Мікеланджэла!» Улады запатрабавалі перарабіць «Быхаўскую мадонну». Аўтар падточвае яе балгаркай29

Зборная Беларусі прайграла заключны важны матч у Лізе нацый5

«Спадзяюся, ты памрэш і пазбавіш нас ад пакут». Пасля адстаўкі кіраўніка Nvidia падначаленыя расказалі пра ягоныя істэрыкі13

У Чэхіі адбылася найбуйнейшая з 1989 года акцыя пратэсту10

Штодзённая кава стымулюе кішэчнік і зніжае рызыку Паркінсона. Каб даказаць гэта, правялі незвычайны эксперымент5

Эстонія закрывае мяжу з Расіяй з 1 снежня. Прычынай стала спроба ГРУ падпаліць абаронны завод 20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Паўла Муравейку, які адпрацаваў намеснікам у Адміністрацыі Лукашэнкі толькі паўтара месяца, перавялі ў кіраўнікі Віцебшчыны20

Паўла Муравейку, які адпрацаваў намеснікам у Адміністрацыі Лукашэнкі толькі паўтара месяца, перавялі ў кіраўнікі Віцебшчыны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць