Украінскія ўлады праінфармавалі адміністрацыю ЗША аб рашэнні звольніць Залужнага — The Washington Post
Прадстаўнікі Белага дома не падтрымалі і не запярэчылі планаванаму адхіленню ад пасады генерала Валерыя Залужнага, заявіўшы, што гэта суверэнны выбар прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, гаворыцца ў артыкуле, апублікаваным The Washington Post. Выданне спасылаецца на дзве крыніцы, знаёмыя з пытаннем.

«Зяленскі яшчэ не выдаў афіцыйнага ўказу, які абвяшчае пра адстаўку Залужнага, і невядома, калі гэта можа адбыцца. Папярэдняе паведамленне Вашынгтону адлюстроўвае ўплывовую ролю ЗША як самага магутнага вайсковага і палітычнага заступніка Украіны. Ранняе папярэджанне таксама дало Беламу дому магчымасць пераканаць Зяленскага перагледзець ключавое рашэнне, нават нягледзячы на тое, што ён вырашыў не рабіць гэтага», — гаворыцца ў артыкуле.
Як адзначае выданне, адстаўка Залужнага, адной з самых папулярных фігур у грамадстве, можа паўплываць на маральны дух войскаў і падарваць давер заходніх донараў. Але любы крок ЗША па аспрэчванні рашэння Зяленскага можа разглядацца як аказанне неправамернага ўплыву.
Стывен Пайфер, былы пасол ЗША ва Украіне, сказаў з гэтай нагоды: «Адчуванне расколу на самым версе ў Кіеве не ідзе на карысць Украіне, але амерыканскі ўрад не павінен у гэта ўвязвацца».
Зяленскі мог бы адкласці прыняцце пастановы на нявызначаны тэрмін, але гэта малаверагодна, кажуць людзі, знаёмыя з ягоным меркаваннем. Недавер паміж Зяленскім і Залужным узрастаў праз падазрэнні ў палітычных амбіцыях генерала, а таксама праз рознагалоссі ў ключавых пытаннях, уключаючы мабілізацыю 500 тысяч жаўнераў.
У ходзе напружанай сустрэчы ў панядзелак Залужны сцвярджаў, што навабранцы неабходныя для поспехаў на полі бою перад абліччам большай агнявой моцы і колькасці ворага. Украіне таксама неабходна падрыхтавацца да страт асабовага складу, якія, як чакаецца, будуць супастаўныя з леташнімі, сказаў ён.
На гэтай самай сустрэчы Зяленскі нібыта паведаміў Залужнаму пра ягоную адстаўку.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары