Чаму Дзмітрыя Скіндзерава высылаюць з Літвы? На гэта ёсць пяць прычын
У рашэнні Дэпартамента міграцыі Літвы пералічана, што канкрэтна літоўская дзяржбяспека мае на правакатара, які абвясціў вайну Святлане Ціханоўскай, а ў кавярні накінуўся на Дзяніса Кучынскага.

Дэпартамент міграцыі пры МУС Літвы адмяніў статус бежанца Дзмітрыю Скіндзераву і вырашыў выслаць яго ў Беларусь. Уезд у Літву яму забаронены на дзесяць гадоў, у шэнгенскую зону — на пяць.
Гэта рашэнне Скіндзераву зачыталі 3 лістапада 2026 года. Ён з ім не згодны і збіраецца абскарджваць у судзе, але высылку суд не спыніць: падставай для яе названая пагроза нацыянальнай бяспецы.
Чытайце: Што за Дзмітрый Скіндзераў, які абвясціў вайну Ціханоўскай? Супрацоўніцтва з ГУБАЗіКам, даўгі ў Беларусі, даўгі ў Літве
Працэдура пачалася 4 чэрвеня 2026 года, калі Дэпартамент міграцыі атрымаў заключэнне Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літвы (VSD). Выснову, што Скіндзераў пагражае бяспецы Літвы, дэпартамент абгрунтоўвае сукупнасцю абставін, якія ён сам пералічвае ў пастанове. Скіндзераў апублікаваў пераклад дакумента ў сваім тэлеграм-канале.
1. Сувязі з КДБ, ГУБАЗіК і ДФР, якія працягваліся і ў Літве
У Беларусі Скіндзераў падтрымліваў сувязі з супрацоўнікамі мінскага і віцебскага КДБ, Дэпартамента фінансавых расследаванняў, ГУБАЗіК і іншых праваахоўных органаў. Пасля пераезду ў Літву кантакты, як сцвярджае VSD, працягваліся. Аднак прытулку Скіндзераў прасіў якраз таму, што гэтыя структуры яго нібыта пераследавалі.
2. Заданне ГУБАЗіК
Скіндзераў выконваў заданне супрацоўніка ГУБАЗіК і збіраў інфармацыю пра іншага грамадзяніна Беларусі. Дэпартамент міграцыі падкрэслівае, што гэта ўжо не «фармальныя ці выпадковыя кантакты».
3. Схаваў звесткі ў анкеце
28 сакавіка 2023 года ў анкеце Дэпартамента міграцыі Скіндзераў адказаў «не» на пытанні, ці меў ён калі-небудзь кантакты са спецслужбамі і сілавымі структурамі краін па-за НАТА і ЕС, ці перадаваў ім інфармацыю і ці выконваў іх даручэнні.
4. Тлумачэнні мяняліся
На размове 22 чэрвеня 2026 года Скіндзераў адмаўляў любое супрацоўніцтва з КДБ і ГУБАЗіК. 10 ліпеня яго азнаёмілі з заключэннем VSD, і тады ён прызнаў кантакты з рознымі беларускімі спецслужбамі і «шчыльнае супрацоўніцтва» з ДФР. Гэта супрацоўніцтва ён растлумачыў расследаваннем фінансавых злачынстваў, ад якіх нібыта пацярпелі ён і яго інвестары.
Розніцу з анкетай ён растлумачыў тым, што слова «кантакты» разумеў вузка. На той жа размове ён прызнаў, што ў 2002 годзе быў асуджаны паводле ч. 3 арт. 208 КК Беларусі (вымагальніцтва). Дэпартамент зрабіў выснову, што звесткі пра кантакты «істотна мяняліся», і гэта падрывае давер да слоў Скіндзерава.
5. Ім могуць скарыстацца беларускія спецслужбы
VSD лічыць, што з такімі сувязямі Скіндзерава могуць скарыстацца беларускія спецслужбы для дзейнасці супраць нацыянальнай бяспекі Літвы. На карысць гэтай ацэнкі VSD прыводзіць некалькі абставін:
- Відэа, якія выкарыстоўвае прапаганда. Відэа Скіндзерава з рэзкай крытыкай Святланы Ціханоўскай і яе офіса выкарыстоўвае беларуская дзяржаўная прапаганда. Дэпартамент міграцыі прызнае, што само гэта не даказвае свядомага супрацоўніцтва з рэжымам, але разам з іншымі звесткамі пацвярджае рызыку.
- Канфлікты ў Вільні. 26 студзеня 2026 года ў віленскім бары Submarine Скіндзераў канфліктаваў з дарадцам Ціханоўскай Дзянісам Кучынскім, і відэа гэтага здарэння потым выкарыстала прапаганда. VSD згадвае таксама канфлікт 19 сакавіка, звязаны з прыездам вызваленых палітвязняў.
- Сям'я ў Беларусі. Жонка Скіндзерава і іх непаўналетняе дзіця маюць дазволы на жыхарства ў Літве, але фактычна жывуць у Беларусі. З 2022 года жонка не менш за 23 разы прыязджала ў Літву з Беларусі. VSD бачыць у гэтым магчымы канал для кантактаў спецслужбаў са Скіндзеравым.
- Сакрэтныя звесткі. Частка ліста VSD мае грыф «Сакрэтна», і ў рашэнні яе змест не раскрываецца.
Каментары
• А вторая — все твои мечты
• Третья — это все твои слова, я им не поверил едва
• Четвёртая причина — это ложь, кто прав, кто виноват — не разберёшь
• А пятая причина — это боль от того, что умерла любовь