Грамадства

«Названая сума — гэта толькі мара». Беларускі расказалі, колькі ім трэба грошай для шчасця і хто ў сям'і павінен іх зарабляць

Універсальнай сумы, якая неабходная для камфортнага і забяспечанага жыцця, не існуе. Ды і на вечнае пытанне «Хто ў сям'і павінен больш зарабляць?» выразнага і адназначнага адказу няма. Myfin.by спытаўся ў беларусак, колькі грошай ім хапіла б для добрага жыцця і ці павінен асноўны даход у сям'ю прыносіць мужчына.

«Грошы даюць магчымасць рэалізоўваць мары і жаданні»

Таццяна, 53 гады, юрыст

«Грошай шмат не бывае. Колькі трэба для шчасця — дакладную лічбу не назаву. А вось для камфортнага жыцця мне б хапіла каля 5000 рублёў у месяц. Гэтая сума будзе не толькі цалкам закрываць базавыя патрэбы (ежа, аплата камунальных паслуг і мабільнай сувязі і г. д.), але і дазволіць рэалізоўваць мары і жаданні, атрымліваць новыя ўражанні і станоўчыя эмоцыі. Напрыклад, падарожжы, рэгулярныя паходы ў салон прыгажосці і многае іншае. Названая сума — гэта толькі мара, пакуль мець такі даход не ўдаецца.

Добра, калі мужчына зарабляе дастаткова. У такім выпадку жанчына можа дазволіць сабе выбраць прафесію ці спосаб заробку, які не вымотвае яе фізічна і маральна. Гэта дае магчымасць праяўляць сябе ў творчасці, напрыклад. У такіх сітуацыях жанчына не залежыць ад грашовай, але некамфортнай працы, якая прыносіць шмат стрэсу.

Аднак на практыцы не заўсёды мужчына можа ўзяць на сябе поўную матэрыяльную адказнасць за сям'ю. Ды і сітуацыі ў жыцці бываюць розныя, таму лічу, што фінансавая незалежнасць павінна быць у кожнай прадстаўніцы прыгожага полу».

«Заробку хапае, каб не абмяжоўваць сябе»

Анастасія, 29 гадоў, урач-педыятр

«Каб жыць, не абмяжоўваючы сябе ў многіх жаданнях, мне хапае сумы, якую зарабляю цяпер, — каля 2300 рублёў. Гэта даход аднаго чалавека. Асноўныя выдаткі: арэнда пакоя, догляд за сабой, пакупкі для дома, абслугоўванне аўтамабіля.

Аднак варта ўлічваць, што ў будучыні я хацела б рэгулярна падарожнічаць і мець уласнае жыллё, а на гэта патрабуецца немаленькая сума. Таму дадаткова не перашкодзілі б сродкі, якія ішлі б у скарбонку.

Я лічу, што ў сям'і павінны абодва партнёры зарабляць. Два разумныя чалавекі, якія імкнуцца да развіцця, будуць сумесна дасягаць пазначаных мэтаў. Кожны член сям'і павінен быць самадастатковым (незалежна ад полу).

Асабіста для мяне важная фінансавая незалежнасць, таму не хацела б толькі сядзець дома і чакаць, калі з'явіцца мужчына, які мяне цалкам забяспечыць».

Фота: freepik.com

«Не важна, хто ў сям'і зарабляе больш»

Іна, 47 гадоў, псіхолаг

«Для камфортнага жыцця сям'і з трох чалавек было б дастаткова 4500-5000 рублёў, хоць пакуль такую суму мы не зарабляем. Гэтых грошай хапіла б на задавальненне базавых патрэбаў, а таксама на медыцыну (рэгулярная здача аналізаў, дыягностыка, купля вітамінаў), бьюці-працэдуры, адзенне. І былі б сродкі, каб адкладаць на адпачынак за мяжой (хоць бы раз у год). Пытанне жылля ў нас не стаіць, бо ёсць уласная кватэра.

Для мяне ў сям'і няма паняцця «павінен». Абсалютна непрынцыпова, хто зарабляе больш. Важна, каб абодвух, і мужа, і жонку, усё задавальняла і яны маглі дамовіцца паміж сабой. Я для сябе выбрала партнёрскія адносіны, калі абодва члены сям'і імкнуцца сумеснымі намаганнямі дасягнуць сваіх мэтаў.

Безумоўна, трэба імкнуцца да фінансавай незалежнасці. Але, як мне здаецца, я пакуль не зарабляю дастаткова, каб адчуваць яе».

Фота: freepik.com

«Галоўнае, каб паміж партнёрамі была дамоўленасць, якая ўсіх задавальняе»

Вольга, 32 гады, маркетолаг

«Магу сказаць, што для камфортнага жыцця маёй сям'і з трох чалавек хапіла б каля 3500 даляраў (цяпер зарабляем каля 2500 даляраў). Але адразу адзначу, што немалая частка цяперашняга даходу сыходзіць на арэнду жылля і прыватны дзіцячы сад для дачкі. Цяперашняга заробку ў цэлым хапае, але вось адкладаць, ствараць фінансавую падушку бяспекі і рабіць буйныя пакупкі не ўдаецца зусім.

У кожнай сям'і свае правілы, таму няма адназначнага адказу на пытанне «Хто павінен прыносіць асноўны даход?» Галоўнае, каб паміж партнёрамі ў гэтых пытаннях была дамоўленасць, якая ўсіх задавальняе.

Што тычыцца фінансавай незалежнасці. У дэкрэце два гады я не працавала. У адпачынак па догляду за дзіцем сыходзіла эмацыйна выгаралая, праўда, былі грашовыя ашчаджанні, у якія магла залезці. На другім годзе дэкрэтнага адпачынку пачала адчуваць дыскамфорт — як фінансавы, так і эмацыйны. На трэці год знайшла новую аддаленую працу па сваёй спецыяльнасці. Так што фінансавая незалежнасць для мяне сапраўды важная, ды і цяжка ўявіць сябе толькі хатняй гаспадыняй без справы».

Каментары

Цяпер чытаюць

Паўла Муравейку, які адпрацаваў намеснікам у Адміністрацыі Лукашэнкі толькі паўтара месяца, перавялі ў кіраўнікі Віцебшчыны22

Паўла Муравейку, які адпрацаваў намеснікам у Адміністрацыі Лукашэнкі толькі паўтара месяца, перавялі ў кіраўнікі Віцебшчыны

Усе навіны →
Усе навіны

Сабаленка адкацілася на трэцяе месца ў сусветным рэйтынгу

Сэрца — амаль адзіны орган, які не хварэе на рак. Навукоўцы пачынаюць разумець чаму1

Грэцкі агонь, антыкітэрскі механізм, сільфій ды іншыя страчаныя вынаходніцтвы. Чаму чалавецтва іх забыла?1

Аргазм ёсць, а спермы няма. Што такое рэтраградная эякуляцыя і чым яна небяспечная11

Зяленскі заявіў, што Украіна спыніла больш за палову расійскай нафтаперапрацоўкі7

Літва заклікала прызнаць ГРУ тэрарыстычнай арганізацыяй9

Зборная Беларусі па футболе прайграла Албаніі ў вырашальным матчы Лігі нацый14

Легендарны тэлескоп «Хабл» падае на Зямлю. НАСА тэрмінова шукае тых, хто яго выратуе або затопіць16

«Дайце круглую суму і год — будзе вам любы шэдэўр Мікеланджэла!» Улады запатрабавалі перарабіць «Быхаўскую мадонну». Аўтар падточвае яе балгаркай31

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Паўла Муравейку, які адпрацаваў намеснікам у Адміністрацыі Лукашэнкі толькі паўтара месяца, перавялі ў кіраўнікі Віцебшчыны22

Паўла Муравейку, які адпрацаваў намеснікам у Адміністрацыі Лукашэнкі толькі паўтара месяца, перавялі ў кіраўнікі Віцебшчыны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць