Каханне і сэкс5656

Як журналістка «Нашай Нівы» шукала пару на праваслаўным сайце знаёмстваў. Падкаціў і Талай

Нават на праваслаўным сайце знаёмстваў Аляксей Талай хваліць Лукашэнку і Пуціна. Праўда, каб зацікавіць там паралімпійца, давялося пабыць 20‑гадовай цнатліўкай.

Скрыншот сайта «Азбука вернасці»

«Азбука вернасці» — гэта сайт знаёмстваў, арыентаваны ў першую чаргу на праваслаўных. Для эксперыменту журналістка «Нашай Нівы» стварыла некалькі акаўнтаў з дзяўчатамі і жанчынамі розных гадоў.

Ад праваслаўных патрыётаў да каструльшчыкаў

Улічваючы спецыфіку сайта, некаторыя пытанні ў анкеце, якую прапаноўваюць запоўніць пры рэгістрацыі, небанальныя. Там цікавяцца, напрыклад, ці маеце вы інтымнае мінулае і ці гатовыя разглядаць у якасці партнёра чалавека, які такое мінулае мае.

Адказы бываюць даволі філасофскія: «Для мяне мае значэнне некранутасць душы дзяўчыны, гэта значыць колькі там ёсць вольнага месца, якое яшчэ нікім не занята. Наколькі я магу стаць для яе першым і адзіным. А вось што да менавіта сэксуальных сувязяў, то мяне цікавіць яе стаўленне да іх. Гэта значыць, гэта для яе радасныя ўспаміны, напоўненыя задавальненнем, няхай і забароненым, ці ж для яе гэта тое, што хочацца хутчэй забыцца і сцерці з памяці. Гэта тое, што яе мучыць і раздзірае. Я маю на ўвазе яе шкадаванні з нагоды таго, што яна не захавала сябе для свайго адзінага мілага, самага роднага і блізкага, будучыні свайго мужа. Што да яе дакранаўся(ліся) хтосьці акрамя яго».

На сайце ўражваюць мужчыны, якія паспелі пабываць у шлюбе некалькі разоў, маюць дзяцей, але пры гэтым упэўніваюць у тым, што ніякага інтымнага мінулага не маюць.

Дарэчы, у анкеце пытаюцца таксама, ці гатовыя вы жыць з партнёрам без цялесных адносін, як брат і сястра. А сярод дзесяці прыказанняў інтэрнэт-знаёмстваў асобна нагадваюць: «Калі вам прапануюць інтымную сувязь да ўступлення ў шлюб, ведайце, што з пункту гледжання праваслаўя — гэта ёсць менавіта грэх. Рана, якая наносіцца чалавеку самому сабе і мучыць яго. Раім не працягваць зносіны з такім чалавекам. Інтымная блізкасць магчымая толькі паміж мужам і жонкай».

Ёсць і цэлы блок пытанняў, якія тычыцца таго, наколькі вы актыўна прытрымліваецеся хрысціянскіх каштоўнасцяў і ці ўдзельнічаеце ў жыцці царквы.

Уздымаюцца і побытавыя пытанні: «Ці любіце вы гатаваць?» — такое, дарэчы, дапамагае хутка вызначыць так званых каструльшчыкаў. «Галадаю. Чакаю тую адзіную, каб прыгатавала што-небудзь смачненькае», — піша ў анкеце 49‑гадовы мужчына з Баранавічаў. Ён жа пазначае, што любіць парадак, але самаму яго складана падтрымліваць, таму шукае гаспадыню.

Ад сумленнасці, з якой беларускія мужчыны расказваюць пра сябе, часам не ведаеш, пасміхацца ці плакаць. Так, 50‑гадовы Аляксандр, які ніколі не быў у шлюбе, але вельмі гэтага хоча, на пытанне «Якім спортам вы займаецеся?» адказвае: «Больш па тэлевізары гляджу».

А 52‑гадовы случчак на пытанне «Аб чым шкадуеце больш за ўсё?» піша: «Што не стаў мільянерам. Госпад хутка гэта выправіць». Таксама прызнаецца, што «п'е рэдка, але метка».

«Палітыкай не цікаўлюся!»

У анкеце ёсць нават такія пытанні, шчыры адказ на якія ў беларускіх рэаліях можа прывесці ў СІЗА. Напрыклад, «Вашы палітычныя погляды?» Але беларускіх мужчын так проста не падманеш.

«У палітыку не ўмешваюся», — сурова адказвае 39‑гадовы гамяльчук.

«Апалітычны чалавек!» — піша пра сябе іншы.

А мінчук каля 40 гадоў называе сябе праваслаўным патрыётам. 

Яшчэ адно пытанне з гэтай серыі — «Што б вы хацелі змяніць у роднай краіне?». Звычайна яго ўсё ж прапускаюць. Але нехта прызнаецца, што хацеў бы павялічыць сярэдні заробак. А вось 35‑гадовы жыхар сталіцы хацеў бы забараніць у Беларусі аборты, супрацьзачаткавыя таблеткі ды сужыццё без шлюбу.

Тым часам 49‑гадовы мінчук марыць: «Лета б цяплейшае».

Замест дыкпікаў — рэкамендацыі ад епіскапа

Калі вас цікавіць, ці дасылаюць жанчынам на праваслаўным сайце знаёмстваў дыкпікі, дык не. Затое мужчына можа амаль у першым паведамленні напісаць, што гатовы паказаць рэкамендацыю ад архіепіскапа па запатрабаванні. А яшчэ аднойчы мне прапанавалі сумесную малітву.

У адрозненне ад звычайных сайтаў ці дадаткаў для знаёмстваў тут мужчыны настроены даволі рашуча і як правіла не знікаюць пасля першага панылага «Прывет». Нехта адразу высылае падрабязнае рэзюмэ з расповедам пра сябе і свае дасягненні пачынаючы з малодшай групы дзіцячага садка. А напрыканцы дадае: «Пры ўзаемнай сімпатыі буду рады стварыць шчаслівы саюз і прайсці з вамі дарогамі кахання і шчасця».

34‑гадовы мужчына з «ЛНР» хуценька пацікавіўся: «Ну што, ты плануеш нараджаць ці не?». Прапанаваў пераехаць да яго ў Луганск.

Увогуле, ахвотных перавезці да сябе праваслаўную нявесту з Беларусі больш чым дастаткова. Ёсць нават мужчыны, якія жывуць у Еўропе, але гатовыя прыехаць па дзяўчыну ў самую чыстую (па версіі БТ) краіну свету.

Актыўней за ўсіх дзейнічаюць расіяне. Складана нават падлічыць, колькі было пытанняў з серыі: «Ці гатовы вы пераехаць у Варонеж? Або толькі мужчына з Белоруссіі можа скарыць ваша сэрца?».

Цікавая своеасаблівасць сайта — хапае мужчын, якім больш за 70 гадоў. Праўда, у гэтым выпадку ў якасці фота звычайна стаяць адсканаваныя здымкі з пашпарту. А анкеты ўражваюць непадрыхтаваных дзяўчат фразамі кшталту «Можна пісаць блудніцам, якія сталі на шлях выпраўлення».

Ябацькі ўсіх масцей

Праваслаўны сайт знаёмстваў — дарэчы, надзейнае месца, каб сустрэць кагосьці з ябацек. Тут ёсць і вайсковец, які кумірам лічыць праўладнага святара Андрэя Лемяшонка, і ідэолаг з чырвона-зялёным сцяжком на пінжаку, які будзе распавядаць, што наяўнасць грошай у сям’і — гэта не вельмі важна.

Пісаў мне і пакрыўджаны на ўвесь свет праўладны журналіст адной з раённых газет. Таго нават сайт баніў на некаторы час за надта агрэсіўную анкету: «Паважаныя ўцаркоўленыя, калі вы адчуваеце па перапісцы, што ўзровень веры, Б-г, думаю, мяне за гэта прабачыць, не адпавядае вашаму, просьба не турбаваць! Я пра жоўць падчас гутаркі па тэлефоне. Пасля размовы з такімі пачынаю разумець аднаго вельмі вядомага палітыка, калі ён кажа, што праваслаўны атэіст!»

Аляксей Талай: «Куміры — Лукашэнка і Пуцін»

Літаральна праз гадзіну на сайце знаёмства ад мужчынскай увагі пачынае кружыцца галава. Паведамленні з’яўляюцца з касмічнай хуткасцю. Дзясяткі аднатыпных пытанняў прысылаюць адначасова.

Таму ў нейкі момант ты пачынаеш блытацца ў тых, з кім пачала размову. У хуткім часе з’яўляюцца і першыя пакрыўджаныя — тыя, каму не падабаецца, што дзяўчына не адказала за 10 секундаў.

Сярод тых, хто звярнуў увагу на мяне, аказаўся паралімпіец Аляксей Талай. Пасля таго, як на «Нашай Ніве» выйшаў тэкст пра яго другі развод, мужчына вырашыў больш не хаваць гэтага факта сваёй біяграфіі і пачаў адкрыта шукаць жонку нумар тры. У анкеце ён шчыра піша пра два няўдалыя шлюбы і чацвярых дзяцей.

Сябе Аляксей называе «мужчынам, праўда, злёгку патрапаным у баях». Ён шукае хатнюю, далікатную, утульную, клапатлівую і жыццярадасную дзяўчыну. Аднагодкі (нават якія цудоўна выглядаюць) яго не цікавяць. З усіх фэйкавых анкет ён вырашыў напісаць цнатлівай дзяўчыне, якая малодшая за яго больш чым на 20 гадоў.

З анкеты Аляксея Талая на праваслаўным сайце знаёмстваў

Ад шлюбу Аляксей чакае новых дзяцей. Пры гэтым станоўча ставіцца да сужыцця. Дарэчы, са сваёй другой каханай мужчына ажаніўся амаль праз сем гадоў сумеснага жыцця, калі яна была цяжарная другі раз. Нічога, што праваслаўны ж сайт знаёмстваў да такога ставіцца негатыўна і раіць не камунікаваць з тымі, хто прапаноўвае сэкс да шлюбу.

На пытанне пра сэнс жыцця мужчына адказаў так: «Сям'я, пазнанне сябе, прасоўванне ў разуменні Бога, шчаслівыя дзеці, мірнае жыццё, працяг роду, шчаслівая Айчына».

Бавіць час ён любіць на прыродзе, у басейне ці ў саўне. Сярод інтарэсаў пазначыў кіно, чытанне, дачу, сад і агарод.

Прыкладамі для сябе Аляксея называе абаронцаў Айчыны, ветэранаў ВАВ ды «іншых канфліктаў», а таксама Лукашэнку і Пуціна.

Можна адзначыць, што Аляксей даволі прыемны суразмоўца і, калі не ведаць усю яго гісторыю (і не вельмі ўважліва чытаць анкету), то робіць ён станоўчае ўражанне.

Каментары56

  • Абармот
    23.09.2025
    Так Талай уже засыпает сватов?!
  • Hryb
    23.09.2025
    Pačym opijum dla naroda?
  • такое сабе...
    23.09.2025
    можа сайт гей знаёмстваў наступным разам праінспектуеце? З фэйкавай анкетай?
    мо і там які знаёмы твар сустрэнецца.

Цяпер чытаюць

Трамп паверыў у поўную перамогу Украіны28

Трамп паверыў у поўную перамогу Украіны

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі неўраджай яблыкаў8

«Таму без усялякай крыўды». Лукашэнка даручыў Галоўчанку сачыць за працаю Турчына3

Польшча адкрывае мяжу з Беларуссю70

Дроны над пляжам, груз 200 і не працуе GPS. Як беларусы сёлета адпачывалі ў Крыме6

Вікторыя Азаранка прыляцела ў Мінск. Яе з сынам заўважылі на трыбунах «Мінск-Арэны» ФОТАФАКТ4

Байсол: Сродкі з экстраннага збору будуць выплачаныя палітвязням цалкам9

У расійскай школе, што абвалілася на вачах у людзей, у той дзень павінны былі вучыцца разбіраць аўтамат, але ніхто не прыйшоў1

Як фаварыткі Лукашэнкі зарабляюць у б’юці-сферы12

Лукашэнка распытаў Турчына пра касякі ўрада19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп паверыў у поўную перамогу Украіны28

Трамп паверыў у поўную перамогу Украіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць