Грамадства

Лявон Халатран распавёў пра свой новы бар

З Лявонам Халатранам, які два гады таму шкрэбаў унітазы, а год таму загарэўся ідэяй адкрыць новы бар, «Белсат» паразмаўляў пра яго новы праект — бістро-бар «Antresolec».

Лявон Халатран у бістро «Antresolec». Варшава, Польшча. 15 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

— Твой новы бар працуе ўжо тры месяцы. Ці наведаў яго ўжо Віктар Бабарыка — твой, можна сказаць, былы шэф?

Лявон Халатран: — Я пакуль нічога яму пра гэта не казаў. Пазней запрашу. Не хочацца зараз — у іх цяпер ёсць пра што думаць, акрамя майго бару. А ўвогуле так, мы сустракаліся і размаўлялі, успаміналі мінулае, «Ok16». Класная сустрэча атрымалася.

— Гатовы будзеш дапамагаць яму, калі Бабарыка зноў надумае заняцца палітыкай?

— Гледзячы дзе. Калі на эміграцыі, то тут, мне здаецца, палітыка — на другіх ролях. Камусьці, можа, гэта пасуе, але мне нецікава, і не хачу ў гэта занурацца. А калі, умоўна, у Беларусі штосьці зменіцца і мы вернемся на радзіму, то чаму і не. Але яшчэ раз паўтару — у выпадку, калі б Віктар Бабарыка, скажам, прыйшоў да ўлады, я стаў бы яму ў апазіцыю…

«Паміж чаканнямі і рэчаіснасцю — невялічкі зазор»

— Заўжды становішся ў апазіцыю да паноўнага ладу. У гэтым нязменны. А як змяніў цябе мінулы год?

— Слухай, амаль увесь год прайшоў пад эгідай гэтага праекту. У лютым будзе якраз год, як мы пачалі шукаць памяшканне для бару. І насамрэч яшчэ ў лютым я думаў: якая ж гэта нерэальная гісторыя! Але казаў сабе: добра, усё роўна спрабую. І ў тым годзе я пераступаў праз неймаверную колькасць сумненняў. А цяпер сяджу ў сваім бары і кажу: «Ну атрымалася ж! Нягледзячы ні на што». А гэта значыць, што я, па-першае, яшчэ нешта магу, і па-другое, што я не фантазёр. То бок планы і здольнасць ажыццявіць іх аказаліся вельмі блізкімі да рэальнасці. Амаль на 100 %. Таму што праект — вось ён. І ён рэальна выглядае вельмі блізка да таго, што хацелася. Паміж чаканнямі і рэчаіснасцю — невялічкі зазор. Цешуся з гэтага.

— Ужо чацвёрты твой бар…

— Так. Але гэтым разам на мне куды больш адказнасці і нашмат больш «скілоў», чым у колішніх установах. Можа, з боку гэта і незаўважна, але для мяне гэта першы праект у гастраноміі, дзе я зрабіў куды больш, чым рабіў раней. Бо там былі партнёры і падтрымка. А тут ты проста выйшаў на свабодны рынак, у цябе няма ні датацыяў, ні ўплывовых сяброў, ні даху — нічога. Проста выходзіш і працуеш.

Бістро «Antresolec». Варшава, Польшча. 15 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Я навучыўся зварваць метал»

— Ты неяк казаў, што ў табе ўжываюцца «кавалак артыста і кавалак бізнесоўца». Ці не выракся артыста з адкрыццём установы?

— Практычна цалкам. Інтэр'ер нам ствараў беларускі мастак Саша Адамаў (у тым ліку — гэтую шыкоўную жырандоль), і ён узяў на сябе большую частку творчага працэсу. Чаму я і кажу пра выключнасць для мяне гэтага праекту, бо я сапраўды адчуў сябе тут больш менеджарам і бізнесоўцам, чым звычайна. Бізнес-частка перамагла (смяецца). Але я аддаў даніну мастацтву тым, што запрасіў Сашу Адамава. І калі Саша прапаноўваў штосьці такое, што супярэчыла нейкім камерцыйным інтарэсам, але мелася спрыяць цэласнасці праекту, то мы прымалі рашэнне на карысць артыстызму.

Саша часта згадваў японскія інтэрʼеры. Такія ўстановы ў Японіі маюць мала месца, але яно эфектыўна выкарыстоўваецца — праз шматузроўневасць. І адсюль гэтая нашая жырандоль, выпуклыя люстры і гэтак далей. Ты адразу заўважыў, што прастора выглядае меншай, чым на фотаздымках. Але праз некаторы час ты ўжо так не думаеш. Яна грае, сціскаецца і пашыраецца з пункту гледжання ўзаемадзеяння ўзроўняў.

— Гэта праўда. Пашырае свядомасць (смяёмся). А для далейшага пашырэння скажы мне, колькі ўклаў грошай у праект «Антрэсолец»?

— Праект досыць нізкабюджэтны. Калі я даведваюся пра бюджэты некаторых установаў, разумею, што яны ўтрая большыя. Але калі наведваеш тыя ўстановы, то бачыш, што яны мала чым ад нашага бару адрозніваюцца. І думаеш: куды ж вы столькі бабак запіхнулі? Хоць я разумею куды. У нас 80‑90 % рамонтных працаў выконвалася сваімі рукамі. А тым прыходзілася за ўсё плаціць. Я, напрыклад, навучыўся тут зварваць метал. Ведаючы, колькі каштуе зваршчык у Польшчы, — добрая была эканомія. Ну і сябры вельмі дапамаглі з кваліфікаванымі працамі — электрыка, водаправод і г.д. Цяжка было б без гэтага сацыяльнага капіталу.

— Нейкія лічбы назавеш?

— Назаву тую, якую ўжо называў журналістам, — 45 тысяч долараў. І гэта сапраўды не такая ўжо і вялікая сума. Калі хто хоча адкрыцца, то кошт адкрыцця можна разлічваць з суадносінаў 2000 долараў на метр квадратны, ужо з усім абсталяваннем і г.д. Калі табе патрэбныя 100 «квадратаў» — рыхтуй, умоўна кажучы, 200 тысячаў баксаў.

Плюс нашага памяшкання ў тым, што антрэсоль не бярэцца пад увагу гарадскімі ўладамі, не дадаецца да асноўнай плошчы. Паводле дакументаў, тут было 46 метраў квадратных, і таму стартавая цана была недарагая, нават з улікам таго, што яна ўдвая павялічылася падчас аўкцыёну. Калі ўлічваць паверхню антрэсолі, гэта ўсё неблагая цана для Павісля. Цяпер у нас, напэўна, разам з кухняй, 75 квадратаў, хоць антрэсоль давялося троху абрэзаць…

Лявон Халатран у бістро «Antresolec». Варшава, Польшча. 15 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Такі вось капіталізм»

— Апавядаеш мне з такім запалам, якога год таму я ў табе не заўважаў…

— Год таму не было столькі стрэсу. А зараз стрэс — штодзённы. Гэта я зараз з вамі сеў, зазямліўся троху. А так — увесь час на тэлефоне: штосьці купляю, дакупляю, абмяркоўваю, сачу за браніраваннем, еду куды-небудзь… А там (паказвае на тэлефон — рэд.) — усе алгарытмы так дзеяць, што палова «рылсаў» — гэта пра рэстаратараў, якія скардзяцца, што ў іх няма бабак, таму што трэба заплаціць і таму, і гэтаму. І ўвогуле, у Польшчы зараз трывае дыскусія, як цяжка жывецца гастраноміі — з бягучымі арэнднымі стаўкамі, падаткамі ды іншымі выдаткамі.

Людзі думаюць: вось адкрыюся, прадам 200 страваў за столькі, мінус арэнда, мінус заробкі — ну і вось такая сума застанецца. Але фактычна ў цябе такая шалёная колькасць ускосных расходаў, што пакуль не адкрыешся ты пра іх і не ведаеш нічога. Ліцэнзія, штрафы і куча ўсяго. Хаця б штомесячная плата за касу. Ці падатак на заробкі! Па факце дзяржава ставіць цябе ў такія ўмовы, што ты будзеш дурнем, калі вырашыш наймаць каго-небудзь старэйшага за 26 гадоў. То бок нармальна функцыянаваць ты зможаш толькі тады, калі ў цябе працуюць выключна студэнты, за якіх ты плаціш нулявыя падаткі. Бо калі плаціць за ўвесь персанал, трэба сур'ёзна зарабляць. Мала хто можа пахваліцца такой выручкай…

Бістро «Antresolec». Варшава, Польшча. 15 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

— Хтосьці плаціць заробкі ў канвертах…

— А хтосьці плаціць частку па-беламу, а другую — у канверце. І варыянтаў няма: або ты працуеш такім чынам, або ўвогуле не працуеш. На жаль, такая рэальнасць. Такі вось капіталізм. І таму ў мяне працуюць студэнты.

«Гэта не будзе простай прагулянкай»

— Але ты працуеш. Значыцца, усё-такі адкрыць гастранамічную ўстанову ў Варшаве — не безнадзейная справа?

— Не, не безнадзейная, але трэба разумець, як гэта ўсё працуе. Трэба разумець, адкуль будуць брацца кліенты, колькі ты будзеш плаціць за іх прыцягненне і колькі будзеш на іх зарабляць. То бок падыходзіць да гэтага больш прафесійна, а не так, што, адкрыю вось там — і народ паваліць. Ёсць, канешне, і такія кейсы, але гэта выключэнне. А правіла — гэта цяжка працаваць, асабліва напачатку, быць гатовым да мінусаў і пастаянна думаць пра тое, як выкарыстоўваць бягучыя інструменты, якія пастаянна змяняюцца, — таргет, сацсеткі, рылсы, Google Maps і г.д.

— У Бэльвэдэр, я так разумею, на сустрэчу прэзідэнта Польшчы з беларусамі цябе не запрашалі. Але калі б запрасілі, што сказаў бы прэзідэнту Польшчы?

— Не ведаю (смяецца). Можа, раіў бы для кампаніяў, якія стартуюць, увесці нейкія падатковыя канікулы. А то адкрываеш бізнес — і адразу да цябе набягаюць… Яўна ж ёсць нейкія праграмы, але дабіцца да іх складана. Я разумею, што ў гэтым выпадку зʼяўляюцца розныя махляры, якія пачынаюць адкрываць і пераадкрываць фірмы, каб увогуле сысці ад падаткаў. Але… Падаткі на заробкі тут сапраўды велічэзныя. Карацей, не пытайся — я не ведаю, што б сказаў яму…

Бістро «Antresolec». Варшава, Польшча. 15 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

— Добра, а пракансультуеш беларуса, які прыйдзе да цябе з ідэяй адкрыцця ўласнай кавярні ці бару ў Варшаве і папросіць парады?

— Канешне! Мы так і робім. Прыходзяць хлопцы, і, нават калі незнаёмыя, мы можам паўгадзіны ці гадзіну ўдзяліць ім спакойна. І не, я іх не адгаворваю. Але кажу, што гэта не будзе простай прагулянкай, што гэта будзе вельмі складана, і будзе вялікая верагоднасць правалу. І, кажу, калі вы разумееце, што так можа быць, і прымаеце гэта, то — рабіце. А мы — чым можам дапаможам, хаця б падказкай.

«Усё можа здарыцца, але я вам гарантую, што будзе цікава»

— Добра, дык якія складнікі таго, што ў цябе абышлося без правалу, што ў цябе атрымалася?

— Дык яно яшчэ не атрымалася (смяецца). Вось адпрацуем які год, тады я табе скажу, атрымалася ці не. Хоць, умоўна кажучы, — ок, нешта ўжо працуе, ёсць якая-ніякая стабільнасць. Складнікі? Не ведаю, напэўна, вялізная заангажаванасць. Як толькі адпускаеш — усё пачынае разбурацца. Трэба быць пастаянна ў фокусе, пастаянна думаць пра гэта, пастаянна дбаць. Іначай — ніяк. Калі ёсць яшчэ людзі ў ружовых акулярах, якія думаюць, што сёння адкрыюцца, а заўтра будуць знімаць вяршкі, то для такіх існуе нямала серыялаў пра тое, які гэта чад, колькі нерваў гэта каштуе і як часта ўзнікае жаданне кінуць усё да д'ябла. Я так і сказаў партнёрам: не ведаю, як гэта будзе, але мы зробім усё, каб праект быў паспяховы. Маўляў, усё можа здарыцца, але адно я вам гарантую — будзе цікава. Ой, гучыць неяк… Давай гэта выражам.

Лявон Халатран у бістро «Antresolec». Варшава, Польшча. 15 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

— Не выражам, усё нармальна. Але табе, падобна, і з напарнікам пашанцавала.

— Хацеў пра гэта сказаць. Уладзь — сапраўдны шэф-кухар, якога яшчэ пашукаць. А калі і знойдзеш, то бюджэт адразу падскочыць угару. Уладзь вельмі добра папрацаваў. Ён пастаянна пераймаецца, думае, перарабляе, траціць на гэта час. Мы пастаянна штосьці змяняем. І наведнікі ўпадабалі нашыя флэтбрэды.

Ну і мы неяк проста нармальна супалі з Уладзем. Бо мы не атрымліваем тут такіх грошай, якія ён, напрыклад, мог бы лёгка зарабляць, працуючы ў найме. Але мы працуем тут, таму што нам цікава. Таму што працуем самі на сябе, і нам не трэба стаяць на нелюбімай працы і гатаваць невядома што. І гэта варта таго.

— Але вяртаюся да тваёй мары — адкрыць пляцоўку на чалавек 100 і каб можна было ладзіць канцэрты…

— Так, але «Антрэсолец» дакладна не пра тусоўку. Гэтае месца пра ежу, пра напоі, пра размовы — пасядзець пагутарыць у невялікім камʼюніці. Але тое, пра што ты гаворыш, я яшчэ трымаю ў галаве, хоць тут вельмі цяжка знайсці такое вялікае памяшканне, каб можна было і тусавацца, і «канцікі», то бок канцэрты, рабіць. Гэтая мара пакуль не ажыццявілася, але яна чакае ў скрыначцы. Бо я не выкінуў гэтую ідэю з галавы і не адмовіўся ад яе. Вярнуся да яе крыху пазней.

Каментары

Цяпер чытаюць

Палітвязняў па ўсёй краіне апытваюць: пасля памілавання вы хочаце застацца ў Беларусі ці з'язджаць?9

Палітвязняў па ўсёй краіне апытваюць: пасля памілавання вы хочаце застацца ў Беларусі ці з'язджаць?

Усе навіны →
Усе навіны

Калеснікава адказала, ці праўда, што яна схуднела да 45 кг у калоніі12

Маразы адступяць у чацвер

Севярынец звярнуўся да Калеснікавай: Маша, ты наша!22

Наўседа: Я буду сярод тых, хто найбольш жорстка патрабуе падаўжэння санкцый ЕС супраць Беларусі7

Міліцыя знайшла нечаканую нагоду аштрафаваць мінчука за ролік у сацсетках8

Ініцыятыва «Будзьма беларусамі!» прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем»6

Найхаладней гэтай ноччу было на Палессі, але мінімум не пабіты

У Мінсувязі патлумачылі, чаму так і не адмянілі роўмінг з Расіяй3

Белпол: «Эпштэйн не даехаў да Беларусі». А кім былі бацькі яго каханкі Карыны Шуляк?9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Палітвязняў па ўсёй краіне апытваюць: пасля памілавання вы хочаце застацца ў Беларусі ці з'язджаць?9

Палітвязняў па ўсёй краіне апытваюць: пасля памілавання вы хочаце застацца ў Беларусі ці з'язджаць?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць