Свет44

Сакрэтная кафедра Баўманаўскага ўніверсітэта Расіі цяпер рыхтуе хакераў і дэзынфарматараў для ГРУ — расследаванне

Ва ўніверсітэце імя Баўмана дзейнічае фактычна закрытая школа ГРУ, дзе студэнтаў вучаць узлому камп’ютарных сетак, электроннай разведцы, псіхалагічным аперацыям і стварэнню дэзынфармацыйных кампаній. Выпускнікі праграмы трапляюць у падраздзяленні, якія Захад звязвае з кібератакамі на крытычную інфраструктуру ў Еўропе і ЗША. 

Галоўны корпус МДТУ імя Баўмана. Фота: Wikimedia Commons

Журналісты The Guardian, Der Spiegel, Le Monde, The Insider, Delfi і VSquare атрымалі больш за дзве тысячы ўнутраных дакументаў МДТУ імя Баўмана. Сярод іх — навучальныя праграмы, кантракты выкладчыкаў, экзаменацыйныя матэрыялы і звесткі пра размеркаванне выпускнікоў.

Гэтыя матэрыялы ахопліваюць перыяд да 2025 года і дазваляюць даведацца падрабязнасці таго, як у Расіі арганізавана сістэма падрыхтоўкі будучых супрацоўнікаў ГРУ на базе «Кафедры №4», вядомай таксама як «Спецыяльная падрыхтоўка».

Навучальная праграма

Згодна з дакументамі, Кафедра №4, інтэграваная ў вайсковы навучальны цэнтр універсітэта, падзелена на тры спецыялізаваныя кірункі. Самы значны з іх пад кодам 093400 мае назву «Спецыяльная служба разведкі».

З дакументаў вынікае, што прадстаўнікі ГРУ непасрэдна кантралююць адбор студэнтаў, прымаюць экзамены і вырашаюць, куды выпускнік будзе накіраваны пасля заканчэння вучобы.

Былы высокапастаўлены чыноўнік расійскага Міністэрства абароны апісаў гэту сістэму як своеасаблівы «канвеер»: перспектыўных школьнікаў адбіраюць яшчэ ў юным узросце, пасля яны паступаюць у Баўманаўскі ўніверсітэт, а адтуль трапляюць у спецслужбы.

Кіраўніком кафедры называецца падпалкоўнік Кірыл Ступакоў — спецыяліст па радыёэлектроннай разведцы. Паводле дакументаў, у 2022 годзе ён падпісаў кантракт з вайсковай часцю №45807, якая ўваходзіць у структуру ГРУ.

На сваіх занятках Ступакоў выкладае методыкі электроннага сачэння і тайнага назірання. На слайдах прэзентацый у PowerPoint, распрацаваных для яго лекцый, дэманструюцца схаваныя камеры пад выглядам датчыкаў дыму, прылады для перахопу націсканняў клавіш і кабелі манітораў, здольныя тайна рабіць скрыншоты экрана.

Сярод выкладчыкаў згадваецца і генерал-маёр Віктар Нятыкша — чалавек, якога Захад лічыць адным з кіраўнікоў хакерскай групы Fancy Bear.

Гэтае падраздзяленне ГРУ амерыканскія ўлады абвінавачвалі ва ўмяшанні ў прэзідэнцкія выбары ў ЗША ў 2016 годзе.

Як вынікае з навучальных матэрыялаў, якія трапілі да журналістаў, адзін з асноўных курсаў, разлічаны на 144 гадзіны, называецца «Абарона ад тэхнічнай разведкі». На працягу двух семестраў студэнты вывучаюць методыкі атакі на камп’ютарныя сеткі, уразлівасці праграмнага забеспячэння, перабор пароляў і выкарыстанне траянскіх праграм.

Для здачы курса неабходна правесці практычныя атакі на сеткі, а таксама самастойна распрацаваць камп’ютарны вірус.

Асобныя лекцыі прысвечаныя структуры амерыканскіх і брытанскіх спецслужбаў, заходняй разведцы ў вайне ва Украіне і выкарыстанню беспілотнікаў.

Акрамя тэхнічнай падрыхтоўкі, праграма ахоплівае інфармацыйную вайну. Студэнты старэйшых курсаў павінны прайсці семінар па распрацоўцы кампаніі дэзынфармацыі.

Ім ставіцца задача стварыць відэа для сацыяльных сетак з выкарыстаннем «маніпуляцый, ціску і прыхаванай прапаганды». Будучых аператыўнікаў вучаць механізмам псіхалагічнага маніпулявання і таму, як навязаць аўдыторыі «правільнае» ўспрыманне інфармацыі.

Пры гэтым навучальныя матэрыялы насычаныя афіцыйнай крамлёўскай рыторыкай. У іх сцвярджаецца, што вайна супраць Украіны была «непазбежнай», у Кіеве нібыта знаходзяцца ва ўладзе «нацыяналісты і неанацысты», а рускія ў Данбасе нібыта сутыкаюцца з «генацыдам», які падтрымліваюць еўрапейскія краіны.

З аўдыторыі ў хакерскія падраздзяленні

Дакументы дазваляюць прасачыць і далейшы лёс выпускнікоў. Сярод 69 студэнтаў, якія скончылі кафедру ў 2024 годзе, згадваецца Данііл Поршын. За шэсць гадоў навучання ён меў амаль бездакорныя адзнакі і гуляў за футбольную каманду факультэта. Пасля выпуску яго накіравалі ў Fancy Bear. Яшчэ 15 чалавек з таго ж выпуску таксама атрымалі прызначэнні ў структуры ГРУ.

Адзін з выпускнікоў трапіў у вайсковую часць №74455 у Анапе на Чорным моры. Заходнія спецслужбы лічаць, што менавіта там базуецца вядомая хакерская група Sandworm.

Абвестка ФБР пра вышук шасці ўдзельнікаў падраздзялення ГРУ №74455, вядомага пад назвай Sandworm, 2023 год. Фота: FBI

Яе звязваюць з гучнымі расійскімі кібератакамі апошняга дзесяцігоддзя: узломам украінскай энергасістэмы ў 2015 годзе, атакамі на штаб Эмануэля Макрона перад выбарамі ў Францыі, аперацыямі супраць зімовай Алімпіяды ў Паўднёвай Карэі і спробамі сарваць расследаванне атручвання ў Солсберы.

Пры гэтым не ўсе студэнты праходзяць адбор. У дакументах сустракаюцца жорсткія характарыстыкі ад куратараў з ГРУ. Аднаму з навучэнцаў, напрыклад, паставілі ў віну «недастатковае разуменне таго, як ажыццяўляць дыстанцыйную сеткавую атаку».

Як адзначаюць аўтары, на фоне нарошчвання Расіяй «гібрыдных» атак на краіны Еўропы раскрытая імі праграма ў Баўманаўскім універсітэце выглядае як частка доўгатэрміновай дзяржаўнай сістэмы падрыхтоўкі кадраў для кібервайны. Паводле дакументаў, чарговы набор студэнтаў скончыць навучанне ў 2027 годзе.

Аднак суразмоўцы журналістаў сцвярджаюць, што Баўманаўскі ўніверсітэт — толькі адна з некалькіх элітных ВНУ, праз якія расійскія спецслужбы адбіраюць і рыхтуюць будучых хакераў і разведчыкаў. Яшчэ больш важную ролю, паводле іх слоў, адыгрывае ўніверсітэт МІРЭА ў Маскве.

Каментары4

  • Кэт
    08.05.2026
    Кафедраа подонков.
  • айти сектор русского мира
    08.05.2026
    Айти сектор в понимании русских.
    В стране, которой руководит ФСБ (КГБ, НКВД) иначе не может быть.
  • Кит
    09.05.2026
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

«Я больш не анархіст». Мікола Дзядок — пра турму, Бога і расчараванне ў ідэалогіях23

«Я больш не анархіст». Мікола Дзядок — пра турму, Бога і расчараванне ў ідэалогіях

Усе навіны →
Усе навіны

Тры турысты загінулі ў Інданезіі падчас вывяржэння вулкана, 20 прапалі без вестак

Калі пакеты для ўпакоўкі ў краме бясплатныя, то іх можна браць у любой колькасці? Тлумачыць юрыст2

Зяленскі афіцыйна дазволіў Пуціну правесці парад — указ51

Зяленскі заявіў пра згоду на абвешчанае Трампам перамір'е

Трамп аб'явіў трохдзённае перамір'е паміж Расіяй і Украінай13

«Дагэтуль трохі ў шоку». Француз, якога беларусы ўратавалі ад банкруцтва, расказаў пра таямніцы сваёй кавярні9

Візажыстка з Гомеля ў гонар 9 мая запісала святочны ролік — максімальна вульгарна расфарбавала 13‑гадовую дачку51

Такаеў і Мірзіёеў усё ж прыедуць пацешыць Пуціна2

Чыноўнікі пачалі спаборнічаць памерам «яблыневых» бутаньерак. Качанава сярод лідараў ФОТАФАКТ14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я больш не анархіст». Мікола Дзядок — пра турму, Бога і расчараванне ў ідэалогіях23

«Я больш не анархіст». Мікола Дзядок — пра турму, Бога і расчараванне ў ідэалогіях

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць