Трэнд сярод беларускіх зумераў і міленіялаў: усё больш моладзі вяртаецца жыць да бацькоў
Калі раней у модзе была поўная незалежнасць, дзеля якой людзі гатовыя былі ненармавана працаваць, то цяпер сярод моладзі ўхваляецца новага тыпу даўншыфтынг — сумеснае жыццё з бацькамі. Усё больш 25‑гадовых і 30‑гадовых беларусаў вяртаюцца ў бацькоўскае гняздо пасля няўдалых спроб пажыць самастойна.

«Мне 30 гадоў, я пераехала жыць да маці, і мне не сорамна. У мяне няма кватэры, машыны, я не ў стасунках, але я паспела пажыць у розных краінах, зганяць на зімоўку ў Азію і ментальна пасталець, — знаёміць са сваёй біяграфіяй беларуска Дзіяна.
Дзяўчына наважылася на такі крок, бо, на яе погляд, так яна хутчэй зможа дасягнуць сваіх мэт, пастаўленых на 2026 год.
«Першае ў спісе — абнавіць тэхніку для здымак», — Дзіяна займаецца рытуальнымі паслугамі, але пры гэтым вядзе блог і далей хоча зарабляць на жыццё выключна стварэннем кантэнту як для блогераў, так і для самой сябе.

Але глабальна дзяўчына марыць пра стабільнасць і спакой, якіх раней яна была пазбаўленая якраз у пагоні за поўнай незалежнасцю.
Беларуска Ксенія таксама вярнулася ў дом маці, прамяняўшы сталіцу на вёску. У адным з ролікаў яна іранізуе: «Не трэба мне зайздросціць, але мне больш не трэба здымаць кватэру за 400 даляраў».
Ксенія пачала з нуля навучанне на нутрыцыёлага, і з новай нагрузкай ёй было б цяжэй зарабляць на арэнду. Таму яна і вырашыла эканоміць, жывучы з бацькамі.

Таксама з пераездам да маці Ксенія змагла пахудзець з 71 да 52 кілаграмаў. Цяпер яна дзеліцца ў блогу праверанымі здаровымі рэцэптамі і ўласнымі прынцыпамі змяншэння вагі.
Паліна ў 2024‑м скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт і пасля таксама не пацягнула кошту мінскай арэнды, абраўшы вярнуцца да бацькоў у вёску Шэметава — сваім вымушаным крокам яна падзялілася ў каментарах да відэа Ксеніі.
Падобных гісторый з’яўляецца ўсё больш, прычынай таму самі зумеры і міленіялы называюць эканамічныя праблемы: кошт арэнды, асабліва ў сталіцы, несувымерны заробкам. Тое самае можна сказаць і пра цэны на куплю нерухомасці.
«Аднаму сёння не выжыць», — прыходзіць да высновы моладзь са звычайных сем’яў.
У каментарах людзі пасталей крытыкуюць такі падыход і называюць яго інфантыльным, на што зумеры і міленіялы прыгадваюць досвед некаторых еўрапейскіх краін — прыкладам, Італіі, дзе працяглае суіснаванне з бацькамі пад адным дахам, прычым часам некалькімі пакаленнямі — гэта норма.
Праўда, адзінкі заўважаюць, што добра, калі ёсць куды вяртацца і калі сям’я — адэкватная. Інакш у горшым выпадку можна апынуцца на вуліцы.
Дарэчы, сярод зумераў і міленіялаў, у якіх хапіла фінансавай пісьменнасці для таго, каб назапасіць грошы на набыццё сціплай, але ўласнай хаткі ў беларускай вёсцы, распаўсюджаны яшчэ адзін трэнд — Grandma core. Гэта спакойнае, павольнае жыццё ў вёсцы, аднак без сялянскіх заняткаў, калі не трэба палоць дзясяткі сотак бульбы. Выключна кветкі і маленькі гародзік, вязанне, жывёлы для задавальнення і рэлакс.
Некаторыя не стрымліваюць сябе і рашаюцца на пакупку цэлай сельскай школы.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары