Навукоўцы ў шоку ад вынікаў даследаванняў інтэлекту пакалення Z
Больш за стагоддзе чалавецтва няспынна інтэлектуальна расло. З канца XIX стагоддзя кожнае наступнае пакаленне станавілася больш кемлівым за папярэдняе — гэтая тэндэнцыя здавалася непарушным законам прагрэсу. Аднак з пакаленнем Z яна ўпершыню ў сучаснай гісторыі развярнулася ў адваротны бок — інтэлект пачаў зніжацца.

Пакаленнем Z называюць моладзь, народжаную прыкладна ў 2000-х.
Амерыканскі нейрабіёлаг і эксперт у галіне адукацыі Джарэд Хорват падчас слуханняў у Сенаце ЗША выступіў з рэзананснай заявай: нягледзячы на тое, што сучасныя дзеці праводзяць у навучальных установах больш часу, чым іх папярэднікі, яны дэманструюць горшыя вынікі па ўсіх ключавых параметрах. Гаворка ідзе не толькі пра IQ, але і пра базавую ўважлівасць, памяць, навыкі чытання і элементарную матэматыку.
На думку Хорвата, асноўная прычына — шырокае ўкараненне адукацыйных тэхналогій (EdTech) у школах. Лічбавыя прылады паглынаюць значную частку навучальнага часу, але прыносяць рэальную карысць толькі ў вузкіх сферах (напрыклад, як навучальныя трэнажоры).
З падрабязнасцямі знаёміць Die Welt.
«Даныя міжнародных параўнальных даследаванняў, маштабных навуковых прац і метааналізаў паказваюць, што павелічэнне часу перад экранам падчас заняткаў звычайна звязана з пагаршэннем вынікаў навучання, а не з іх паляпшэннем. Наша задача — не максімізаваць экранны час, а спрыяць развіццю кагнітыўных здольнасцяў і доўгатэрміновай паспяховасці наступнага пакалення», — адзначыў Хорват у сваім пісьмовым звароце да Камітэта па гандлі, навуцы і транспарце Сената.
Прафесар школьнай педагогікі Аўгсбургскага ўніверсітэта Клаус Цірэр у сваю чаргу сцвярджае:
«Сённяшнія вучні паказваюць горшыя вынікі амаль ва ўсіх вымярэннях у сферы адукацыі, чым папярэднія пакаленні — і гэта адбываецца ўпершыню з канца Другой сусветнай вайны», — адзначае Цірэр і ў якасці прыкладу спасылаецца на даследаванне PISA (Міжнародная праграма ацэнкі вучняў) Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР). Паводле гэтых даных, пасля піка ў 2012 годзе крывая дасягненняў стабільна зніжаецца.
Цірэр падзяляе меркаванне Хорвата, што большасць рашэнняў у сферы EdTech менш эфектыўныя, чым звычайныя ўрокі без тэхналогій. «На этапе засваення базавых кампетэнцый тэхніка па сваёй сутнасці абсалютна непрыдатная. Яна патрабуе часу і грошай, але прыносіць вельмі мала карысці — калі ўвогуле прыносіць».
Нямецкі прафесар занепакоены не толькі лічбавізацыяй навучання, але і ўвогуле зменай жыццёвага асяроддзя, што вядзе да росту дэфіцыту ўвагі, праблем з маўленнем, эмацыйнай пустэчы і няздольнасці будаваць глыбокія лагічныя сувязі.
Разам з калегамі з Аўгсбургскага ўніверсітэта Цірэр у 2023 годзе правёў метааналіз, які пацвердзіў існаванне так званага эфекту «знясілення мозгу» (Brain Drain), які ўпершыню апісаў Эдрыян Уорд з Чыкагскага ўніверсітэта ў 2017 годзе.
Ён паказвае, што нават простая прысутнасць смартфона побач можа зніжаць увагу і пагаршаць працу памяці. Нямецкія даследчыкі сфармулявалі выразную рэкамендацыю: выкарыстанне лічбавых медыя павінна быць не выпадковым, а свядома арганізаваным — з улікам кантролю і педагагічных падыходаў.
Дыскусія вакол забароны смартфонаў у школах і ўстанаўлення ўзроставых абмежаванняў для карыстання сацыяльнымі сеткамі падсілкоўваецца і іншымі даследаваннямі. Так, навукоўцы з Універсітэта імя Уілфрыда Лар'е ў канадскім Уотэрлоа высветлілі, што празмерны час перад экранам падчас развіцця мозгу павялічвае рызыку развіцця хваробы Альцгеймера і іншых відаў дэменцыі ў дарослым узросце.
«Мы мяркуем, што празмернае карыстанне экранамі падчас крытычных фаз развіцця пакалення Z прывядзе да лёгкіх кагнітыўных парушэнняў у раннім і сярэднім дарослым узросце, а пасля — да значнага росту захворвання на дэменцыю ў старасці», — адзначаюць даследчыкі.
Навукоўцы прагназуюць, што пасля 2060 года свет можа сутыкнуцца з павелічэннем захворвання на хваробу Альцгеймера і іншыя віды дэменцыі ў 4—6 разоў. Гэта можа прывесці да сур’ёзных сацыяльных і эканамічных наступстваў, а таксама да крытычнай нагрузкі на сістэмы аховы здароўя ў развітых краінах.
Цікава, што менавіта Скандынавія, якая раней выступала піянерам лічбавізацыі адукацыі, цяпер першай пачынае адступаць на фоне зніжэння паспяховасці. Замест гэтага ўрады зноў укладваюць сродкі ў традыцыйныя школьныя падручнікі.
Піянерамі гэтай своеасаблівай «аналагавай контррэвалюцыі» разам са шведамі сталі датчане, якія яшчэ нядаўна актыўна ўкаранялі лічбавыя тэхналогіі: каля 72% вучняў карысталіся электроннымі прыладамі амаль на кожных занятках. Аднак цяпер чакаецца, што час, які яны праводзяць перад экранамі падчас навучання, будзе істотна скарочаны.
Міністр адукацыі Даніі Маціяс Тэсфае нават выступіў з публічнымі прабачэннямі перад маладым пакаленнем. Паводле яго слоў, нельга было ператвараць дзяцей у «паддоследных трусоў», замяняючы кнігі айпадамі. Цяпер Паўночная Еўропа ўзначальвае аналагавы супраціў, спрабуючы выратаваць кагнітыўны патэнцыял будучых пакаленняў, пакуль не стала запозна.
Каментары