ЗША нанеслі ўдары па Іране ў адказ на абстрэл грузавога судна ў Армузскім праліве
Былі атакаваныя аб’екты захоўвання ракет і беспілотнікаў, а таксама прыбярэжныя радары ў раёне праліва.

Амерыканскія вайскоўцы заявілі, што нанеслі ўдары па Іране пасля нападу на грузавое судна ў Армузскім праліве. Былі атакаваныя аб’екты захоўвання ракет і беспілотнікаў, а таксама прыбярэжныя радары ў раёне праліва. Пасля гэтага Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі Ірана (КВІР) паведаміў, што нанёс удары па амерыканскіх пазіцыях у рэгіёне, піша Бі-бі-сі.
«Неабгрунтаваная агрэсія з боку іранскіх сіл супраць гандлёвага суднаходства відавочна парушыла рэжым спынення агню, — заявіла Цэнтральнае камандаванне ЗША (CENTCOM) у сацыяльнай сетцы X. — Небяспечныя паводзіны Ірана падрываюць свабоду суднаходства, бо праз гэты жыццёва важны міжнародны гандлёвы калідор праходзіць усё больш грузаў».
Камандаванне дадало, што амерыканскія ўзброеныя сілы «працягнуць забяспечваць каардынацыю бяспечнага праходу і аказваць падтрымку гандлёвым судам, якія ідуць праз праліў».
КВІР заявіў, што адказаў на атаку ўласнымі ўдарамі па амерыканскіх войсках, але не ўдакладніў падрабязнасцей.
Раней Дональд Трамп заявіў пра парушэнне Тэгеранам рэжыму спынення агню ў сувязі з атакай на кантэйнеравоз Ever Lovely, які ішоў праз праліў пад сцягам Сінгапура і належаў кампаніі Evergreen.
«Ісламская Рэспубліка Іран выпусціла як мінімум чатыры ўдарныя беспілотнікі-камікадзэ па судах, што праходзілі праз Армузскі праліў. Адзін з беспілотнікаў трапіў у верхнюю палубу вялікага і вельмі дарагога грузавога судна. Судна атрымала пашкоджанні, але змагло працягнуць шлях. Тры іншыя беспілотнікі мы збілі. Відавочна, гэта безразважнае парушэнне нашага пагаднення аб спыненні агню», — напісаў ён у Truth Social.
Тым часам віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс адзначыў, што калі Іран «не згодны з тым, як павінен рэалізоўвацца Мемарандум аб узаемаразуменні [дакумент аб спыненні агню, падпісаны Тэгеранам і Вашынгтонам], яны могуць узяць тэлефон».
«Аднак адказам на гвалт будзе гвалт», — дадаў Вэнс.
Пасля ўдару па судне Міжнародная марская арганізацыя ААН (IMO) прыпыніла эвакуацыю больш чым 11 тысяч маракоў, якія там захраслі.
Каментары