МУС Латвіі прапануе цалкам закрыць адзіны пункт пропуску на мяжы з Беларуссю
Міністэрства ўнутраных спраў Латвіі прапануе ўраду краіны часова спыніць працу пункта пропуску «Патэрніекі» на латвійска-беларускай мяжы. Праект адпаведнага рашэння ўжо падрыхтаваны і перададзены на ўзгадненне, піша lsm.lv.

Калі ўрад падтрымае гэтую прапанову, гэта фактычна будзе азначаць поўнае спыненне перамяшчэння праз гэты пункт для грамадзян і грузавога аўтатранспарту, якія накіроўваюцца ў Беларусь або з Беларусі.
Цяпер «Патэрніекі» — адзіны дзейны аўтамабільны пунктам пропуску паміж Латвіяй і Беларуссю. Таксама існуе чыгуначны пункт «Індра», але ён выкарыстоўваецца толькі для грузавых цягнікоў, а пасажырскія авіяперавозкі паміж краінамі ўжо некалькі гадоў не ажыццяўляюцца.
У МУС Латвіі заявілі, што закрыццё неабходнае для забеспячэння бяспекі краіны, прадухілення незаконнага перасячэння мяжы, а таксама для больш эфектыўнага выкарыстання рэсурсаў Дзяржаўнай пагранічнай аховы і іншых службаў ва ўмовах крызісу.
Латвійскае ведамства сцвярджае, што ціск нелегальнай міграцыі на мяжы з Беларуссю застаецца высокім і патрабуе значных сіл ад пагранічнікаў. Паводле заявы МУС, Беларусь нібыта працягвае дапускаць і падтрымліваць некантраляванае перамяшчэнне трэціх асоб праз мяжу, што стварае дадатковую нагрузку на латвійскія дзяржаўныя структуры.
У міністэрстве таксама адзначылі, што дзейны пункт пропуску «Патэрніекі» ва ўмовах узмоцненай аховы мяжы захоўвае магчымасць для «гібрыднага ціску», правакацый і дзеянняў разведвальнага характару.
Раней на пункце пропуску ўзніклі нібыта тэхнічныя праблемы з інфармацыйнымі сістэмамі, з-за чаго з 31 ліпеня афармленне перасячэння мяжы не праводзіцца. Памежная служба Латвіі рэкамендавала людзям карыстацца іншымі пунктамі пропуску, у тым ліку на мяжы з Літвой.
Узмоцнены рэжым аховы мяжы ў латвійскім памежжы з Беларуссю дзейнічае ўжо працяглы час і быў падоўжаны ўрадам Латвіі да канца 2026 года. Ён распаўсюджваецца на шэраг памежных тэрыторый, у тым ліку Лудзенскі, Краслаўскі і Аўгшдаўгаўскі рэгіёны.
Цяпер чытаюць
DDoS-атака ідзе на сайты адразу некалькіх беларускіх СМІ. Магчыма, яна звязаная з шостай гадавінай народнага ўздыму 2020‑га і канферэнцыяй «Новая Беларусь», што адкрылася сёння
Каментары
Ня пусьцім .