Грамадства22

Прафесія гэтага беларуса — пужаць людзей. Ён расказаў, што трэба рабіць і колькі за гэта плацяць

Хорар-квэст — месца, дзе людзі добраахвотна плацяць грошы, каб іх пужалі, зачынялі ў цемры і ганялі па падвалах. Але хто хаваецца за маскамі маньякаў і прывідаў? Максім працуе ў гэтай сферы ўжо пяты год. Ён прайшоў шлях ад звычайнага акцёра да намесніка дырэктара кампаніі Questroom, папрацаваў больш чым на 12 праектах у Мінску і ведае гэтую кухню знутры, піша выданне Myfin.by.

— Квэсты — гісторыя сезонная. Самы пік пачынаецца з сярэдзіны лета, калі студэнты вяртаюцца ў горад, і доўжыцца да канца кастрычніка. Далей — як пашанцуе. Заробак не фіксаваны, мы атрымліваем грошы за кожную канкрэтную гульню. Гэта ўсё ж такі падпрацоўка ці нават хобі. Для асноўнай працы тут заробак, які занадта плавае.

— І колькі каштуе напалохаць чалавека?

— Па маіх назіраннях, у сярэднім па Мінску акцёр атрымлівае ад 10 да 15 BYN за праведзены квэст. Але агулам усё залежыць ад працадаўцы і тваіх абавязкаў. Асабіста я працаваў і за 12,5 BYN, і за 15, і за 25. Там, дзе плацяць 25, у цябе значна больш функцыяналу. Не буду называць канкрэтных арганізатараў, але ёсць вельмі добрыя, складаныя квэсты, дзе акцёрам плацяць усяго 7 BYN. Каб зарабіць больш, ім прапануюць надбаўкі за нейкую самадзейнасць: прыдумаць арыгінальнае з'яўленне персанажа, украсці, напрыклад, кросовак у гульца — атрымаеш надбаўку 3 BYN. Першыя дзве-тры гульні за змену ты яшчэ можаш крэатывіць, але на сёмы-восьмы раз новае не атрымаецца прыдумаць.

Па словах Максіма, квэст-індустрыя ў Мінску апошнія некалькі гадоў набірала абароты і разрасталася. У моцнай канкурэнцыі гульняў на ўсіх не хапае.

Як кажа Максім, калі працаваць на адной лакацыі, выходзіць каля 600 рублёў на месяц. Каб павялічыць заробак, ён бегае паміж двума квэстамі туды-сюды. У такім тэмпе за месяц можа выйсці каля 1 200 BYN.

— У мае абавязкі ўваходзіць: сабраць лакацыю перад пачаткам, нанесці грым, пераапрануцца, ужыцца ў ролю і трымаць атмасферу да канца. Калі квэст — перформанс, гэта значыць па кнізе ці фільме, трэба дасканала вывучыць манеру мовы і пластыку персанажа. Плюс трэба адчуваць аўдыторыю. Калі прыйшлі дзеці — гуляем акуратна. Калі студэнты — можна разгуляцца на поўную, яны добра ўспрымаюць жарты і скрымеры. Гульцы ва ўзросце — індывідуальны падыход. 

У сярэднім гульня доўжыцца 1 гадзіну, таму аплата ў 15 BYN можа гучаць недрэнна для маладога чалавека. Але на справе ўсё псуе непрадказальнасць графіку. У сваю змену ты не можаш працаваць дзесьці яшчэ, але гульняў у твой дзень можа не быць. І атрымліваецца, што ты сядзіш без грошай, хоць нібыта працоўны дзень.

Максім на працы

— Графік мы бачым напярэдадні, але бронь можа «прыляцець» за паўтары гадзіны да пачатку гульні. Ты мусіш быць заўсёды напагатове, каб сарвацца і выехаць. Камусьці шчасціць: ён жыве ў суседнім двары, яму 10 хвілін да працы. А калі жывеш на іншым канцы горада, то дзеля адной гульні траціш гадзіну туды, гадзіну назад, гадзіну вядзеш квэст — і ўсё гэта дзеля 15 BYN.

Колькі каштуе запусціць свой квест

Адкрываць свой квэст — гэта заўсёды рызыка. Максім перакананы, што, калі людзям не зойдзе, яны напішуць сярэднія водгукі, якія моцна ўплываюць на наведвальнасць, і да цябе будуць хадзіць толькі тады, калі пройдуць усе астатнія квэсты ў горадзе. А ты ж уклаў велізарныя грошы ў арэнду, рамонт, дэкарацыі, праводку, камеры.

— Які парог уваходу ў гэты бізнэс?

— Раней усе рабілі банальна: абшылі сцены гіпсакартонам, кінулі пару дэкарацый, папырскалі фарбай — вось табе і логава маньяка. Цяпер індустрыя вырасла, людзі замарочваюцца. Ёсць у Мінску класныя людзі, напрыклад кампанія «Клаўстрафобія». Яны робяць такія квэсты, дзе ты проста баішся нешта чапаць, бо гэта выглядае як рэальныя артэфакты, той жа «Код да Вінчы».

Стварэнне класічнага якаснага квэсту можа абысціся ў $30 000. Цэны могуць быць значна ніжэйшымі. Наш новы квэст «Тэрапія», які мы рабілі амаль тры гады, наўскідку абышоўся прыкладна ў $5 000 — 7 000. Але кошт квэсту не кажа пра яго якасць. У нас, напрыклад, велізарная эканомія, бо мы будаўнічыя работы сваімі сіламі праводзілі.

— І за колькі часу гэта акупляецца?

— Сакрэт акупнасці — у колькасці квэстаў на адной лакацыі. Сярэдні кошт гульні для каманды ў Мінску — 100—120 BYN. Калі ў цябе адзін квэст, ты можаш правесці толькі адну гульню ў гадзіну. У нас на адным пункце знаходзіцца адразу чатыры квэсты. То-бок у гадзіну можа ісці паралельна чатыры гульні. Галоўнае — пісьменна выбудаваць гукаізаляцыю, каб каманды не перасякаліся і не чулі крыкі адзін аднаго праз сцяну.

Пры гэтым квэсты вельмі часта трапляюць у пастку арэндадаўцы. Калі ў цябе забяруць памяшканне — твой квэст проста прыйдзецца зруйнаваць. Ты не можаш забраць з сабой пафарбаваныя сцены, задэкараваную падлогу і пракладзеную праводку. Таму імкнуцца заключаць доўгатэрміновыя дамовы арэнды.

Штрафы, траўмы і чаявыя ў $100

Уся праца завязаная на двух людзях, таму штрафы ў індустрыі — распаўсюджаны спосаб дысцыпліны. Калі акцёр спазніўся хвілін на 20 і людзям прыйшлося яго чакаць, ён праводзіць гэтую гульню бясплатна. Калі ён увогуле не выйшаў на працу без уважлівай прычыны, ён сплачвае штраф у памеры кошту самай гульні.

Вядома, калі чалавек рэальна захварэў, з тэмпературай, то нічога не будзе. Аднак важна, каб быў зменшчык, які можа цябе падмяніць. Калі замены няма — прыйдзецца працаваць без выхадных.

— Цяпер папулярныя кантактныя хорары. Бывае, што акцёр перабольшвае з сілай і калечыць гульцоў?

— У нас, дзякуй богу, такога не было, але ў індустрыі гэта частая гісторыя. Усё залежыць ад акцёра: калі ён не адчувае мяжу, калі чалавеку ўжо рэальна балюча, здараюцца праблемы. У людзей могуць застацца гематомы, сінякі і нават парэзы.

Калі чалавек абраў рэжым «лайт» ці «медыум», а акцёр перастараўся і набіў пару сінякоў, арганізацыя прыносіць прабачэнні. Аднак калі праз дзеянні акцёра гулец атрымаў сур'ёзную траўму — парваў цягліцу, зламаў косць, то лячэнне цалкам аплачвае сам акцёр.

— Ці пакідаюць вам чаявыя пасля страшных гульняў?

— Чаявыя залежаць ад таго, як ты камунікуеш з людзьмі пасля квэсту. Калі выходзіш з кіслым тварам — нічога не дадуць. Калі ўсміхаешся, адказваеш на іх пытанні, абмяркоўваеш праходжанне — могуць падзякаваць. Мне пакідалі і 1 капейку на чай, і нават 100 даляраў! Хоць часцей за ўсё, вядома, нічога не пакідаюць.

Нягледзячы на цяжкасці, Максім вельмі любіць сваю працу і нават думае над адкрыццём уласнага квэсту, хоць да гэтага, як прызнаецца хлопец, яшчэ далёка.

Каментары2

  • Бабай
    05.08.2026
    Унук. Які ўжо дарослы.
  • Абу
    06.08.2026
    Ды ва ўсіх мусараў така сама прафесія.

Цяпер чытаюць

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»23

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»

Усе навіны →
Усе навіны

Пуцін стаў пазбягаць паездак у рэгіёны ў еўрапейскай частцы Расіі, куды рэгулярна далятаюць дроны1

Канапацкая апублікавала фота з цэнтра Варшавы23

Што такое тэорыя няправільнага абутку?4

Дачка расійскага генерала, адказнага за мабілізацыю, дапамагае ўхіляцца ад войска за грошы

Пяць ахоўнікаў прыкрывалі Лукашэнку, пакуль ён фатаграфаваўся з вясковай сям'ёй16

Бабарыка расказаў, з якім праектам вяртаецца ў палітыку28

Беларускага Сінюю Бараду адпусцілі з расійскай турмы паміраць дома8

Беларускаму актывісту, які жыве ва Украіне, забаранілі ўезд у Польшчу на 10 гадоў27

Сузаснавальнік бюро Zrobim architects, які жыве ў ЗША, прадае сваю долю ў бізнэсе6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»23

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць