У Кыргызстане на вышыні 4500 метраў знайшлі рэчы зніклых беларускіх альпіністаў
«Побач ляжаць асобныя прадметы, мяркуючы па ўсім, з гэтага ж заплечніка», — напісаў у сваім фэйсбуку сябар хлопцаў Аляксандр Смірноў, які падрабязна асвятляе выратавальную аперацыю.

«На вышыні 4500 метраў знайшлі рыштунак. Працавалі [ўчора] ўвесь дзень. Да абеду было сонца, потым з’явіліся аблокі, увечары пайшоў дождж. Паспелі выканаць два вылеты верталёта і шмат палётаў дрона.
Агледзелі схілы да вышыні 6000 метраў. Якасць здымкі горшая, чым хацелася б: наверсе моцны шквалісты вецер, блізка падысці немагчыма.
На заходнім баку грэбеня, на вышыні каля 4500 метраў, пад грэбенем убачылі заплечнік і аранжавую рэч — спальнік ці куртку, па відэа пакуль дакладней сказаць нельга.
Побач ляжаць асобныя прадметы, мяркуючы па ўсім, з гэтага ж заплечніка. Падобна, што гэта рыштунак аднаго чалавека з групы. Ні хлопцаў, ні іх слядоў вакол і на грэбені не відаць.
Высноў мы не робім. Пакуль карціна такая: рэчы, хутчэй за ўсё, былі згубленыя падчас спуску. Калі б на гэтым участку сарвалася звязка, побач ляжаў бы рыштунак астатніх. Яго няма. Адкуль упаў заплечнік, яшчэ трэба будзе высветліць. Паводле рэльефу, ён мог прыляцець зверху — з крутога ўчастка вышэй за першы лагер, з вышыні 5100—5300 метраў.
Гэты ўчастак — адзін з самых складаных на грэбені. Скалы і лёд, страхавацца амаль няма за што. Нават у добрае надвор’е там пастаянна нешта сыплецца, а ўнізе, пад лавіннымі вынасамі, вялікія расколіны. Таму мы працуем з дапамогай верталёта і дрона, а не адпраўляем туды людзей.
Увечары пошукі спыніў дождж. Цяпер ідзе апрацоўка ўсяго, што было знята з дрона і верталёта. Запісы праглядае асобная група: альпіністы, валанцёры і блізкія хлопцаў. Яны глядзяць кадр за кадрам разам з камп’ютарным зрокам, які падсвечвае на схіле ўсё незвычайнае. Частку сённяшніх знаходак выявілі менавіта так. Дзякуй усім, хто ўчора адгукнуўся і сеў за прагляд відэа — гэта працуе.
Заўтра з раніцы [то-бок сёння — НН], калі надвор’е дазволіць, дрон здыме ўвесь гэты ўчастак у высокім разрозненні: ад грэбеня да месца, дзе ляжаць рэчы. Трэба зразумець траекторыю падзення і вырашыць, дзе шукаць далей.
Верталёт і дрон каштуюць грошай, кожная лётная гадзіна на рахунку.
Афіцыйную інфармацыю пра пошукі мы публікуем на kurumdy.by. Калі нешта з’явілася ў СМІ або сацсетках са спасылкай на неназваныя крыніцы, а ў нас гэтага няма, значыць, гэта не праверана», — напісаў Аляксандр Смірноў.
Трое дасведчаных турыстаў — двое з Беларусі і адзін з Літвы — зніклі ў гарах Кыргызстана пасля ўзыходжання на пік Карумду. 1 жніўня а 10:30 яны падняліся на вяршыню. Ішлі паўночным грэбенем. 2 жніўня паведамілі, што 4 жніўня будуць гатовыя да выезду. Больш сувязі не было. Кіроўца прыязджаў у дамоўленае месца 4 і 5 жніўня, але група не выйшла. Некалькі дзён вядзецца іх пошук.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары